Ў ціне, як бледны месяц засьвеціцца,
Будзе русалка плаваць, круціцца;
К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,
Выйдзе і сядзе зь ёй над крыніцай.
I лесавік к ім выпаўзе братацца
З пушчы махнатай, сам весь кудлаты.
Шлюб неразлучны дасьць ім, малодзенькім,
Зграе вясельле вецер крылаты.
Пойдзе гульня у іх мёдам салодзенькім,
Разьвесяляцца, чары завесяць;
Вецер, лясун, русалка з вадзянікам,
Пушча, крыніца, ночка і месяц.
Казку аставяць дзіўную згнаньнікам.
Страх баязьлівым кожны зь іх кіне;
Сум маўчалівы там раскудзесіцца,
Песьню аб гэтай зложыць мясьціне.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Дайце ж галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!..
IV. Наша вёска
Наша вёска
1
Горы ды каменьне,
Вузкія палоскі:
Гэта наша поле,
Поле нашай вёскі.
Курныя ваконцы —
Каб сьвятла хоць трошкі:
Гэта нашы хаты,
Хаты нашай вёскі.
Лапці ды сярмягі —
Як абраз ня боскі:
Гэта нашы людзі,
Людзі нашай вёскі.
Карчмы ды астрогі,
Крыжыкі, бярозкі:
Гэта наша доля,
Доля нашай вёскі.
2
Вёска, о ціхая вёска мая,
Колькі ты зносіш няшчасьцяў,
Колькі бед зносіць сямейка твая,
Колькі дарэмных напасьцяў!
Цёмныя ночы абселі цябе,
Скрылі дарожкі-пуціны.
Марная ўрода па ўсякай сяўбе,
Крывы, убогі хаціны.
Летам труд цяжкі, хваробы ў зіму;
Родзіць магіла магілу;
Зь сьвечкай прайдзі, страсяні старану:
Смокча бясхлебіца сілу.
Мучысься, вёска, няпраўдай старой…
Рукі працягнеш з надзеяй:
Неба заплача халоднай слатой,
Вецер уздохі разьвее.
Вецер і моц, знаць, табе прынясе
Зь песьняй магучай, як воля,
Што перастоіш палацы ты ўсе,
Станеш да бою зь нядоляй.
3
Там, за лесам-борам,
На апецы боскай,
Як нядолі сьведка,
Села наша вёска.
Ёй няма спачынку,
Ёй няма пацехі,
Крышыць, ломіць вецер
I платы, і стрэхі.
А хоць і няўдала
Выглядаюць хаты,
Ходзяць к ёй у госьці
Бедны і багаты.
I ўсё б чыста зь вёскі,
Што маглі, забралі,
А што ж далі вёсцы?
Гэй! скажы, што далі?
Далі тую долю,
Што ўсе праклінаюць,
Далі тую волю,
Што ў няволі маюць…
Мужык
Што я мужык, усе тут знаюць,
I, як ёсьць гэты сьвет вялік,
Зь мяне сьмяюцца, пагарджаюць, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Чытаць, пісаць я не умею,
Ня ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
I сьвята рэдка калі знаю, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Галеюць дзеці век бяз хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Ня маю грошы на патрэбу, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык, —
Працую, як той вол рабочы, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Як хвор ды бедзен — сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я бяз доктара лячуся, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Што голы я, павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
I, як сабака, сьвет пакінуць, —
Бо я мужык, дурны мужык.
Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.
I кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць! — бо я мужык!