Выбрать главу
Заплятала у вяночак, Прымярала на галоўцы; Радасьць біла зь яе вочак: Ёй спрыялі кветкі, сонца.
Чуць вяночак не гатовы — Не хапала адной кветкі… Выйшаў хлопец з той дубровы, Хлопец пекны, стройны гэткі.
Удваёчку ўжо шукаюць Кветкі ў буйнай сенажаці, Толькі дзе знайсьці — ня знаюць… Сталі ў вочы заглядаці.
Так хадзілі ўсё далінкай; Сонца зь імі ўсьлед хадзіла, Аж вяночак свой дзяўчынка Недзе ў лузе загубіла.
Клопат… Бедная ня знае, Ці ёй плакаць, ці сьмяяцца? Кветкі — ўпрочках, — хлопца мае… Надало ж так памяняцца!
Ходзе, траўкі не зачэпе… За вянок — дзяцюк прыгожы; А што горай? а што лепей? Бабка надвае варожа.

Ястрэб

Дзе голуб з галубкай варкуе, сядзіць, З-пад неба хмурлівага ястраб ляціць,          I кіпці запусьце ў галубку ён сьмела,          I выгрызе сэрца, і кроў высьсе зь цела.
Дзе шчыра дзяўчынку дзяцюк палюбіў, — Прыйшоў стары зводнік, дзяўчынку адбіў;          Як ястраб з галубкай, так цешыцца ўволю,          Паганячы славу — дзявочую долю.
Няма ўжо галубкі, прыўныў галубок, Сядзіць, не варкуе; як мёртвы, замоўк:          Па любай сваёй у вялікай жалобе,          Чакае, аж ястраб і зь ім тое зробе.
Няма ўжо дзяўчынкі; сум хлопца гняце, У сэрцы глухі жаль, як рана, цьвіце;          Дзе пойдзе, дзе гляне, стогн рвецца маркотны:          Адзін ты, адзін, небарача гаротны!
Галубкіны косьці разьвеяла бура, К другой свае вочы стары зводнік жмура,          Галуб жа, дзяўчынка і хлопец, як дзеці,          Бядуюць, што ястрабаў так шмат на сьвеце.

Хмарка і Маладзік

Над задумаю ніў Маладзік бледны плыў, Дзіваваўся з жыцьця, Што ўнізе без пуцьця         Спала сном нежывым.
Хмарка свой бледны лік, Дзе лунаў маладзік, Ціхавейна ўзьняла, Шопат-сказ павяла         Так з суседам сваім:
— Маладзенькі ты мой, Абніміся са мной, — Паплывём, паляцім, Каб было абаім         Вольна, весела нам!
Будзем цені снаваць, Бледнатой спавіваць Мёртва-сьпячу зямлю, Зь ёй заводзіць гульню —         Сеяць сум тут і там.
З вутлых сетак, як цін, Я сплялася з краплін, I мяне — сірату, Як плыву ў высату,         Страшыць сонца ня раз.
А ты — лепшай душы, Жаль ка мне акажы; Буду цешыць цябе Я ва ўсякай журбе, —         Дык прымі ў добры час…
Маладзік зьвесялеў, Падміргнуў ціха ей: — Маладая мая, Выглядаў цябе я         Ўжо даўно ў вышыне.
Я тут — сам — адзінок, Як бы той каласок, А ты, хмарка-імгла, Мне нуду разьвяла, —         Прытуліся ж ка мне…
Ты — царыца, я — цар… На зямлі молад, стар З-пад наплеценых пут Нам зайздросьціць жа тут         Будуць зь веку у век.
Мы і ночкай, і днём То ўсплывём, то сплывём Вольна так, згодна так I ўжо волі ніяк         Не дадзім мы на зьдзек.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Абняліся яны, Як вясеньнія сны, I гуляюць адны Ад вясны да вясны         На сум вечны людзям.
Цені-сеткі снуюць, Песьню-змову пяюць: — Паплывём, паляцім, Каб было абаім         Вольна, весела нам!

Русалка

Дайце галінку, дайце павесіцца Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне! Вы яе гналі, вы яе мучылі, Дайце ж хоць сьцежку беднай к галіне!
Дайце, як сьледна, зь ветрам нацешыцца Вольна, прывольна ў тайнай мясьціне; Стуль, каб ёй болей не надакучылі, Скочыць з галіны, скрыецца ў ціне.