II
Я ня пушчаю сьпяваю
Песьні-казкі аб Дунаю,
Хоць-та сэрца з пушчай рвецца, —
А пад грушаю пахілай,
Што над бацькаўскай магілай,
Граю толькі на жалейцы.
Я ня звон, што час нам ліча
I на веча праўду кліча,
Хоць-та сэрца звонам б’ецца, —
А па шчасьці пахаваным,
Над ракою, пад туманам
Граю толькі на жалейцы.
Я ня вецер вольны, спраўны,
Што пяе свабодай слаўнай,
Хоць-та сэрца к славе рвецца, —
А ў цянётах павучыных,
На расстайных пуцявінах
Граю толькі на жалейцы.
Не на гусьлях звонкіх баю
Аб забраным недзе краю,
Хоць-та сэрца к гусльям рвецца, —
А на спасьвеным узгорку,
Углядаючыся ў зорку,
Граю толькі на жалейцы.
Я ня гром, што сьветы крыша
I людзям законы піша,
Хоць-та сэрца громам б’ецца, —
А паціху, чуць чуваці,
У чужой забыты хаце,
Граю толькі на жалейцы.
Граю, граю і чакаю
Ўсходу сонца з-за Дунаю,
Калі мора ўскалыхнецца,
Калі песьню, гімн вясёлы
Нашым нівам, нашым сёлам
Я зайграю на жалейцы.
Каб я князем быў…
Каб я князем быў ўладарным
Гэтых ніў і хат, —
Быў бы князем гаспадарным,
Вёў бы добры лад;
На пасадным мейсцы б селі
Права і закон,
Праўду вечную ўсе б мелі —
Вечавы свой звон.
Не цягнуў бы я з падданых
Крыўдай соль і хлеб, —
Кожны сам сабе ад рана
Малаціў бы цэп.
Каб я сонцам залацістым
Плаваў над зямлёй,
Быў бы сонейкам вячыстым
Летам і зімой.
Не лажыўся б на разлогі
Непраглядны цень,
Асьвятляў бы ўсе дарогі
Ўночы і удзень.
Гадаваў бы ў вечным цьвеце
Поле і лугі,
Распаліў бы ўсе на сьвеце
Путы-ланцугі.
Каб я рэчкай быў міжгорнай
На зямлі маёй,
Быў бы рэчкай жыватворнай
Для старонкі ўсёй.
Ажыўляючай крыніцай
Быў бы наяву,
Чыстай, шклістаю вадзіцай
Змыў бы сон-траву.
На засушаныя кветкі
Клаўся бы расой
I каціўся б праз палеткі
Сьветлай паласой.
Каб я птушкай быў крылатай,
Пець і лётаць мог,
Быў бы птушкай незаклятай,
Па расе ня сох.
Груганом бы я ня крумкаў,
Не наводзіў сьлёз,
А на крыльлях нашу думку
Да Бога б панёс.
Крыўду-ведзьму нашых межаў
Беднату і цьму, —
Ўсё б папраўдзе, як належа,
Вылічыў яму…
Песьня сонцу
Вольным гоманам хвоек высокіх,
Туманамі санлівых нізін,
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічам, сонца, цябе як адзін!
Распусьці залацістыя косы,
Схаладзелы загон ацяплі,
Аквяці лугавыя пакосы,
Ўсходы новыя сей на зямлі.
Зь непатульнай, пакорнай зямліцай
Заручыся, шлюб вечны вазьмі,
Разьлівайся люстранай крыніцай
Між даламі, гарамі, людзьмі…
Рассыпайся па сёлах, па нівах
Брыльяньцістай ажыўчай расой;
У вясёлках купайся цьвятлівых,
Ласкай сэрца, душу супакой…
Як у сьвята купальскае, сонца,
Свой жывы абнаўляеш паглёд,
Аднаві славу нашай старонцы,
Аднаві яе сумны народ!
Хай нам явары вечныя думы,
Думы-байкі шасьцяць, шалясьцяць,
І нясуцца хай гэтыя шумы,
Па бел-сьвету ляцяць, хай ляцяць!..
Дык глянь з хорамаў вольных, высокіх
Да крывіцкіх туманных нізін…
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічам, сонца, цябе як адзін!
Песьня-байка
З-за далёку, із усходу
Віхар мчыцца ў непагоду,
Байкі сее маладые;
Думка чуе, думка ные…