У шынку
Што заснуў там, шынкар? Гэй, сякі ты, такі!
На стол чаркі! П'юць, знай, нездарма бедакі.
Ня нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць,
Налівай, выпівай, каб ня чуць і ня знаць!
Ты, музыка, настрой нам скрыпулю сваю,
Я пад звон гулкіх струн аджыву, запяю!
Толькі рэж — не жалей, агнісьцей, весялей, —
Так ад самай душы, ад збалелых грудзей!
Сірата я сягоньня — дзе гляну — вазьму.
Калісь бацьку я меў, пакой вечны яму;
Цягавіт быў, ня раз недаспаў, недаеў,
Жаль старога — ня ў час ён душой загавеў…
Дзе за вёскай пуціны ідуць накрыж дзьве,
Там гурбок ты убачыш у цёмнай траве;
Там бярозка, пасаджана мною, шуміць,
Салавейка вясной там сьпяваці ляціць…
…Свой напеў галасіла прадвесьне людзям,
Крутавата на вёсцы прыходзілась нам:
Тым няхват хлеба, корму, — падаткі другім
I той сон і спакой аднімалі зусім.
I стары мой у гэтым ані не адстаў:
Ледзь хадзіў, уздыхаў, штось пад нос барматаў.
Што рабіць? Ёсьць Красулька — жывёлка адна,
Трэба ў горад, на торг, — няма рады, бяда!
Сьлязіну-гарчыню абмахнуў рукавом,
За вяроўку, за цёлку ды марш пехатом.
Толькі робіцца цёмна ў вачох бедаку:
I чаму ж так ўсё не ручыць мужыку?
Вось і горад. Красульку таргуюць, — прадаў,
Барыш лоўкі папіў, грошы добра схаваў,
Машыруе дамоў, падпявае з нуды, —
Хоць на час адкупіцца ёсьць чым ад бяды.
Многа зьвера у пушчы ў цёмнай снуе,
Болей злыдняў між намі ё, людзі мае!
Многа сьцежак-дарожак ля нас лягло тут,
Толькі зь іх мужыку — адны мукі і блуд…
Ужо ладна за горад стары адышоў,
Тут за пазуху зірк: што схаваў — не знайшоў!
Ні кароўкі, ні грошы няма ўжо, няма…
Не бяда: дзяга ёсьць, ёсьць пацеха адна!
Мы з дарогі чакаем — і маці, і я;
Дзень, другі не відаць, ажно трэцяга дня
Слых пайшоў па сяле, што ў лясочку пятлёй
Хтось закончыў жыцьцё — гэта быў… гэта мой…
Гэй, што сьпіш там, шынкар? Гэй, сякі ты, такі!
Болей водкі! П'юць, знай, нездарма бедакі!
Ня нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць,
Налівай, выпівай, каб ня чуць і ня знаць!..
У Піліпаўку
…Помню, ў Піліпаўку гэта было.
Ой, спаганяў сьнег ахвоту!
Долу, дарогі як ёсьць занясло;
Гурбы, як горы, ля плоту.
Страшную людзі цярпелі зіму:
Дзіка мяцеліцы вылі,
З трэскам марозы гасілі ў сьцяну,
Птушак у лёце глушылі…
Ночка над вёскай. Во ў хаце аднэй
Курыцца дымна лучына.
Месьціць хацінка са жменю людзей:
Бацьку, матулю і сына.
Бацька, сагнуўшысь, сядзіць за сталом;
Блудны, прытухлыя вочы…
Печку падпёршы схудалым плячом,
Маці паціху хліпоча.
Далей, ля сьценкі, палочак стаіць.
Думкі бацькоў там аж млелі:
Сын іх, Сымонка, тры дні ўжо ляжыць,
Тры дні на Божай пасьцелі…
З самых дзён малку Сымона свайго
Так гадавалі, пясьцілі!
Меці на старасьць падпору зь яго
Думкі супольна раілі.
Малец — як лялька, крапячы, як дуб,
Прызыў падходзіў на лета, —
Высах, як шчэпка, стаў ціхі, як слуп, —
Песьня няпетая сьпета!
Тры дні назад яшчэ з бацькам яны
Шуркі у лесе стаўлялі:
Гулка гудзелі там іх тапары,
Елкі, асіны стагналі.
Вечарам — дзіва! ні стуль і ні сьсюль,
Зьлёг і ляжыць, як павала;
Раілась маці ўжо ў многа бабуль,
Зёлак усякіх давала.
Дарма яна яму гэтак і сяк
Піць-есьць нясе адначасьне:
Дні свае лічыць збалелы бядак,
Вось-вось часіна — загасьне.
Ўжо не чакае сямейка дабра,
Аж тут, як воляю боскай,
Доктар адзін па дарозе з двара
Ехаў, заехаў і ў вёску.
Выслухаў, выстукаў хлопца кругом,
Даў карталюшку на лекі;
Ехаць да гораду кажа бацьком,
Ехаць хутчэй да аптэкі!
«Сын здароў будзе, як рыба ў вадзе,
Толькі лякарства прывозьце!» —
Кінуў старым так і з хаты ідзе,
Дый толькі бачылі ў вёсцы…