Выбрать главу
Растапілісь гурбы, Зачарнелі скібы, — Гайда, безьзямельнік! Пашукай сялібы!
Шмат зямлі на сьвеце, Шмат на сьвеце хатак, — Толькі безьзямельных Мінуў гэты датак…
Скідае куточак, Азярняціць поле, — Бач, пагналі далей, Гоняць без патолі!
Пхнецца безьзямельнік, Стогне, уздыхае, — Падпякае сонца, Дожджык палівае.
Вецярок калыша, Як галінку тую, Песеньку заводзіць, Як жыцьцё, старую…
Не ўздыхай, мой родны! Знойдзеш, — прыйдзе сьвята: Слаўным, роўным станеш Зь бедным і багатым!
З чатырох дылёвак Будзеш мець мясьціну, На век вечны поля Роўна тры аршыны.
Ляжаш там, заляжаш, Бедачок сярмяжны, У дзянькі і ночкі Ціха і паважна…
А цяпер, сягоньня, Па лясах, па скібах, Гайда, безьзямельнік, Пашукай сялібы!

5

Паляці ты лесам, полем, Голас неразьвейны, Аб той долі ці нядолі, Долі безьзямельнай.
Ці ж ня пан я, не вяльможны? Бойцеся вы Бога! Нават злодзей, на ўсё сквапны, Не ўкрадзе нічога.
Маё поле, мае гоні — Воблакі сівыя, Маё стадка, мае коні — Хмары вараныя.
Маё поле арэ вецер I пасе скаціну, Што бушуе падчас лішне Ў летнюю часіну.
Мой палац, хто ведаць хоча, — Неба прастор гэты, Што ўдзень сонцам, зормі ночай Сьвеціцца адзеты.
Ніхто не пераарэ мне Мяжы ў маім полі, Там падаткаў не плачу я Нікому, ніколі.
Як узойдзе маё поле, Высокая ніва, Туды мчацца мае думкі Па сваё па жніва.
Мчацца думкі, зьвіняць песьні Вольна, неразьвейна Аб той долі ці нядолі, Долі безьзямельнай.

6

Ой, скажы ты, безьзямельнік,       Вашэці, Скуль ты ўзяўся, бедачына,       На сьвеце?
Ці скрасілі цябе лёды,       Марозы? Ці вылілі цябе воды       Са сьлёзаў?
Дзе ўзрастаў ты, безьзямельны,       Хаваўся? Пад якой страхой, мазольнік,       Бадзяўся?
Ці пад плотам-частаколам       Багатых, Ці на прызьбе родных сёлаў,       Пад хатай?
Хто атуліваў малога       Ў пялёнкі? Хто пеў песьні пры калысцы       Ў пацёмкі?
Ці то вецер, што бяз толку       Галосіць I зь бядачых хат саломку       Разносіць?
Чым ты хрышчан, які меў ты       Адзетак? Чым кармілі цябе людзі       Шмат летак?
Ці то плотам, зьнемажэньнем       Нязьменным, Ці то крыўдай, паніжэньнем       Штодзенным?
Хто вучыў цябе, малога       Як дзіцяцю, Як шукаць на сьвеце долі,       Багацьця?
Ці паводкі, што сьвет рыюць       Вясною, Ці мяцеліцы, што выюць       Зімою?
Ой, чаго ты спадзяваўся       Ад сьвету, Як зьявіўся на зямельку       На гэту?
Ці карчомкі таёй п'янай,       Гуляшчай, Ці цямнічкі акаванай,       Лядашчай?
А як сьмерць на цябе, мілы,       Надойдзе, Дзе магілка твая будзе,       Крыж твой дзе?
Ці ў чужым далёкім краі,       Ў няволі, Ці пад родным лесам, гаем,       У полі?
Ну, дакуль жа ты ўсё будзеш       Марнеці Без прыпынку, без пацехі       На сьвеце?
З дня на дзень бядак чакае       Ўсё сонца, — Раса вочы выядае       Бясконца.

7

Ох, як гляну, гляну я На жыцьцё паганае, Ціснуць думы знаныя, Жалем выліваныя.