Аб мужыцкай долі
1
Дайце скрыпку мне маю.
Дайце мне мой смык!
Я зайграю, запяю,
Як жыве мужык.
Глянь: вялікае сяло —
Ветрам хоць разьвей,
Завяло ж там, завяло
Бяздольле людзей!
Бачыш, быццам чалавек,
Векам малады:
Сьлёзы лезуць з-пад павек,
Гнецца ад бяды.
Сіла згублена ў палях,
Сышла ні за грош,
Дыхавіца у грудзях,
У каленях дрож.
Колькі слава і рука
За жыцьцё цярпіць!
Адно доля бедака
Сном вячыстым сьпіць,
За ўсю працу, за ўвесь труд,
Зьвярнуцца к каму?
Камень голы там і тут
Платаю яму.
Летам выаздабе ў пот
Мачыху-зямлю, —
Увосень схопіць недарод
За работу ўсю.
Зімой — холадам зь сям'ёй
Воўкам завядзе,
На паліцу зуб вясной
З голаду кладзе.
Так ідзе за годам год,
I не паглядзіш —
Ачапіў Мікіту звод,
Лёг пад белы крыж.
2
Кепска жыці! дый што зробіш?
Цярпець мусіш як-нібудзь,
Грош заробіш, два праробіш,
Кроў, пот, сьлёзы век цякуць.
Няма ботаў — лапці носіш,
Абы толькі стала лык;
Штось украдзеш, штось заробіш,
Вось і сыт я, гад, мужык.
Ў тры пагібелі гну сьпіну
Перад тым, хто сьсе мой пот;
Скажаш праўду — як скаціну,
Цябе злаюць на ўвесь род.
Цэлы век безь перарыву
Гараваў, ракой пот цёк,
I вось — дайцеся ўсе дзіву —
Я ад беднасьці ня ўцёк.
Голы, босы хадзіў дзіцем, —
Цяпер стар, і ўсё ж ня ўскрос:
Паглядзіце, пасудзіце —
Я таксама гол і бос.
Скора з чэрвямі сам-насам
Сьмерць папрэ жыць бедака,
Вы ж ці глянулі хто часам
На магілу мужыка?
Варта глянуць: крыж яловы
Пахіліўся, мохам зрос;
Насып, знаць, калісь дзярновы,
Дажджавы ручай разьнёс.
Замест ружаў, геаргіняў —
Крапіва, лаза, палын,
А пад імі ў дамавіне
Ляжу я — нядолі сын.
Спачываю, пазабыты
I чужымі, і сваймі…
О, цяпер адзет і сыты!
Жыў зь зямлі і сьпі ў зямлі.
Над мной восеньню слатлівай
Ды зімоваю парой
Гудзіць вецер жаласьліва
Песьняй гораснай такой.
Вецер сьвішча, вецер стогне,
Жальбы шле ў выцьці дзіком,
Можа, сэрца чыё дрогне
I ўздыхне над мужыком.
3
Сагнуўшы плечы ў крук,
Араў зямлю Паўлюк,
Як чорны вол варочаў,
А з дня ў дзень, з году ў год
За плот шоў ўвесь прыплод,
Сам днём блудзіў, як ночай.
Так выйшла ўся моц з жыл, —
Араць ня стала сіл,
Настаў канец дакукі…
З касою сьмерць прыйшла,
З сабой весьць прынясла:
Пара складаці рукі!
Ўзяў шлюб зь зямлёй Паўлюк,
Ня гне ўжо плечы ў крук,
Быдлём ня чэзьне болей.
Памёр і не спазнаў,
Што на чужых араў
Ўвесь век чужое поле.
4
За сахой, бараной,
За сярпом і касой
З дня на дзень, з году ў год
Сьлёзы, пот лье народ,
А за гэта за ўсё
Што ж здабыў за жыцьцё?
Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяём,
Хлеб наш людзі ядуць,
Мы ж мякіну жуём!..
З тапаром і пілой
Маразянай зімой
З дня на дзень, з году ў год
Шуркі ставіць народ,
А за гэта за ўсё
Што ж здабыў за жыцьцё?
Гэй, го-го! Гэй, го-го!
Мы жывём і пяём,
Аграваем другіх,
Самі холад клянём!..
На палац, на пакой
На сьпіне на худой
З дня на дзень, з году ў год
Бэлькі носіць народ,
А за гэта за ўсё
Што здабыў за жыцьцё?