Выбрать главу
А яна — царыца — Весела, шчасьліва Карануе песьняй Залатое жніва.
Сьмела йдзе у сонцы Ўся сама — як сонца, Гэта жнейка наша Ў нашаей старонцы.

Я хацеў бы…

Насьледаваньне з Асныка
Я хацеў бы душу адшукаці такую       I такое хацеў бы я сэрца знайсьці, Што са мной праз жыцьцёвую сьцежку блудную       Захацела б супольна і згодна ісьці.
Вочак пару хацеў бы я мець прад сабою, —       Як у ясныя зоры, ў якія б глядзеў, І забыўся б, што ходзіць маркотнасьць за мною,       I забыўся б, што крыўды цярплю ад людзей.
Адных губак хацеў бы, што мне б саладзілі       Пацалункамі горкую долю маю, Што з-пад сэрца, з душы галасок бы здабылі       I ўсяму падціналі, што ў жальбах пяю.
Я хацеў бы знайсьці ручак беленькіх двое,       Што к сабе прыгарнулі б, пясьцілі мяне, Памаглі б мне змагаціся з чорнай нудою,       А па сьмерці павекі закрылі бы мне.
Я хацеў бы сабе прыгалубіць дзяўчынку,       Маю долю-нядолю дзяліці са мной, З сэрцам чыстым, якую б усякай часінкай       Я любіў бы, туліў і служыў бы якой.
Аднаго толькі сэрца мне трэба, хачу я,       I адной, што мяне б зразумела, душы… Хачу мала, так мала, а доля ня чуе:       Сіратой сам адзін я гібею ў глушы.

Мая жонка

Не хачу я жонкі Не з сваёй старонкі,          Як я — багацейшай,          І як я — мудрэйшай.
Я вазьму такую, К якой любасьць чую,          Што мяне палюбіць,          Як сябе самую.
Будзем зь ёю жыці I долю хваліці,          Весьці лад у хаце,          Дзетак гадаваці.
I так жыць па праве Ў добрай будзем славе,          Покуль хаўтуроў нам          Злая сьмерць ня справе.

Да дзяўчынкі

Не цурайся, дзяўчынка-галубка, мяне! Пажалей, прыгалуб бедака-сірату: Збудзі сэрца, збудзі, — хай навек не засьне, Дабудзь песьню з душы, разгані цемнату.
Не было мне пацех ад людзей, ад жыцьця, Не заглянула сонца у хату маю, — Віхры гналі-гулі без канца, без пуцьця, Ажно долю паганую кляў я сваю…
Ой, так шоў — так сыходзіць мне год за гадком, — А ёсьць шчасьце, ах, ёсьць на бяспутнай зямлі! Гэта шчасьце ў каханьні, ў змаганьні са злом — Дык хадзі ж, не ўцякай — душу, сэрца вазьмі!
Ты і я удваіх станем сьмелай ступой Змагаць гора-бяду, паніжэньне і блуд, Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой За нявольны свой край, за свой змучаны люд!

*** Абнімі ты мяне, маладая…

Абнімі ты мяне, маладая, Абніманьнем гарачым, агністым, Дый памчымся ад краю да краю Вольнай думкай па сьвеце цярністым.
Ў дзень вясёлы мы сонцам пякучым Заіскрымся ў нябесным прасторы, Зь ветрам-сокалам душы заручым, Ў пушчу-лес упляцём загаворы.
Ўночы сумнаю зоркаю глянем На сады, на амшэлыя хаты; Чары-сон навядзём заклінаньнем, Вышлем росы брыльянтныя ў сваты.
Узалоцімся ў сьветлыя сьлёзы, Ў сьлёзы-іскры забраных загонаў; Сьнегам-пухам зардзімся ў марозы, Ўлетку кветкай зайграем чырвонай.
Адну песьню дзень, ночка хай грае Нам, сіротам, па сьвеце цярністым… Абнімі ты мяне, маладая, Абніманьнем гарачым, агністым.

Перад ночкай

Зьмеркла. Цёмнасьць агні пале        У зорак грамадзе: Тайнасьць жуткая — гэт, здаля        У сьвет ідзе, ідзе.
Дагарэла ўжо лучынка,        Спачываці час! «Добрай ночы» сьпей, дзяўчынка,        Сьпей хоць раз, хоць раз!
Запей нотай сэрцу блізкай        А долі маей, Быццам маці над калыскай,        Ты запей, запей!
Пей пацехай, пей разгульна,        Душы не скупі; Мае думкі, жаль няўтульны        Ты прысьпі, прысьпі!