Выбрать главу

8

Нашто хлеб, нашто багацьце, Калі нам мякіны хваце? Нашто боты, чаравікі, Калі ёсьць лаза і лыкі? Нашто век зямлі хацеці? Памром — сажань будзем меці! Нашто новыя нам хаты? Казна, двор і так багаты. Нашто сьвет навукі шчаснай, Калі сьлёзы сьвецяць ясна? Нашто лек на гора болькі, Калі маем манаполькі? Нашто знаці ўсяго многа? I так трапім да астрога!..

На прадвесьні

…I сівер ледзь хаткі ня зьверне, I сьнегу ані не ўбывае, А тут у сьвіронку — ні зерня, Апошняя бульба ўцякае!
I сена няма ад Грамніцаў, Саломкі той зараз ня хваце; Кабылка падбегчы баіцца, Кароўка ня хоча ўставаці.
Даведаўся ў двор і да сына — Ня служцы куток свой карміці! I больш не даюць з магазына, Няма дзе рубля зарабіці…
Нялёгка на сэрцы, нялёгка! Дум чорных ня збыцца дзень цэлы… А так яшчэ траўка далёка, Калі ж і той колас насьпелы?!

Аратаму

Ну, годзе ўжо спаці! глянь: сьветла ўжо ў хаце,       Вясна заглядае ў вакно; Ўжо птушка сьвяргоча, ўжо лісьцік шапоча,       Цябе шнур чакае даўно.
Хай сошка крывая, кабылка худая       I ты сам, крывы і худы, Пацягнуцца ў поле, на тое прывольле,       На тыя прадзедаў сьляды.
Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты!       Ты ў крыўду ня даўся б другім: Знай, шмат каму трэба з тваёй працы хлеба,       Дый сам ты галодзен зусім…
Дык выпрамся ж трошку, дый жыва за сошку,       Ды ў поле — к вялікай арбе! Бач, можа, і долю ў няўродлівым полі       Ты выараш, братка, сабе…
Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі —       Любі сваю ніву, свой край I, колькі ёсьць сілы, да самай магілы       Ары, барануй, засявай!..

Араты

Цягнецца араты За сахой крывой. Конік сьлепаваты Трасе галавой.
Бразджыць, скача сошка То на пень, то з пня… Цяжанькая ношка, Араты, твая!
Стаў з трудоў гарбаты, Хоць яшчэ ня стар, Падбел пабіў пяты, Загарэў ўвесь твар.
I ногі, і рукі Крывыя дрыжаць; Зь якой, ах, прынукі Мусіш гараваць?
Што цябе ганяе Так трудзіцца век: Ці доля такая, Ці зьвер-чалавек?
Ну, ідзі, араты, Гэй, далей ідзі! Шнурок вузкаваты Ары, не глядзі.
Ў сыру зямлю прутка Сошку закладай, Каня пугай хутка Гані, паганяй.
Скібіну ў скібіну, Загон у загон, Вылі дзесяціну, Не лічы варон!
За кожным зваротам Баразну ральлі Палівай ты потам, Сьлязіной палі.
Змогся. Час прысесьці, Аддыхнуць, дружок… Нясе жонка есьці Цэлы спарышок.
Ну, што, баба, гэта Хлеба не нясеш?.. Ці ж на то ўсё лета, Араты, арэш?
Ці ж на тое трэба Ліці табе пот, Каб есьці бяз хлеба Лебяду, асот?
Ці ж на тое ў полі, Хоць душой замры, Б'есься без патолі З зары да зары?
Доля твая, доля! Дзе ж яна расла? На чыстае поле Хіба уцякла!
Ой ты, мой араты, Хмары ты хмурней: Зь цябе сьвет багаты, Ты ж усіх бядней…

Касцам

Дзе вы, брацьці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы?         Гэй, дакуль на вас трэба чакаць? Час вам косы кляпаць, час вам на сенажаць,         Час вам сілу сваю паказаць!
Пакуль згіне раса, хай засьвішча каса,         Няхай вале ў пракосы траву; Няхай прыйдзе канец на сівец, на званец, —         Хай пазнаюць усе грамаду!
Сонца паліць агнём, пот ліецца цурком…         Гэй, прывыклі да гэтага вы! Як вы толькі ўзрасьлі, к працы цяжкай ішлі,         І ніхто не жалеў вас ані!