Як у лесе зацьвіталі…
Як у лесе зацьвіталі
Ліпы ды каліна, —
Залатыя сны снавалі
Мы з табой, дзяўчына.
Калыхаліся, шумелі
Вольныя бярозы,
Шапацелі, шалясьцелі
Трысьнягі ды лозы.
*
Як у жыце наліліся
Каласкі нагінна, —
Сустрэліся, абняліся
Мы з табой, дзяўчына.
Мігацелі, зіхацелі
У пракосах косы,
Заміралі кветкі, зельле,
Заміралі росы.
*
Як дасьпела, счырванела
Ягада-рабіна, —
Ўвокал глянулі нясьмела
Мь з табой, дзяўчына.
Верасы пад лісьцем спалі,
Бор зялёны гнуўся,
Недзе пелі ў цёмнай далі.
Журавы ды гусі…
Песьня
Зайшло ўжо сонейка, цень лёг на гонейка,
Ўецца туман сенажацяй,
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
Ў садзік ка мне пагуляці.
Хвілямі шыбкімі ў цені пад ліпкамі
Час нам праходзіці будзе;
Бачыці будуць зоры і месяц,
Бачыць ня будуць нас людзі.
Казкамі дзіўнымі будуць галінамі
Ліпкі шумеці, дзівіцца,
Будзе прыветліва пець салавейка,
Буду — слугой, ты — царыцай.
Радасьцю, ўцехамі пад ліпак стрэхамі
Будзе нам доля ў ноч гэту,
Сэрцавы струны ўдарым каханьнем
На зайздрасьць цэламу сьвету.
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
Ў садзік ка мне пагуляці;
Ўжо зайшло сонейка, цень лёг на гонейка,
Ўецца туман сенажацяй.
Людка
Як Людкі ня бачу, —
Ня міла мне жыць:
I сохну, і плачу,
I сон не бяжыць!
I хатка — ня міла,
Ўрагамі — дружкі,
I сьвет — як магіла,
I ночкай — дзянькі!
Як Людку угледзеў,
Забыўся на ўсё! —
I плач уцёк недзе,
I раем — жыцьцё!
Хоць поўна хмар неба, —
Сьвет-яснасьць адна!
Сам сыты бяз хлеба,
Вясёлай душа!
Забыты ўсе болькі,
Што ходзяць са мной, —
Усё хочацца толькі
Быць зь Людкай-красой…
К ружовенькім шчочкам
Губамі прыльнуць
I песьню аб Людцы
На ўвесь сьвет грымнуць!
Грымнуць — прытуліцца
Да белых грудзей,
Упіцца-забыцца
На сьвет, на людзей!
Мая дзяўчынка
У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне, —
Каласісты вянок жыта —
Коска жычкаю павіта;
Пара пасымкаў мятлічкі —
Броўкі мілыя ў сястрычкі;
Дзьве пралескі — яе вочкі
Ці два ў збожжы васілёчкі;
Яе шчочкі — роўны ў сонцы
Цьвету-ружы ля аконца;
Яе губкі — не калінкі, —
Проста сьпелыя малінкі!
Кветка-лілія з крыніцы —
Шыйка гэтай чараўніцы;
Два букеты зь незабудкі —
Маладыя яе грудкі;
Як хмялёчак небадыльны —
Стан прытульны, перахільны;
Ручкі — хто зраўняўся зь імі!
Так і шчасьце не абыме;
Сэрца… Ўсюды за ім пойдзеш…
Пекла, неба — ўсё там знойдзеш…
У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне.
Жнея
Як сама царыца
У залатой кароне,
Йдзе яна ў вяночку
Паміж сьпелых гоняў.
З каласкоў вяночак —
Моладасьці сьведка —
На ёй зіхаціцца,
Як у садзе кветка.
На грудзях шчасьлівых
Каптанок ружовы,
У руцэ сярпочак
Зублены, сталёвы.
Вецер абнімае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар і вочы.
Каласкі хінуцца
Перад ёй паклонна,
Дзівіцца ігруша
На мяжы зялёнай.