Выбрать главу

Зімовая ноч

Каля зоркі зорка Ўніз глядзіць, мігціць; Каля горкі горка Сьнегам зіхаціць.
На гасьцінцы скрогат, На прысадах інь, Чутна воўчы рогат… Глуш, дзе вокам кінь.
Цягнецца каняжка, Сані — за канём; Янка пад сярмяжкай На санях клубком.
Сіверна, марозна, Забірае дрож, Пырхае трывожна, Толькі жыў гнядош.
Неба залаціцца, Пад санямі шум; Многа Янцы сьніцца Ў гэту ночку дум…
Аб спакойнай вёсцы, Аб кутку сваім, Аб вясьне, аб сонцы, Аб жыцьці другім.
Міла ў думках брэдзе, Цешыцца праз сон, Але ці даедзе? Ці даедзе ён?..

Зіма

1

На марозе, на мяцеліцы Прынёс сівер зіму срогую; Людцы песьняй не вяселяцца, Ўхаты крыюцца з трывогаю.
Ўсё замёрзла пад пялёнкаю Сьнегу белага, халоднага; Страх мець холад над старонкаю Для убогага, галоднага!
Ня плач, бедны, сьлязой горкаю! Да вясны трэба памучыцца: Ўзойдзе доля новай зоркаю, I няшчасным папець лучыцца.
Мей надзею ў сэрцы ясную, Што ня век зіма паношыцца, I бяз жальб, што шлеш напрасныя, Сьлёзы высахнуць па крошачцы.

2

Белы стрэхі, бела поле; Змоўкла птушак сакатаньне. Гайда, Янка! Вось раздольле! Кінь калёсы — выладзь сані!
Заскакаў мароз па сьценах, Віхры ў коміне галосяць; Дроў у хаце ні палена, Дзеці, жонка есьці просяць…
Не пужайся гэткіх хмураў: Шмат у горад шурак трэба; Хай жа дрогне лес пануры, — Папрасі сякерай хлеба!
Гайда, жыва! Што ня ўмеру Там трасесься, як у трасцы? Насталі сваю сякеру, Хай у пушчы стук раздасца!..
Ты худы, кабылка худа — Хвойку вывезьлі, аж міла! Даказалі-такі цуду: Конь, мужык на сьвеце — сіла!

Хто ты гэткі?

Хто ты гэткі?       — Свой, тутэйшы. Чаго хочаш?       — Долі лепшай. Якой долі?       — Хлеба, солі. А што болей?       — Зямлі, волі. Дзе радзіўся?       — Ў сваёй вёсцы. Дзе хрысьціўся?       — Пры дарожцы. Чым асьвенчан?       — Кроўю, потам. Чым быць хочаш?       — Ня быць скотам…

Ці ж гэта многа?!

Ад сьвету, ад Бога Жадаю нямнога:
         Зямелькі з валоку,          К ёй шнур неўдалёку,          Зь сьвятлічкай хацінку,          За жонку дзяўчынку,          Кусок салца к хлебу,          Рубля на патрэбу,          Здароўя чым болей,          Крыху долі, волі —
I ўсё! больш нічога… Ну, ці ж гэта многа?!

*** Праз што плачаш, мужычок?

Праз што плачаш, мужычок?       — Празь людзей і неба.
Чаго хочаш, мужычок?       — Трохі солі, хлеба.
Калі шчасьліў, мужычок?       — Як водкі нап’юся.
Калі грозен, мужычок?       — Як з жонкаю б’юся.
Праз каго сыт, мужычок?       — Праз свой труд і сілу.
А ня ў крыўдзе калі ты?       — Як лягу ў магілу.

Песьня сіроткі

Трэба мне, сіротцы, доля.         Ой, трэба: Няма хаткі, няма поля         І хлеба.
На тым сьвеце бацька, маці         Ў магіле, — Сама я запрацаваці         Ня ў сіле.