Выбрать главу
Сотні раз хмарамі неба ўзгамоніцца, Сотні раз ніву спалошча, абсуша, — Памяць аб вісельным век не затопіцца, Будзе пужаці трусьлівыя душы.
З году да году у сьвята дзядовае Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны. Песьню вятрыска пяе паграбовую… Вісельнік блудзіць паўночнай часінай…

Курган

I

Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт[2] уцяклі, — Ўдзірванелы[3] курган векавечны.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім. Сухазелле у грудзі ўпілося; Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, — Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На купалле там птушка садзіцца, пяе, У піліпаўку[4] воўк нема вые; Сонца днём распускае там косы свае, Ночкай зоры глядзяць залатыя.
Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз, Перуны білі з краю да краю, — Ён стаіць — гэта памяць людская, паказ… Толькі гутарка ходзіць такая.

II

На гары на крутой, на абвітай ракой, Лет назад таму сотня ці болей, Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной Грозна, думна[5] глядзеў на прыволле.
У нагах у яго рассцілаўся абшар[6] Хвоек гонкіх і пахані чорнай, Сонных вёсак шары[7], хат амшалых[8], як мар, Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных.
Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму, Недаступны і грозны, як хорам; Хто хацеў, не хацеў — біў наклоны яму, Спуску, ласкі не знаў непакорам.
Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй; Стражы князевы — ў полі і дома, Толькі модлы[9] раслі небу ў сэрцах людзей, І пракляцце расло пакрыёма[10].

III

Раз бяседа[11] вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі[12]: За сталом він заморскіх крыніца цякла, Бегла музыка ўкруг на паўмілі.
На вяселле-разгул наплыло, як на сход, Госці знатных зусюль, за паўсвету, Гэткай гучнай бяседы не номніў народ, Гэткіх скарбаў, брыльянтаў[13], саетаў[14]!..
Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня, І музыкі, і чаркі звінелі; Выдумлялі забаў новых кожнага дня; Што хацелі — ўсяго госці мелі.
Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну Для дружыны пацеху-забаву: Загадаў ён пазваць гусляра[15]-старыну, Гусляра з яго ведамай славай.

IV

Акалічны народ гуслі знаў гусляра; Песня-дума за сэрца хапала; Вакол гэтай думы дудара-званара Казак дзіўных злажылась нямала.
Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён Па струнах з неадступнаю песняй, — Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн, Не шумяць ясакары[16], чарэсні;
Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць, Салавей-птушка ў той час сціхае; Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць, Паплаўкі рыба-плотка хавае.
Прытаіцца да моху русалка, лясун, Каня[17] вечнага «піць» не заводзіць: Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

V

Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты: Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп, На цагляным парозе магната[18].
Невыдумная світка[19] — убор на плячах, Барада, як снег белы — такая, Незвычайны агонь у задумных вачах, На каленях ляглі гуслі-баі.
Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах, К песні-музыцы ладзіцца, строе; Водклік б'ецца ад струн па сцюдзеных сцянах, Заміраючы ў сховах пакояў.
вернуться

2

У нябыт — у забыццё.

вернуться

3

Удзірванелы — пакрыты дзірваном, густа зарослы травою.

вернуться

4

Піліпаўка — час зімою, калі пачынаюцца моцныя маразы, завеі.

вернуться

5

Думна — горда.

вернуться

6

Абшар — прастор.

вернуться

7

Сонных вёсак шары — нерухомыя цені нібы паснуўшых вёсак.

вернуться

8

Амшалых — пакрытых мохам.

вернуться

9

Модлы — малітвы.

вернуться

10

Пакрыёма — употай.

вернуться

11

Бяседа — застолле.

вернуться

12

Садзіць на пасад — выдаваць замуж.

вернуться

13

Брыльянт — каштоўны камень.

вернуться

14

Саета — багатае адзенне з атласу і шоўку.

вернуться

15

Гусляр — чалавек, які іграе на гуслях, музычным інструменце.

вернуться

16

Ясакар — таполя.

вернуться

17

Каня — балотная чайка, крык якой нагадвае гукі піць-піць-піць.

вернуться

18

Магнат — памешчык, буйны землеўладальнік.

вернуться

19

Світка — вопратка, пашытая з даматканага сукна.