Выбрать главу
Ўсе людзі значэньне пазналі вучэньня, Адзін толькі ты ані дбаеш! Цямней, беларусе, ад ночкі асеньняй, I шчасьце ж такое ты маеш…

У вучылішчэ

Клумак з кніжкамі пад пахай, Думак поўна галава, — Там у школу даўным шляхам Сыпе сельская дзятва.
Гурмам сыпе да навукі, — Знаць ахвоту, ўвагу знаць: Як жа, трэба знаньня штукі Сходаць, скеміць, пераняць!
Буквы з памяці той клеце, Той «таблічку» ў нос бурчыць; Адным словам, яшчэ дзеці, Адным словам, трэба ўчыць!

Янінцэ Паўловіч

      Для Янінкі, для цёзкі,       Шлю паклон шчыры зь вёскі: Жычу весела расьці, ўсе навукі перайсьці,       I шчасьліва, і ахвотна,       Ды бяз сумнасьці маркотнай            Песьні пець            І ляцець
      Па-над борам       К сонцу, к зорам, З вольнай думкай па-над гаем, Па-над нашым бедным краем…
*
Для Янінкі, для цёзкі,       Шлю паклон шчыры зь вёскі: Жычу, посьле ўсіх навук без прынукі і дакук,       Жыці з мужам, а багатым,       Каб была век доля сьвятам,            Добра жыць            І любіць            Дружку дружка,            Як пяюшка —       Птушка птушку, што век звонка       Славіць нашую старонку            І са мною для цёзкі            Шле паклон шчыры зь вёскі!..

Ён і яна

Гэткай пары на сьвеце Роўных ім не было: Ён арлом мог глядзеці, Ёй да твару ўсё йшло.
Безь яго ёй ня жыці, А яму безь яе, Думка ў думку злажыці Так умелі свае.
Не чапалі іх мукі I ні крыўда, ні плач, Да ўсяго мелі рукі — Толькі знай, толькі бач!
Слава йшла полем-борам, I то йшла ня бы як — Ажна цёмненькім зорам Было зайздрасна так.
Скуль яны узяліся, Гэта ім толькі знаць; Да іх кожны маліўся, Ці за іх — не згадаць!
Так жылі, многа сьцёрлі Лет сваіх маладых; Як жылі, так памёрлі, Пахавалі так іх.
Так патухла іх імя, Дый праз завід, ці што, Не заплакаў над імі I нідзе, і ніхто.
Толькі чулыя людзі Ўзьнесьлі насып зь зямлі, Далі камень на грудзі, Напіс важны далі:
«Дзьве душы Бога просяць, Каб хоць так бедным ім На тым сьвеце жылося, Як тут зь імі жывым.
Бо жыла так прыгожа Гэта пара адна: Ён быў Голад-нябожа, А Няволя — яна».

Падымайся, ўставай!

Падымайся, ўставай! Апранай капоту: Ад двара, ад купца Клічуць на работу.
Падымайся, ўставай! Шмат ё латаць дзюрак: Зарос кустам дзірван, Трэба сотню шурак.
Падымайся, ўставай! Умыйся сьлязою: Кабыліну ваўкі Кончаць за гарою.
Падымайся, ўставай! Думкі патрывожы: Хмара йшла, разьнясла Твае гоні-збожжа.
Падымайся, ўставай! Зьвяла немач сына: Трэба ймшу закупіць, Трэба дамавіна.
Падымайся, ўставай! Не бурчы спрасонку: Дружкі йшлі і зайшлі, Просяць у карчомку.
Падымайся, ўставай! Прапіў, выпіў — годзе! Цэлы сьвет у вачах Калаўротам ходзе.
Падымайся, ўставай!.. I нашто ж ты здаўся? Пацягнулі ў астрог; Ну, вось і даспаўся!

Мой пагляд і мэта

З прыпевак тутэйшага
Я па закону і па веры Ганю свой быт паміж людзей; Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў, Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я — кум, таму я — сват; Той мне, таму штось вінен я; Такі на ўсё ў мяне пагляд, Такая мэта ўжо мая.