Выбрать главу
У цябе, саколіка, Ані свайго полейка, Ані свайго воліка, Ані свайго століка.
Ходзіш ты вячорамі Зь ціхаю пакораю, Бачаць неба з зорамі, Полейка з разорамі.
I клянеш напэўнае Гора не разьвейнае, Долю пустасейную, Долю безьзямельную.
Толькі думы думныя Чуюць хмары буйныя, Хвойкі, елкі шумныя Дый ня людзі чуйныя.
Вось, як гляну, гляну я На жыцьцё паганае, Бачу ўсё мне знанае, Сьлязьмі паліванае.

8

Дзе мой дом, дзе ты, хата мая, Дзе загон хлебадайнай зямлі? Сам — зь бядой, ні жыцьця, ні пуцьця! Знай, гаруй ды магілку хвалі.
Дзень і ноч нада мной, сіратой, Стогне, сьцелецца стада хмурын, Дзень і ноч то сьлязой, то крывёй Сьцежку росіш адзін, сам адзін!
З году ў год злыдні з кута ў куток Пруць у сьвет, сьвету знаць не даюць; Як вятрышчы сарваны лісток, Падхапілі, нясуць і нясуць.
Знай, нясуць, вось скруцілі, згнялі, А ўсё пруць, усё ў сьвет, на той сьвет; Вось і звон, шмат званоў… Загулі… Бач, труна, пры труне адзін дзед.
Жыў, ня жыў, шчасьця знаў, не зазнаў, Палажылі ў дамоўку — ляжы! Дайце ж камень на грудзь, каб ня ўстаў Безьзямельнік, гаротнік сьляпы!..

V. Сваім і чужым

Ужо днее…

З-над сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежы, Суседзі, суседкі, вітаю я вас! Блудзіла я доўга па рытвах, па межах, Аж сьцежку-дарожку знайшла во хоць раз.
Хоць, пэўна, вы знаеце, хто я такая, Якім правам тут перад вамі стаю, Дзе дом мой, народ мой, — зь якога я краю, — Паслухайце смутную повесьць маю.
З канца у канец, дзе загнанае слова Зьвініць беларуса, — ўладаньне маё; Шмат сотняў таму лет у хаце вясковай Ўзяла і праводжу сваё я жыцьцё.
З-пад гэтай хаціны па выдмах нязнаных Ганялі, чаго не згубіла, шукаць. Глядзіце: во рукі і ногі у ранах, А раны на сэрцы — каму ж іх паняць?!
Па грудах, каменьнях хадзіла я босай, Крывёю чырвонай дабрыла зямлю; На шаты мае паглядалі з'укоса I песьню з насьмешкай віталі маю!
З балотам мяшалі, пагардай плявалі Ўсе тыя, што вырасьлі нават са мной! З маім людам згінуць навек мне казалі, I страшна было мне так жыць сіратой!
За сошкай, за коскай, зь сярпом і зь сякерай Я шла-валаклася, дзе шоў мой народ; Заплатай было, што ён часам мне верыў I думкі снаваў аба мне з году ў год.
Шлі векі. Магіла лягла пры магіле, — Вада змыла наспы, крыжы пагнілі; Гаротнасьцяй зможаны, ў крыўдзе, ў бясьсільлі Там прадзедаў косьці бяз часу ляглі.
Шлі векі. Хрэст брала народнай сьлязою; Між віхраў, і бураў, і холаду зім Зь людской неразлучны ўзяла шлюб бядою, I тузаюць мной, як народам маім.
Здушылі мне голас на родных на нівах; Крыж цяжкі упадку з народам нясла, I думаў чужынец, што ўжо я няжыва. Ня верце! Жыву, як ад векаў жыла!
Я ўсё, колькі сілы, змагала, ўставала! Я жыва! Народ мой са мною, пры мне! Я ўсё перанесла і выйшла я з хвалай, Я сільна, я вечна ў сваёй старане!
Прайшло засьляпеньне, мінае трывога; На небе ўжо новая відна зара. Шырок прада мною гасьцінец-дарога. Ўжо днее! ўжо днее! — к сваім мне пара!

Роднае слова

Пад навалай крыўдаў многія сталецьці Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця. Мы нясьлі — ўсё ныла, гінула памалу, Аж ня нашай наша Бацькаўшчына стала.
Не для нас сасонкі нашы зашумелі, Не для нас пасевы нашы зарунелі; Адно ты нам, слова, засталося верным, Каб вясьці з упадку к радасьцям нязьмерным.
*
Каб вясьці нас, як мы век свайго сумленьня Не заклеймавалі помстай, зьніштажэньнем, — Мы калі ўміралі, то ішлі на муку Для чужой карысьці, пад чужой прынукай.