Пот ліецца цурком, — абмахні рукавом
Дый касой замахай весялей,
I з упаўшай грудзі песьню сьлёз завядзі
Песьню родную долі сваей!
Песьню пей і касі, пакуль ясныя дні,
Пакуль хмараў на небе няма;
Зямля, плуг і каса — гэта наша краса,
Гэта наша пацеха адна!..
На сенажаці
Чуць на небе зара
Занімаецца,
Ў курнай хаце мужык
Падымаецца,
Цягне сьвітку з пала
Прапацелую,
Цягне лапці з калка
Скарчанелыя.
I касу ён бярэ
Адкляпаную,
I жарсьцьвянку нясе
Дзераўляную.
Так на луг ён ідзе
Свой някошаны,
Зь песьняй топіць касу
Ў траве зрошанай.
Яго сілу ў касьбе
Відаць моцную,
Дый у песьні сьлязу
Чуць гаротнага…
За касой
Кожны раз, як жывой муравой-дываном
Лета высьцеле луг, сенажаць, —
Косы сьвішчуць, зьвіняць над ракой за сялом,
За касой касцоў песьні чуваць.
Ясна косы блішчаць у цьвітучай расе,
Высьцілаюць пракос у пракос;
Песьні зь ветрам шумяць, пушча водклік нясе, —
Пушча слухае песень і кос.
Шле яна свой адказ ад капцоў да капцоў,
Заміраючы ў вечнай жальбе;
Ці даждуся калі кос і песень касцоў
На другой, на вялікай касьбе?..
Зажынкі
Натачы, кавалёк,
Вострым-востра сярпок,
Адпусьці, назубі, загартуй;
I ляшчынкі кусок
Адпілуй, кавалёк,
Нову ручку вазьмі дарыхтуй.
Насьпяліўся шнурок,
Б'е паклон каласок,
Спаважнеў, пасівеў, шалясьціць.
Пойдзе ходам сярпок,
Туды-сюды, скок-скок!
За сяло пабяжыць, пабяжыць.
Страшыў ніўку грамок,
Сухата і дажджок;
Птушка колас ляцела кляваць;
Шлі заломы, урок, —
Не збаяўся хлябок! —
Памажы, Божа, толькі зажаць!
Ляжа сноп у снапок,
Стане мэтлік, крыжок,
Не акіне і песьня шнурка!
Будзе рад бедачок
Звозіць скарб у тачок, —
Вось яна, з мазалямі рука!
Жнеям
Красаваў, наліваўся
I дасьпеў шнур мужычы;
Час вам, жнейкі, на бітву!
Постаць кліча, ой, кліча.
Сонца ўзыдзе і зайдзе,
Не кідае зямелькі,
Правядзе і спаткае
Ў поле, з поля вас, жнейкі.
Выйшлі з хатак за вёску,
Гнуцца, бедныя, ў полі,
Толькі песьню чуваці
Іхняй долі-нядолі.
Жніце, жніце, галубкі,
Сваю радасьць і сьлёзы!
Трэба многа нажаці —
Прыйдзе зімка, марозы:
К той прытуліцца братка,
К той — маленькі сынулька,
А ўсё хлеба, ой, хлеба
Дай, сястрыца, матулька!
Ходзяць хмары па небе
Зь нейкай дзіўнай трывогай;
Чутна жнейкіна песьня,
Нуды ў песьні той многа.
Хто зьлічыў тыя каплі,
Што нам неба прыносіць?
Хто прыслухаўся, людзі,
Аб чым жнейка галосіць?!.
Жніво
Годзе, жытцо маё, годзе, насьпелае,
З хмарамі, з бурамі знацца, дружыць;
Годзе шумеці думкі нясьмелые,
Годзе загоны сабой харашыць!
Жнеяў прышла во дружына вялікая,
С песьняй за дзела ўзялася сваё;
Серп, як маланка, ўскок бегае, сыкае,
Глуха снапамі кладзецца жытцо.
Сталі ў калючым аржонні с павагаю
Мэтлікі шнурам адзін за адным;
Сэрцэ забілось надзеі адвагаю:
Ёсьць на што глянуць, пацешыцца чым.
Эх, заплаці-ж, дабрыцо, ты аратаму
За яго ў полі ўвесь труд над табой:
Дай ты багацьце яму небагатаму—
С клеці ня зводзься ягонай пустой.