Выбрать главу
Варажыў, разважаў сам адзін і зь людзьмі: Еўка кажа, што ёй можна гэтак і так; Маці кажа: цяпер ажаніся вазьмі; Бацька раіць — пасьля, бо мо' здарыцца ўсяк.
Адлажыў напасьля, адлажыў наўсяды… Хутка восень прыйшла, і на прызыў у Шклоў Татка з хаты павёз. Там пайшло безь бяды: Папрашчацца дзядзькі адпусьцілі дамоў.
Мо' і год не мінуў, як шынэль я надзеў, — З дому вестку дастаў, што матуля ўмярла; Сьлёзы хлынулі мне, прост, на сьвет не глядзеў; Жаль яшчэ і цяпер — недакучнай была…
У паходзе былі, і прыехаць ня мог Доўг апошні, хаўтурны, радзімай аддаць; I пасьля, да канца маёй службы, ўжо Бог Хоць магілкі яе не судзіў аглядаць.
Ну, аб Еўцы чаму — ты спытаеш — маўчу? От, пісалі, што жыва, здарова, і ўсё… Верыў гэтаму я і снаваў ўціхачу Думкі, як гэта мы зь ёй устроім жыцьцё.
Хоць далёка стаяў, а любіў, ўспамінаў I ахвоты ня меў да другіх да дзяўчат: Ёй адной пісьмы слаў і спакою ня знаў, — Ўсё чакаў таго дня, калі пусьцяць з салдат.
Так сышло колькі год, аж нарэшце і срок Маёй службы прыйшоў — адпусьцілі зусім. Я вярнуўся, і што ж? Э, мой мілы браток! — Была замужам Еўка за бацькам маім.
Што прыйшло ў галаву за старога пайсьці — Над адгадкай такой думак я не ламаў: Сіратою была, а у простым жыцьці, Хто пасватаўся перш, той і верх атрымаў.
Сам згадаеш, што я перажыў у той час, — Колькі ў роднай хаціне паспытываў мук. Чаму лепш не ўзяла сьмерць каторага з нас? Хлебам хлеб ня быў мне, ўсё валілася з рук.
А яна — ўжо пры мне — ўсё хмурней з кожным днём… Дзе шчасьлівы той сьмех, дзе вясёлы паглёд? Часам разам няўзнак — я, яна уздыхнём, Ды я ў поле барзджэй, а яна — ў агарод.
Так праходзілі дні ў злыбядзе, а яна — Наша мачыха ўжо — бачу, тае ў вачах; Бацька хмур, не глядзіць і маўчыць, як сьцяна; Ношку добрую нёс, знаць, і ён на плячах.
Год, ня болей, прайшло нам такога жыцьця… Як казалі ў сяле — нехта кінуў урок… На душы дзьве паменшыла наша сям'я: Еўку Бог к сабе ўзяў, я сюды з хаты ўцёк.
Гэтак сьпятрала мне доля-байка навек; Хатай стаў мне шынок, а сьвет цэлы — турмой. Змарнаваў за нішто сам сябе чалавек. Празь няўлад праўды ў нас, праз паглёд мілы той.

Вісельнік

Зоркі ня ўбачыш, імгла непрыхільная Сьвет спавіла непрагляднаю сеткай; Вецер ня мрэ і, як зданьне магільнае, Носіцца грозна па пушчах, палетках.
Лес расхадзіўся, па шумы сусьветныя Б'юць у тахт віхравы кожнай галінай, Стогнуць дубы і бярозы сталетнія, Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Злыбедаў стогны і цьмы неспажытыя Жудаснай дзікасьці поўны бязь меры. Як жа салодзіце думкі разьбітыя, Сэрца з разьбітай надзеяй і верай!
Годзе, душа маладая, пакутаваць, Шляхам заломным снаваць бескарысна, — Страшна загадкі усябыту расплутываць, Выхад з туманаў знаходзіць разблысны:
К сонцу і зорам жыцьцё тваё рвалася, Віхры і ночы на бой выклікала… Згасла ўсё лепшае, загасла, зламалася, — Далей змагацца сілы ня стала.
Будзь жа збаўленьнем, пятля канапляная! Вырыхтуй сук свой, асіна-ласуха: Хутка збагацісься ў плоднасьць нязнаную, Слаўнаю станеш — толькі паслухай!
Ты не марудзь там, пакутнік аплучаны: Жыва вяроўку — раз, два і гатова! Сьмела сунь шыю!.. Ну, вось і разлучаны З гэтай зямлёю, з пуцінай цярнёвай.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Вырылі яму жалезнай лапатаю, Вырылі паміж крыжовых дарогаў, Кінулі цела — эй, цела праклятае — Без пасьвячэньня, бяз модлаў, з трывогай.
Зводна пайшлі толькі ўздохі пустынныя; Быў чалавек — і няма чалавека: Згінуў ня то ўжо зусім каб скацінаю — Так сабе ўрэзаў трацініну века.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙