А ён, ня знаючы граніцаў,
Ішоў, хістаючысь наўслонь;
Агонь біў толькі з-пад зраніцаў,
Вялікіх праўд сьвяты агонь.
Душа палала дзіўным жарам,
Бы з зораў выснутая ніць,
Што сьвет магла б сваім пажарам
Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.
Ужо з сваім аклічным словам
Прарок далёка быў вядом,
Народу шмат збудзіў к дням новым,
Даў славу братнюю братом.
Аж так дасяг — аквечан хвалай —
Зямлі забранай сумных хат,
Дзе царства цемры панавала,
Дзе сілу ўзяў над катам кат.
Народ змарнеўшы таго краю
Свайго на'т імені ня знаў,
Як непатрэбшчына якая,
Гібеў на сьвеце і канаў.
Галовы людзі пахіліўшы,
Зямлю капалі, як краты,
Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы
Усе жаданьні яснаты.
Прарок — пасол сьвятла — ў загону
Людзей убачыўшы такім,
Маячыць стаў ім, як шалёны,
Прарочым голасам сваім:
«Паўстаньце, рабскія натуры,
Пакіньце свой адвечны сон,
Загаманіце віхрам, бурай,
Каб ажна дрогнуў ваш палон!
Глядзіце: прадзедавы косьці
Ў зямлю калісь за вас ляглі,
А вы, як збэшчаныя госьці,
Пракляцьцем сталі той зямлі.
Дзе вашы песьні жыватворны?
Дзе ў вас прарокі й дудары,
Што над пагібельнасьцяй чорнай
Віталі б полымем зары?
Забылі ўсё, згубілі долю,
Зьмяшалі славы цьвет з гразёй
I запрадаліся ў няволю,
З душой і скурай счэзьлі ў ёй.
Пара у рукі браць паходні,
Ўставаць, ісьці, ноч расьсьвятляць!
Бо што ня возьмеце сягоньня,
Таго і заўтра вам ня ўзяць.
Назло крывавым перашкодам
Скідайце ёрмы, клічце сход,
I дайце знаць другім народам,
Які вы сільны йшчэ народ!
За мной, за мной, забраны людзе!
Я добрай доляй послан к вам
I знаю, што было, што будзе,
I вас у крыўды не аддам».
Так гаварыў і з рабства клікаў
Людзей на волю той прарок,
Ждучы з трывогаю вялікай
Ад іх адказу неўнарок.
А людзі, глянуўшы на сонца,
Адказ казалі грамадой:
— Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
Дудар
На кургане на адвечным,
Пад асінай векавой,
Сеў дудар, сагнуўшы плечы,
З пасівелай галавой.
На дудзе, на самагудзе
(А дуда — як веча звон)
Духам кліч пускае ў людзі —
Песьня ў песьню, тон у тон.
Як жывая, рвецца песьня,
Лесам-пушчаю шуміць,
З забыцьця зьмятае плесьню,
Мох зь мінуўшчыны ляціць.
Сьлед за сьледам ройным роем
Цені даўнага кладуць…
Князь за князем, бой за боем,
Як сягоньня, ў ход ідуць.
Роднай Бацькаўшчыны долю,
Як у люстры, бачыш так.
Долю-волю у бязвольлі,
Што сышла, ідзе няўзнак.
Гоман-славу, чорнай хваляй
Што зьбіралі курганы,
Белы косьці, што гублялі
Беларускія сыны,
Што сабе кавалі путы,
Ў бітвах мручы за другіх…
Як бы модлы і пакуты
Ўсіх — і наскіх, і чужых.
І сягоньняшняй праявай
Звоніць шчасьце небарак,
Што са славаю за славу
I памерці няма як.
I у будучыну гляне
Думкай песьня дудара,
Зь непрывычным запытаньнем:
Ці прачнуцца не пара?!
Так даўно у нас ня й гралі,
Дзіў адно плыве і чар,
Штораз вышай, штораз далей, —
Знаць, бывалы ён дудар.
Старасьвецкі ён музыка,
Важна толк вядзе ў дудзе,
Важна доляю вялікай
I свабодаю гудзе.
На курганавым каберцы
Нечувалае чуваць,
Што ўсё можа толькі сэрца
Беларусава паняць.
З мінуўшых дзён
Перайшло, мінула,
Што калісь жыло,
Ў курганох заснула,
Зельлем зарасло.
Пад магіл навалай
Дрэме Русь, Літва, —
За той тая з хвалай
Легла галава.
Не гудзе ў павазе
Голас вечавы,
Не шукаюць князі
Славы і бітвы.
Войска Усяслава
Не ідзе ў паход
На той бой крывавы
За свой край, народ.
Сьцены і запоры
Палачан, Мянчан
Леглі у разоры
Зможаных палян.
Ні сьвятых дуброваў,
Зьніч пайшоў з вадой;
Загасьціў лад новы,
Ды ня той, ня свой.
Слых адно праходзе
Калі-нікалі
У жывым народзе,
На жывой зямлі.
Баіць, гнучы шыі,
Паднявольны люд:
Мы ў сваім чужыя, —
Край забраны тут!
Так прайшло, мінула,
Што калісь жыло,
Ў курганох заснула,
Зельлем зарасло.