Грабар яму ўсяму рыў Жыцьцю!
Чараўнік
Забытая казка
I
Трох сыноў чараўнік на сьвет белы выводзіў,
Трох сыноў, што хаваў узаперці;
Шэпты-чары тварыў ён над імі на ўсходзе, —
Як жыць лепей, як лепей памерці.
Тры паказываў ім ён на сьвеце дарогі,
Тры пуціны іх долі-нядолі,
I даваў-насылаў ён сынам асьцярогі:
Што чакае у чыстым іх полі.
«А як пойдзе хто першай, — ён кажа ім гэтак, —
Што на ўсход шляхам чорным кладзецца, —
Напаткае чужацкі крывавы палетак,
I ў крывавай скупаецца рэчцы.
Той шлях першы і першая рэчка атрутай
Спояць так і за хатай і ў хаце, —
На другіх будзе строіці петлі і путы,
I сам гэтыя путы цягаці.
А як пойдзе другім хто гасьцінцам-дарогай,
Што на захад кладзецца вужакай, —
Свой палетак любіць стане горай чужога,
Прыпадзе к чужой рэчцы, як п'яўка.
Той другі шлях і рэчка другая загладай
Атуманяць душу, зальюць вочы;
Будзе сонца шукаці сабе, як прынады, —
Даць, знайшоўшы, другім не захоча.
А як пойдзе хто трэйцяй сьцяжынай-пуцінай,
Што сваёй не мінае граніцы,
Будзе чэзнуць і вянуць націнай, паўцінай,
Сьмягнуць будзе над роднай крыніцай.
Той шлях трэйці і трэйцяя рэчка сьляпою
Ласкай-крыўдай апутаюць грудзі…
Ён насыпе пяшчаны узгор нада мною
I таптаці узгор гэты будзе».
Так сказаў чараўнік, і казаў доўга жыці —
Спадкі — цень свой на памяць аставіў…
А сыны сталі праўдзе — няпраўдзе служыці
У сваёй кожны долі і славе.
Спадабалася першаму першая сьцежка,
А другая — другому сыночку,
Ўзяўся трэйці на трэйцяй, як грыб-сыравежка,
Спатыкаці, праводзіці ночку.
II
Дні за днямі, гады за гадамі плятуцца…
Ўжо збываюцца бацькавы словы:
Ад рукі сына першага вісельні гнуцца,
Ў зямлю йдуць маладыя галовы.
Захапіў яго похмур лядачны, крывавы,
Жалязянымі клешчамі сьціснуў;
Дзе ні ступіць — згібаюцца краскі і травы,
I пракляцьце шуміць бескарысна.
Ён і рад і ня рад, а пуцьця меней штодзень
На тэй выбранай сьцежцы, і ные;
Ўжо адны ў вочы кідаюць — здраднік, звыродзень,
На пагібель, на звод шлюць другія.
Не зыходзіць са шляху свайго і другі сын —
Чуць ня йдзе сьледам першага брата:
Ўжо на згубу зь зямлёю і з хатай запісан,
I ўсё ж долі завідуе ката.
Засядаць, панаваць на хватаным багацьці
Не кідае за дзьверы надзеі,
Хоць мінула даўно яго сьвята па сьвяце,
Хоць пасад свой на выдмах разьвеяў.
Загубіў сваю скуру, чужая ж ня цешыць
Абадранай душы ў павуціне;
Проць сваіх, проць чужых крывадушыць і грэшыць,
I так вязьне, як камень у ціне.
Трэйці, смоўжам прыліпшы да трэйцяй пуціны,
Чэзьне чэрвем на службе ў напасьці:
Уздыхае, чакае збаўленчай дзяніны,
Не дае, што ня мае, раскрасьці,
З кволых ніў палыны быццам зводзіць, ня зводзіць,
Часам косьці зачэпіць нарогам;
Дома дрэме, сьціскаецца стульна, як злодзей;
Б'е падданчы паклон за парогам.
А сваяк і чужак строіць петлі і сеці,
Аплятае ўсё віднае ночай;
Зварухнуцца ня сьмее ў заплесьнеўшай клеці;
На браточкаў зубамі скрыгоча.
Так расьце нездавольства ў сыноў чарадзея —
Ў іх саміх і на іх, на ўсім сьвеце;
З ходу-выхаду выйсьці адна ў іх надзея:
Каб саміх адалеці і сьвет адалеці.
III
Ні далёка, ні блізка, ні ў полі, ні ў лесе
Важны ўзносіўся хорам-сталіца,
Чарнабожнік над ім непрагляды завесіў,
Каб нялёгка было прыступіцца.