Выбрать главу
Шчасьлівы ты ці нешчасьлівы, Будзі сыноў сваёй зямлі, Над беларускай соннай нівай Нязгаслы сьветач распалі!
Глядзі — ўскалышыцца, прачнецца Мільённы прыспаны народ, I вокліч славы пранясецца, Пясьнярскай славы з роду ў род.
Ты у сваім вянку цярністым Убачыш міртавы вянок, I важна слаўлен, песьнярыста, На той сьвет сойдзеш, як лісток.
Памёр пясьняр. — Над белым крыжам За годам год перабяжыць; Няпамяць імя пяўца зьліжа, А песьня будзе жыць і жыць!

Наша песьня

Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,         Песьня наша, як воля, магучая! Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,         Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!
Хоць нуды ў табе шмат вылівана сьлязьмі,         Дума-песьня ня хітра складаная, Але нашая ты: недруг, спробуй, вазьмі!..         Ты ня можаш быць, песьня, скаванаю.
Як на небе зара ці як думка ў душы,         Не скуесься няволі ты путамі: Ты, як той салавей, зазьвініш і ў глушы, —         Запяешся людзьмі і закутымі.
Пей жа, песьня, дзень, ноч, песьня, родная нам,         Апявай жыцьцё наша праклятае, І зайграй ты па сэрцу хоць раз бедакам,         Наўчы, як знайсьці шчасьце багатае.
Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,         Песьня наша, як воля, магучая! Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,         Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!..

*** Падсякайце тое дрэва…

Падсякайце тое дрэва,         Што ў корні ўсыхае; Не ўважайце таго сэрца,         Што жалю ня мае.
Страшце птушку, празь якую         Свойская загіне; Забывайце песьню, што вам         Вораг ваш накіне.
Ой, гадуйце, падлівайце         Гай жывы, зялёны: Сэрцу добраму давайце         Добрыя паклоны.
Паважайце тую птушку,         Што крыўды ня робе; Не цурайцесь роднай песьні         Ў шчасьці і ў жалобе.

Папросту

Простым мы словам зь сьветам гаворым, Песьні аб цяжкай творым нягодзе, З думкамі рвёмся к сонцу і зорам,         Рвёмся к свабодзе.
Простая нашых прадзедаў слава, Хоць апаганена мудрым чужынцам; Шлі, ідзём далей ўлева ці ўправа —         Простым гасьцінцам.
Сьвет там выдумкі хітрыя знае — Троны, кароны, вісельні, кулі, — Выдумаць гэта мы ў сваім краі         Неяк мінулі.
Летась нягодна, сёлета горай Проста жылося, проста жывецца, Красьці ж ня пойдзем, хоць у каморы         Кожны к нам прэцца.
Нас гадавалі віхры і ночкі, Крыўдай паілі нас ад пялёнкі — Толькі ж папросту мы ня йшлі ўпрочкі         З роднай старонкі.
Хочам папросту, каб лепш ручыла Нашым хацінам, нашым прыплодам, Каб стаць раўнёю славай і сілай         Іншым народам.
Проста жывём мы, як доля лучыць, I крывадушыць не прабавалі… Просім папросту: кіньце нас мучыць,         Ляхі, маскалі!

Вучыся…

Вучыся, нябожа, вучэньне паможа Змагацца зь нядоляй, зь няволяй… Што мучыць сягоньня, што думкі трывожа, — Зьбяжыць і ня прыйдзе ніколі.
Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай, Нідзе і ні ў чым не заблудзіш; Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў, Спазнаеш, раз цёмен ня будзеш.
Такая прынука, як труд і навука, Ці ж можа нам сіл не дадаці? З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука I гора сваё зваяваці.
Паўнейшай адрынка, сыцейшай скацінка, Ой, будзе — а толькі вазьміся!.. I знойдзецца ў працы аддыхі часінка, I ў крыўду ўрагом не дасіся.
Крыўдзіцеляў зможаш, сьлед вечны праложыш I к долі, і к волі, і к славе… Адно ты прачніся, вучыся, як можаш, Ці дома, ці на школьнай лаве.