Выбрать главу
Гэткіх думаў сягнуць недасягнутых чынаў,       Аж сябе сам сабою распражыў: Сонца сэрца яго растапіла, як льдзіну,       А душу спапяліла на сажу.
Брат другі шоў на нетры сьляпыя аблавай,       Воблік крадзены кідаў загубам, Акрыляў сам самога асілкавай славай,       Паўставаў проць хапанага клубам.
Як двурог-маладзік, маладзеў сярод зломаў,       Вызіраў непакорай, пакорай, На мінуўшым мінуўшыя ўзводзіў харомы,       Падпіраў кастылямі падпоры.
Прыпадаў к мёртвым краскам грудзьмі і душою,       Саграваў сэрцам лозы і шышкі, Выцьвітаў, аж і стаў — чым быў — чорнай зямлёю, —       Зьвесьць не зьвёў недахваткі і лішкі.
Трэйці брат загаворы здымаў з папялішча,       Знаць даваў моц іх сьпячым народам; На вялікае новых прыпеваў ігрышча       Выступаў — адступаў чараводам.
Зводам браў-сунімаў крыўдадзейнага зьмея,       Трос заломам, як сівер мятліцай; Сховы новыя ўзносіў паміж сухавеяў       I пускаў к ім старыя крыніды.
Гнаў крыніцы, піў зь іх і ў іх затапіўся…       На былым даў былому ўзрастаці; Склеп нямы, дзе ляжаў чараўнік, адчыніўся, —       Сьвет нанова стаў новых чакаці.

VI

Уставаў чараўнік, што сыноў трох выводзіў       I паказываў тры ім дарогі: Віцца ў захадзе стаў, віўся ў чорным усходзе;       Стаў сачыць скрозь глухія парогі.
Ў хвалях мутных шукае, к каму дзе падсесьці,       Нагавормі сваімі абвеяць; Трох сыноў ён шукае, што ў чэсьці, ня ў чэсьці       На яго мейсцы пошасьці сеюць…
Азірае сыноўнія спадкі ў пустошы,       Ў быт глядзіць ад канца да пачатку; Засыпае, ўстае на адцьвіўшай пакошы,       Аджыўляецца ласкай прыпадку,
Барадой яго пошум, як лесам калыша,       Хмары звонам кладуцца на плечы, Грамавік на грудзёх яго гібелі піша,       Ведзьмы шэпчуць аб соладкіх рэчах.
Ён ідзе… Сям і там набіваецца ў госьці,       Упіваецца ў сэрцы нямыя, I сьцібрае на путы струхлеўшыя косьці,       I пляцёнкі з асьлепленых шые.
За сабою валочыць патухшыя душы,       Разбаўляе дрыгву імі ў пушчы; Кроўю цёплай сьцюдзёныя вогнішчы тушыць,       Сэрцы лёдам аблітыя лушчыць.
I свае і чужыя выцягвае звадай,       Жылы белыя чорным патрэбам, Каб заместа усіх і ўсяго ў сьветагляду       Быць усім — і зямлёю, і небам.
Каб спустошыць, абнетрыць труп'ём чалавека,       Даць папас на магільным папасе, I так хэўраю будучых, быўшых адвекаў       Расьцьвісьці, растапіцца ў бясчасьсі.
Гэткай рдзее душой чараўнік-сьлепаводнік,       Што сыноў навучаў трох калісьці, А за ім сучыць сьледам, цянюючы, зводнік       І гайдае зялёнае лісьце.
Шапаціць тое лісьце заснуўшым палянам, —       Чуе ночка глухая, нямая: Кожны край, што дачэсна завецца забраным,       Гэткіх казак забытых шмат знае.

На папасе

Абразок

Вясенняя ноч. Непадалёк ад гасцінца — хвойнік. Тры падарожныя збіраюць галлё.

1-ы падарожны, (прыносячы галіну).

І пуста ж, пуста ў гэтым лесе! Нідзе галінкі не найсці; Вось тут абсохні і сагрэйся, Найдзі дарогу ў беспуцці. А помню, усё было іначай, Папас тут меў ты, як папас; Нічога воз галля не значыў, Агонь не зводзіўся, не гас.

2-і падарожны, (кідаючы сук).

Цьфу! Каб ты ўсё пайшло тут прахам! Ну, і галоцяць людзі лес: Па сук і то з вялікім страхам На хвойку чуць я, чуць узлез. Яшчэ паўгода, год і будзе Без блыску вогнішча начлег; Не раз, не два хтось блудам зблудзе Усякай погані на смех.

3-і падарожны, (кідаючы лазіну).