Выбрать главу
Стуль выходзілі ветры — і шум падымалі,       Туды зь неба валіліся зоры, Там адны уставалі, другія драмалі,       Сьмерць, жыцьцё свае мелі запоры.
З зор сатканы былі недасяжныя сьцены,       Росы ўнізе ірдзелі яскрава, А на вышках, як сон на зямлі, пераменны       Залаты месяц радасна плаваў.
Залацісты пасад красаваўся ў сталіцы,       Зіхацела ў ім кожна часьціна, — На пасадзе сядзела цьвет-ночка — царыца…       Звалі тыя і сія Судзьбінай.
Векавечна ў руцэ адной сонца трымала,       Перуны у другой руцэ мела: Іншы раз ціхім сонцам зямлю абнімала,       Інша раз перунамі шумела.
Патрасала пасады, скідала кароны;       Тым, другім, была каменем-хлебам; Выдавала народам старыя законы,       Кіравала зямлёю і небам.
Не адзін аб ёй ведаў і разам ня ведаў,       Чуў — ня чуў аб ёй, бачыў — ня бачыў, Кожны толькі яе падпільновываў сьледу,       Плакаў, выў, як было што іначай.
Чуткі толькі ішлі, як туманы, і вялі       Ў самасейным паходзе сталецьцяў, Што пранікнуць яна можа ў тайныя далі       I адкрыць сьветы новыя ў сьвеце.
Гэткай паняй ясьнела у хораме зорным       Цараўладнай і разам няўладнай; Белым шляхам адных, а другіх шляхам чорным       К царству, к рабству вяла беспраглядна.
Тры браты, што пуці чараўнік тры адмерыў,       Захацелі знаць, хто ім што зрэпіў, — Захацелі ў Судзьбіны даведацца меры,       Як жыць лепей, памерці як лепей.

IV

Трох братоў, сваёй кожны дарогай-пуцінай       Наблудзіўшыся, выхад спаткалі: Ім парады далі назаўсёды ў Судзьбіны,       Як трымацца тых радаў, сказалі:
Першы брат ад яе меў наказ незабыты:       — Нездарма быць хацеў царам ночы, І сваіх і чужых расьпінаў на крыжы ты;       Крыўдай праўдзе сьмяяўся у вочы.
Бачыш зоры і сонца вясёлае бачыш?       Зь імі рвіся ўсім сэрцам зраўняцца, А як сьлед свой зарнічным сьвятлом абазначыш, —       За табой кінуць зморы ганяцца.
Хочаш цішы прытульнай і ласкі патольнай,       Збудаваць Божы быт на пакутах, — Дай другім волі ў волю, і сам будзеш вольны,       Не дасі — зь сьвету зыдзеш у путах.
Брат другі яе мудрыя выслухаў рэчы:       — Не туды цэлы век пёрся здуру; На быдлячы мяняў воблік свой чалавечы,       Каб напяці гладзейшую скуру.
Хто пакінуў свой дом на пасьмешышча нетрам,       Дом чужы таму будзе астрогам; Хто паклоны біць стаў збоку злыбедным ветрам,       Свой пасад таму стане бярлогам.
Вызнай, кім цябе бацька на сьвеце пакінуў, —       Станься тым ды йдзі к меншаму брату… Не прыслужнем будзь ласцы прыблуднага сына,       Будзь пракляцьцем яму — свайму кату.
Трэці брат ад Судзьбіны наказ пераслухаў:       — Сну-траве ты занадта даў веры, I ў сябе шанаваць чалавечага духа       Не патрапіў наўчыць брата-зьвера.
Ўспомні, выклічы родныя ўсе загаворы       I зводзь імі прыблудаў заломы, Што ляглі на твае крывасейна разоры,       Што страчаеш за домам і дома.
Схову новую ладзь, больш твае скуль прыпасы б       Не валок зводны зьмей і начніцы; Разбудзі сам сябе і той бацькавы насып,       Што паганіць нага чужаніцы.

V

Дні за днямі, гады за гадамі йдуць важна,       Йдуць суважна за зьменамі зьмены, Перамены ў сябе засявае брат кожны,       Шчасьцю ўзносяць свайму новы сьцены.
Асьвяціў сваё чорнае першы сумленьне       Прагавіцьцем быць сонцу раўнёю, Ў путах сьцюжу трымаць, меці жараў насеньне,       Тлець, пылаць над людзьмі, над сабою.
Як сам цар-Грамавік, чуе ў жылах пажары:       Сонцы б новыя сеяў па небе, Абярнуў бы сялібныя ў полым абшары       I сьвет цэлы спаліў бы ў патрэбе.