Выбрать главу
      Няма яму ніякіх страхаў: Шаптун, вядзьмак прад ім хавайся! Самога чорта нёс пад пахай, З самою ведзьмай цалаваўся! Такі ўжо Юрка Данілёнак, Як нарадзіўся — ад пялёнак.
      Але на нашым зьменным сьвеце Няма, бач, сталага нічога, I салаўём падчас запеці Ваўка прымусяць беспутнога, — Так наш і Юрка, як ніколі, Зьмяніўся з часам паняволі.
      Было, як помню, гэта самай Перад Вадохрышчам куцьцёю. Вячэру зьеўшы, да Адама Сышліся ўсе мы грамадою — От, пры лучыне ў цёплай хатцы Паваражыць, пазабаўляцца.
      Былі старыя і малыя, Падросткі, хлопцы і дзяўчаты; Крычаць адны, сьмяюцца тыя, Аж так і рвецца гоман з хаты! І Юрка тут, і па-сваёму Прагаварыць ня дасьць нікому.
      Я слухаў, слухаў, ды цярпеньня Ня стала слухаць перахвалкаў! Слоў колькі, выйшаўшы у сені, Шапнуў Лявону і Міхалку; Пагаварыўшы, зноў прыходзім I гутарку няўзнак заводзім:
      — Хто (тут я к Юрку вокам кінуў) Адважны з вас такой парою Ў манеж схадзіць, набраць мякіны I к нам сюды вярнуцца зь ёю, — Хаця і поўнач ужо пэўне I першыя ня пелі пеўні? —
      Тут хлопцы жыва падхапілі: «Вось Юрка нам дакажа славы! Ці ж ён бы страху не асіліў? О, ён для дружбы, для забавы І ў пекла, калі трэба, сходзе, — Адважным гэта сьмех, і годзе!..»
      Наш Юрка, хоцькі ці ня хоцькі, Ня рад з свайго ўжо выхваляньня; Папхнуўся ў ток той сярод ночкі, А зь ім наш сьмех і наруганьне. Аж вось, празь нейкіх мінут дваццаць, Мы чуем: «Гвалт! ратуйце, братцы!»
      На двор мы выбеглі ўсе гурмам. Ляціць наш Юрка, як здань, белы, У сенцы, ў дзьверы валіць штурмам, Як ліст ад ветру, дрыжыць цэлы; Убег у хату, дух ня зьмене, Як бы у чортавай быў жмені.
      Мы ўсе яго давай у хаце Прыводзіць к ладу і спакою, Давай сьмяліць, давай пытаці: — Што, гавары, было з табою? — Той страх змагаючы авечы, Пляце няствораныя рэчы:
      — О, Езу! Божа мой вялікі, — Ён так расказ пераплятае. — Я чуў няземскія там крыкі, Была там сіла незямная! З усякім страхам я пазнаўся, А з гэткім век не спатыкаўся!..
      Іду ў манеж я той Рыгораў, Прыйшоў і мацаю у куце, I думаю сабе ўжо скора Да вас зь мякінаю вярнуці; Аж калі хапну я за нешта — I сіл маіх прапала рэшта!..
      Згубіў і памяць, і адвагу, Дрыжу, хістаюся, як колас, I не магу, і даў бы цягу, А тут — бух! нейкі страшны голас: Ні чалавечы, ні сабачы, — Люцыпар зь пекла не іначай!
      Сабраў я тут астаткі сілы Ды як нагамі не задыдню! Хоць бы схавацца да магілы, Але ўцячы ад гэтай злыдні! I прыляцеў к вам гэтак, брацьці, Вы ж прэце чорта выганяці! —
      I ўсім не па сабе нам стала: Мурашкі бегаюць па целе, — А што, як праўды тут нямала I ўбіўся чорт на самым дзеле? Але ўсе надрабляем мінай I ў ток зьбіраемся з лучынай.
      Ідзём. I Юрка дрыпе ззаду. Прыйшлі. З увагай, як належа, Давай шукаць пужалу, здраду Па ўсіх вуглах, кутках манежа. Аж бач — у куце, у мякіне, Ляжыць сьвіньня, як усе сьвіньні!!!
      Ўсе ў рогат! кпінкі і прытыкі Пайшлі у ход на ўсе староны: «Зух Юрка! Чорт жыў і вялікі!» «Ці не пагнаць вадой сьвянцонай?» А Юрка… Юрка з пустамелі Стаў з часам сьмелым і на дзеле.

Сват

Ня зьведаўшы броду,

Ня сунься ў воду.

Прыказка
З апавяданьня старога дзецюка
      — Гэй, лінь там у чарку! Вы ж ціха быць, хлопцы! Ты, Ганька, агню мне нашчупай у копцы. Як лыкну, як пыкну, дый збаю ў прыпеўцы, Як быў я малодшым, як сватаўся к дзеўцы. — Вось гутаркай гэткай азваўся Міхалка, Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка.
      — Зімой было гэта, — гаворыць ён далей, — Дзянькі мясаеду прыйшлі, загулялі, I ўсё загуляла: дзень будні — нядзеляй, — Няма таго дня — вечарынкі, вясельлі. Папіў той гарэлку, той едзе у сваты; Бяз госьця, бяз чаркі ня знойдзеш той хаты.