Выбрать главу
      А топчуць толькі ўсе той след,       Валочаць ёрмы за сабою;       Ці ўбачыць корч, ці ўбачыць цвет,       Адною жаляцца слязою.
А як чапнуў стралой аб лук, Яны скрануліся ў прасонні, I столькі, столькі крэпкіх рук К маёй паціснулася броні.
      За мною ўсцяж, і тут і там,       Іх вусны бледныя шапталі:       „Аддайце славу нашу нам!       Нашто схавалі-расхапалі?“»

VIII

I трэці князю гэткі сказ I княжне скажа міласцівай: «Я абышоў іх тройчы раз I відзеў, што яны ўсе жывы.
      А толькі торг усё ідзе       Над іх душою патаптанай;       Яны, як цені, ў грамадзе       Маўчаць і йдуць на пір паганы.
А як я ўдарыў па струне, Замітусіліся, як пчолы, I на гарэ і нізіне Мне падавалі голас кволы.
      За мною ўсцяж, і тут і там,       Іх вусны бледныя шапталі:       „Аддайце песню нашу намі       Нашто схавалі-расхапалі?“»

IX

Сказаўшы так, маўчаць ганцы, Маўчыць і князь крыху часіны, I дасць адказ такі ў канцы Ганцам на іхнія навіны:
      «Не ўмруць, не ўмруць ужо яны,       Раз хочуць сонца, славы, песні;       Заб'юць ім зычныя званы       Прабудным звонам напрадвесні.
Сваёй забранай старане, Скаванай мучаніцы-княжне, Ўзнясуць пасад на кургане На панаванне недасяжне.
      На дзеле — кожны йшчэ слугой,       У думках — вольныя ўжо людзі;       Над сэрцам іх, над іх душой       Наш дух лунаці вечна будзе».

X

«Вы, другі верныя, ганцы, Як летась, сёлета, налета Ўсе пагранічныя капцы Абходзьце зноў з маім прыветам.
      Гуслямі, лукам і святлом       Будзіце, клічце і свяціце       I так спануйце іхнім сном,       Каб сон іх счэз і ўсталі жыці.
А покуль поўнач не прыйшла, Вясці бяседу будзем далей; Засядзьце ўсе кругом стала, Хай зазвініць віно ў крышталі.
      А чарку першую ўзнясём       За цень мінуўшчыны у сеці,       Другой к цяпершчыне прап'ём,       Праславім будучыню трэцяй».

XI

Садзіцца княжна, князь, кругом Садзіцца вольная дружына; Шуміць бяседа за сталом, Плыве часіна за часінай.
      I разгараецца ясней       Паходня радасці забытай,       I светазарнасцю сваей       Вясёлкі сее самавіты.
Ямчэй нацягваецца лук, Цэль рассякаюць агнястрэлы, Дрыжыць паўчына і павук, Дрыжыць прыблудак ачарнелы.
      Рахкочуць гуслі звон у звон,       На бел-свет розгалас нясецца,       Як бел-свет, коціцца разгон       I ў думцы казкай раздаецца.

XII

Плыве шумліва, як рака, Бяседа вольная такая, А ўжо нявідзіма рука На небе поўнач адзначае.
      Залопаў крыллямі пятух, —       I ціхне-ціхне ўсё ў замчышчы;       Замоўк разгул, агонь патух,       Старое згасла папялішча.
На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў, Пуціну заяц перамераў… А быў тут хто або не быў, — I так і гэтак мала веры.
      I так і гэтак свой прыгон       Распасцірае царства ночы:       Салодкі сон, магільны сон       Смяецца свету ўсяму ў вочы.

Забытая скрыпка

I

Доўга пад трамай ляжала         Сьцішна ў вясковым жыцьці, Доўга ляжала, чакала         Скрыпка адна ў забыцьці. Колькі йшло лет за лятамі,         Колькі йшло, сходзіла сіл! — Скрыпка драмала. Пластамі         Клаўся і рос на ёй пыл. Потам залітыя вочы         Гэткі ня мог сьлязіць глум, Пальцу мазольнаму ўночы         Страшна крануць было струн. Доўга чакае і сьмягне,         Покі хто з сэрцам такі Скрыпчыны струны нацягне,         Гэткай чакае рукі!..