*
Мой дом — амшалай пушчы сховы,
Сяліба ясеняў, сасон,
Дзе сьмех русалчын, лесуновы
Палошыць вечна-цяглы сон.
*
Мой дом — пясчаныя разлогі,
Пакута сьцюжы і сьпякот,
Дзе ў скібах лад вядуць нарогі,
Аздобай цьвет — чырвоны пот.
*
Мой дом — узьмежных зёлак восьці,
З сухой асінаю курган,
Дзе тлеюць прадзедавы косьці,
Дзе плача ночка ды туман.
Як я полем іду…
Як я полем іду, гнецца колас ка мне,
Зь ім маркотнай душой ціха шэпты вяду;
Колас чуе усё ў зачарованым сьне, —
Колас гнецца ка мне, як я полем іду.
Як я лугам іду, траўка сьцелецца ў ног,
Абсыпае зь сябе жыўчых росак ваду;
Кветкі жаляцца мне — поўны дзіўных зьнямог, —
Траўка сьцелецца ў ног, як я лугам іду.
Як я лесам іду, зважна думкі сную,
Аглядаю сьвятую дубоў грамаду;
Там, як дома, сабе з пушчай песьні пяю,
Зважна думкі сную, як я лесам іду.
Як я ў хатку ўвайду, мяне штосьці гняце;
Бледны сум падыходзіць — прыносіць нуду;
Ў заплясьнелым кутку цень касьцісты цьвіце, —
Мяне штосьці гняце, як я ў хатку ўвайду.
Я ад вас далёка…
Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, —
На чужое неба ўжо гляджу сягоньня,
Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.
І няма на сьвеце так вялікай меры,
І няма на сьвеце так каваных дзьвераў,
Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —
Беларусь са мною разлучыць пасьмелі!
Я ад вас далёка… скажуць гэтак людзі…
Але хто заглянуў у чужыя грудзі
І паняў хто шчыра той агонь і мора,
Што гарыць, бушуе і аб чым гавора?
Пойме толькі гэта, хто аж да скананьня
Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстаньня;
Каго доля-ведзьма ад самой калыскі
Кідала па сьвеце, як той ліст вятрыскі.
Я ад вас далёка… А дзе ні гляджу я —
Дома толькі думка днюе і начуе;
Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман,
Знаю толькі рэчку — з плытнікамі Нёман.
Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны,
Дзе такі там хорам важна збудаваны, —
Што мне замянілі б хату і бярозкі,
Хату і бярозкі беларускай вёскі?..
Я ад вас далека… Дзеліць нас паўсьвета, —
А жыву ж я з вамі і зіму, і лета;
Чую з вамі ўвосень непагоды песьню,
Цешуся з праталін вольнага прадвесьня,
І ці сонца ўзыйдзе, і ці сонца зайдзе, —
Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе;
З выраю як толькі сустракаю гусі,
Весьці ў іх пытаю з роднай Беларусі.
Я ад вас далёка… Жыву між чужымі,
Чую ж вашы песьні, — водклік шлю сваімі;
Дабываю песьні ад душы, ад сэрца,
Аж бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца.
Не зрабіць нікому гэткай дамавіны
І ня вырыць ямы гэтакай глыбіны,
Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці,
Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.
Я ад вас далёка… Божа ты мой мілы!
Неразлучны з вамі да самой магілы, —
Не пакіну думаць сьвітам і ўпацёмку:
Як там жывіцё вы, як жыве старонка?
А хоць дасьць мне доля ў дамавіне мейсца, —
Ўстане цень зь зямлі мой, на крыж абапрэцца
І ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.
Мінуты шчасьця
Сплылі ў душу з высі высокай
I зацьвілі ў ёй яснавока,
Як сьветласьць бледная аблокаў
На дальнім летнім небасхіле.
Цьвілі, гулялі пераліўна
Сьвітаньнем новым долі дзіўнай;
У казку волі неспажыўнай
Цяклі нявыплаканай сілай.
Вялі па сьцежках нехаджалых,
Арлом узносілі на скалах,
Карону клалі ў міртных хвалах
На ўсёй будзённасьці завілай.
Так асянялі, панавалі,
Як сонца бліск на вод крышталі,
Аж пацягнулі вышай, далей,
Туды, адкуль сышлі так міла.