Глядзеў я, глядзеў я, — дый вытрымаць трудна, —
А быў я натуры ня вельмі маруднай.
Сюд-тут — і гатова: ўжо еду са сватам, —
Памёр (пакой вечны!) — ўсе звалі Кандратам, —
Знаў добра, як што, да чаго ў такім разе,
Па слова ніколі ў кішэню ня лазіў.
З сабой у дарогу гарэлкі набралі, —
Шынок быў пад Гайнай, шынкар зваўся Гдаляй, —
Конь добры быў сватні, званок прычапілі,
З бутэлькі пацягнем — што значаць там мілі!..
Эх, чаркі вы, чаркі, хто з вамі задрэме? —
Бяда — не бяда, акіян па калені!
— Гэй, крыкну, кіруй, сват! — Конь прэ ва ўсе ногі,
Хоць дзеўкі ня знаў я, а сват к ёй дарогі. —
Кіруй, сват! — Мінаем даліны і горы;
Ноч ясна, марозна — і месяц, і зоры.
Званок заліваецца, сьвішча палозьзе,
Сьнег скача, конь пырхне, — тры пляшкі у возе!..
Ляцім… Вось прыехалі, вылезьлі з санак;
Сабака брахнуў, і хтось выйшаў на ганак.
— А хто там? — так чуем. — Свае, кажам, людзі.
— Дык проша ж у хату! — Сват нешта марудзе.
Ідзём. Вось і ў хаце. Лучына пылае.
Я толькі гляджу, дзе мая маладая.
З парога сказалі, як сьлед: «…пахвалёны!»
— Навекі! — сказаў гаспадар на паклоны
I просіць садзіцца. Мы селі на лаве.
Ці гладка рэч, думаю, пойдзе аб справе?
Ня быўшы ў такіх пераплясах ніколі,
Сам неяк ня свой ды баюсь мімаволі.
Дасталі тытун, затуманілі люлькі, —
Капшук мой быў слаўны, — дастаў ад бабулькі, —
I, як бы нідзе ні аб чым і ня дбаем,
З пустога ў парожняе пераліваем:
Адны хтось маўчаць з нас, а слухаюць тыя,
Ці тыя замоўкнуць, каб чулі другія.
Прайшло з паўгадзіны. Тут сват азірнуўся,
Выходзіць у сенцы, з бутэлькай вярнуўся
I гутарку аб інтарэсе заводзіць.
— Пачну, кажа, проста: круціць нам ня ўходзіць.
Прыехалі к вам мы тавар аглядаці;
Барыш на стале во, і мы ў вашай хаце!
(Вось гэтак, прымерам, па добрай ахвоце
Сваты пачынаюцца ў нашай прастоце.)
Тут наш гаспадар, як ні ў чым не бывала,
Вядзе ў сенцы нас, дзе кабыла стаяла.
— Эх, лоўкая шэльма, і ўсё есьць ахвотне!
Няма ў бягу лепшай. Аддам за паўсотні.
Гіршонак гаенскі прыходзіў сягоньня,
Бяз торгу клаў сорак і пяць на далоні.
Як гэта пачуў я, ўсяго аж затрэсла!
Куды тут нячыстая свата занесла?
А ён (пакой вечны!), ня сьцяміўшы рэчы:
— Мы ў сваты прыехалі к вам, чалавеча!
Хлапец і ня бедны, і добрай натуры,
Завецца Міхалка, жыве каля Жмураў… —
Я лыпнуў вачыма. Тут зноў неспадзеўкі:
— Даруйце васпанства: няма ў мяне дзеўкі!
Ўсіх баб — мая баба дый гэтая кляча,
Ніхто ў мяне больш іх ня чуў і ня бачыў!
Каб лепей хто ляпнуў анучай па мордзе,
Як гэта пачуці у гэткай прыгодзе!..
Як выйшаў я з хаты, як селі мы ў сані,
Як ехаў я з сватам, — хваліў як ці ганіў, —
Вы сьмейдеся самі ці лайце ад ведзем;
Мы з сватам тым часам к другой дзеўцы едзем.
Бо трэба вам ведаць, што сват мой, Кандратка,
Ні ў чым не адступіць, хоць шло б ня ўсё гладка.
Прыехалі. Зноў гэтаксама сустрэлі.
Сват мой падбадрыўся, мяне больш асьмеліў.
Дый мне лягчэй стала: тут бачу дзяўчыну,
Хоць дзеўка, сказаць, — адпусьці, Божа, віны!..
Сват гэтага толькі ня цяміць нічога:
Яму ўсюды проста, як з моста дарога.
Гарэлка ізноў на стале загасьціла,
Пайшло дзела ладам; бяседа — аж міла.
Дзяўчыну ўжо маем, — што болей нам трэба?
Дый буталь гарэлкі — к ёй хлеб і да хлеба.
Ўсе гэта ня кепска — па першай няўдачы,
Аж з радасьці сват мой чуць-чуць не заплача!..
А я паглядаю к дзяўчыне з-за пляшкі, —
Па целе так проста і скачуць мурашкі!
Кляну ў духу жонак, сватоў ўсіх і дзевак…
Тут быў для мяне не канец неспадзевак!
Ня даў, знаць, Бог шчасьця мне ночкаю гэтай,
Ці мо' пад такою радзіўся планэтай…