Ці «Мяцеліца», ці «Юрка»,
«Мельнік», ці «Антошка», —
Ўсё ў яго сыходзіць гладка,
Не змыліць ні трошка.
Пад дуду і пад цымбалы
Топне, прысьпявае…
Сьцеражыцеся, ўсе людзі:
Беларус гуляе!
Не ўнімайся ж і скачы нам,
Покі сілы хваціць,
Мо' пачнуць і думкі нашы
Весялей скакаці!
Памяці Тараса Шаўчэнкі
25 лютага 1909 г.
Сягоньня на Ўкрайне вялікае сьвята:
Ў дзень гэты радзіўся тварэц «Кабзара».
На ўсіх і павага, і стройныя шаты,
I песьні ня моўкнуць свайго песьняра.
Праслаўнаму бацьку ўкраінскай свабоды
Паклон б'е разбуджана ўся старана,
Талкуюць аб гэтым Дняпровыя воды,
I думае думу стэпоў цішына.
Пясьняр кабзарысты нікім не забыты,
Як жыў дзеля песьні, так зь песьняй ня ўмёр;
Здабыў сабе славу ня з мармурнай пліты,
А з слоў, што ня крыша ні век, ні тапор.
Сын беднай сямейкі, нядужы рукамі,
Штыхам і гарматам ён пострахам быў;
Кавалі яго, як зьвяра, ланцугамі
I кідалі ў лёхі, каб згінуў, ня жыў.
Сьляпні! Ім і думкі адбеглі з трывогі,
Што людзі — як ён — і ў магілах ня мруць,
Што можна зьвязаць толькі рукі і ногі,
А вольныя думы — хто важыўся скуць?!
Бываюць упадкі — люд стогне балесьне;
Пясьняр паявіўся, і ўцехі зьвіняць;
Пясьняр умірае… а песьня?.. а песьня?..
Эх! каменю толькі ня дана паняць!
Жыве гэта песьня, як віхар клакоча,
Над лесам магілішч, над цьмою бяжыць,
Зрывае запоры і брамы ламоча,
I крыўда нямее, і змога дрыжыць.
Калісь воклік песьні і сьвет нам адмене,
Адслоне другія пуціны жыцьця,
Шчасьлівасьці яснай узойдуць праменьні,
Аквеціцца доляю лепшай зямля.
Дык дай жа чэсьць песьні на Ўкрайне! За Ўкрайнай
Той кожны, хто праўды ня здрадзіў жывой;
І ўспомніце «бацьку», што пеў незвычайна,
Што славе ўкраінскай служыў ўсёй душой.
О, слаўны ўкраінча, сын верны народу!
Ты роднага слова ў сабе не глушыў,
Цярпеў і вучыў, як цярпець у нягодах,
Аж люд твой паняў, чаго ты яго ўчыў.
На поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца,
На кобзах людскіх душ твой грае «Кабзар»,
У хатцы, ў падвале, ў цямніцы, ў карчомцы
Калоціш ты сэрцы, як звонам званар.
I к нам тваё слоўца ня раз далятала;
Мы слухалі ўцешна, што бае сусед.
Цяпер жа нясём ліст к вянку тваёй хвалы,
Прымі, брат, і наш беларускі прывет!
Лірнік вясковы
Памяці Вл. Сырокомлі
Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вясельлі,
Не аб славе забытаго краю,
Не аб віхрах і бурах, што сьветы цярпелі,
Гэту песьню сягоньня складаю.
Выліць думку хачу — хай снуе у бязмеры—
Думку-памяць, што ў сэрцы залегла,
Аб тэй зорцэ, што некалі з добраю верай
Над зямелькай ясьнела і зьбегла.
Аб музыцэ, што лірай сваей чарадзейскай
Мне ў душы сьветач выклікаў новы,
Каб мсыла хоць на час красай кветкаў-пралескаў,
Як жыве вечна Лірнік вясковы.
*
Над Вільёй, дзе сталіца была Гедыміна,
На магілках, што Росса завуцца,
Курганок там убачыш пакрыты дзярнінай,
Над дзярнінай бярозкі трасуцца.
Сумна шэпчуць галінкі зімою і летам
Аб жыцьці пахаваным пад імі;
Людзі ходзюць маліцца над насыпам гэтым,
Пасьвенцаці сьлезамі жывымі.
Пяцьдзесят раз у зелень весна спавівала
Ніву нашу і насып жвіровы,—
Над курганам тым сэрцаў мільёны шэптала:
Дай Бог рай табе, Лірнік вясковы.
*
На зялёным цьвітучым лагу-сенажаці,
Гэт пад лесам за вёскай бедачай
Песьню-музыку сумную здаля чуваці:
Пастушок там на дудцэ так плачэ.
Звоне коскай касец, толькі водгалас льецца,
Сам, як колас, хістаецца ў полі…
На загоне жнея над снапочкамі гнецца;
Сонцэ іхней дзівуецца долі.
Пастушок і касец той, і жнейка-дзяўчына,
Пахіліўшы маркотна галовы,
Тую песьню пяюць, што мінуўшай часінай
Ім аставіў іх Лірнік вясковы.