Выбрать главу
      Папіўшы гарэлку, дамоў маем ехаць; Сват асалавеў мой, зрабіўся — як вехаць. Ідзём… Бач, за печай сядзіць дзяцей двое: Адно — хлапчанё, а дзяўчынка — другое. — Чые, — спытаў, — гэта? — Аж дзеўка з куточка — Мае, мой ты мілы, сыночак і дочка…
      Што ж болей? Эх, болей… падлі там сівухі! — Ну і наварыў жа мне сват саладухі! Прайшло з таго часу год дваццаць бяз мала, На сьвет многа што прыбывала, ўбывала; Жаніліся людзі, спраўлялі хрысьціны, Мне толькі на жонку ня стала дзяўчыны…
      Больш сватацца к дзеўкам мінула дурнота, Прапала адвага, адпала ахвота… Так байку закончыў сваю нам Міхалка — Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка. Я слухаў, сьпісаў тут і вам ахвярую, — Ану ж прыйдзе к смаку, тады дам другую.

Паляўнічы і пара галубкоў

Прысьвячаю прафэсару

Б. Эпімах-Шыпілу

Легэнда зь індыйскай кнігі Магабгарата[1]
Ў Магабгараце, кнізе Інд, Якой лет тысячы тры лічым, Такая повесьць там стаіць Аб галубках і паляўнічым.

I

Быў чалавек, якога ўсім Было заняцьцем — паляваньне; У лесе, ў полі дзень і ноч, Як быццам ляжа там і ўстане.
За птушкай птушку ловіць ён Са хцівасьцю благой у змове — На рынак цягне прадаваць, — Прадасьць і зноў ідзе і лове.
Пануе ў пушчы, бы ў якім Сваім за хатай агародзе, Ў сям'і крылатай пуд і страх Сілом і клеткаю наводзе.
Паміж бацькоў, паміж дзяцей Птушыных сее ён разлуку, Ні ласкі к ім, ні жалю к ім Ня меў, ня знаўся зь іхняй мукай.
З сумленьнем дружбы не вядзе — Да крыўд і мук яму зло сватам; Закон багоў яму ні ў што; З душы і сэрца вечным катам.
I доўга так палюе ён, Зьнімае так ахвяры ў клеткі, Ажно прыпадак немалы Спаткаў яго ў пустыні гэткі.

II

Дня аднаго ў кустах блудзіў І лёгкага выглядваў хлеба, — Пагоду ясную і дзень На ноч зьмяніла бурай неба.
За хмарай хмару валакло, А грозна, чорна, безустанку; Пярун ляцеў за перуном, Штоміг — маланка за маланкай.
Ліло, як з рэшата, дажджом, Раўняла нізкі дол з узгорам, I лес, і поле абняло, Як пеклам, як шалёным морам.
Заціхла птушка, зьвер заныў; Лес-хата — ўжо ня быў ім хатай… За грэх караў зямлю, ці што, Так грозны Сатакрата.
А паляўнічы, хоць і мок, Не пакідаў сваёй работы: Галубку ўбачыў пад кустом — За крыльле ўзяў злавіў з ахвотай.
Здабыча лёгкая была: Галубка, выбіўшыся зь сілы, Хоць і хацела — не магла Ляцець, чакаў яе дзе мілы.

III

Тым часам сьціхла бура ўжо, Але і вечар быў на сьвеце; На небе месяц абышоў, I зоркі сталі ў небе йрдзеці.
Што тут рабіць? дамоў ісьці? — Ісьці і цёмна, і далёка; У лесе цемным начаваць? — I небясьпечна, і нялёгка:
Усюды сьвеціцца вада, Вада зьліваецца з галінаў; Нічым нідзе дастаць агню, А тут яшчэ і рык зьвярыны…
I голад такжа не маўчыць: Пара даўно чаго паесьці… Нічога. Рады ўжо няма. Прыйшлося ў лесе ноч правесьці.
Пад дрэва буйнае ідзе, Шукае ў ім сабе апоры; У знак пакоры — галаву Схіліў і так яму гавора:
«О, дрэва, будзь прыстаньнем мне: Ў сваёй з багамі мей апецы». Сказаў і лёг на камень там, Пры ім галубка тут жа ў клетцы.

IV

А гэта дзерава было Сялібай, хатай галубковай; Сядзіць прамоклы на ім ён I так бядуе слова ў слова:
«Куды загінула мая Галубка, вечная падружка? Такая страшная пара! Як выйдзе жывенькаю птушка?
вернуться

1

«Кнігі Магабгараты — гэта адна з найстарэйшых і найвялікшых паэм сьвету. Створаны яны індыянамі болей трох тысяч год таму назад і зьмяшчаюць у сабе каля 220000 радкоў. У Магабгараце, апрача навучальных і духоўна-маральных філязофскіх твораў, шмат ёсьць і прыгожых, паэтычных вобразаў. Зь іх найпрыгажэйшы — „Наль і Дамаянці“ — вельмі добра перакладзены на польскую мову А. Лянге. Легэнда ж аб паляўнічым і галубках ня ёсьць даслоўным перакладам зь індыйскае мовы; я ўзяў толькі аснову гэтай аповесьці і болей-меней захаваў форму санскрыцкага верша — „шлёкі“, якой усе кнігі Магабгараты напісаны». — Я. К.