Выбрать главу

1-ы падарожны.

Ты не тутэйшы мусіць будзеш, Або і горай ад яго?

2-і падарожны.

Цікава, вельмі ўжо цікава Ўся гэта гутарка твая, Але такую меці славу Не пахваліўся б, браце, я.

3-і падарожны.

Так з кута ў кут век вандраваці, Як мне здаецца, без патрэб… Ці ж то не лепш сядзець у хаце І у спакоі есці хлеб?

Незнаёмы.

Э, што!.. Бывайце, людзі жывы! Дзе толькі торба і мой кій?.. Гэй, сыпма далей, там, на нівы, Хоць гром грымі, хоць віхар вый! Яшчэ спаткаемся калісьці — За год, за колькі мо гадкоў, Як звянуць сёлетнія лісці, Як прыйдзе Радаўніца зноў.

(Адходзе, напяваючы):

Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён…

1-ы падарожны.

І дзіўны ж гэты чалавечак! Чаго ён хоча ад другіх?..

2-і падарожны.

Ці ж мала ёсць такіх авечак? Ат, толькі смех глядзець на іх!

3-і падарожны.

А я скажу вам, егамосьці: Сыходзе з поля маладзец; Злавіў там з кніжак штось, чагосьці, Ну і вар'юецца ўканец.

(Чуваць конскі топат).

1-ы падарожны.

А гэта што зноў за праява: Каго нячысцік нясе так?

2-і падарожны.

Бадай, запутаная справа, — Вунь, вунь — адзін, другі ездак.

3-і падарожны.

Сюді на вогнішча к нам едуць, А з імі — нейкі важны чын.

1-ы ездак, (шыбка пад'язджаючы).

Ці не маглі вы бачыць, ведаць — Сюдою путнік шоў адзін?

Падарожныя.

Не, не, паночкі! мы не знаем, Мы тут начуем толькі ўтрох, І зараз самі ад'язджаем: На рынак ладзімся, на торг.

2-і ездак.

Паедзем дальша, тут нічога Нам не паказвае на след.

3-і ездак.

А як вы ўбачылі б такога, — Злавіць, звязаць — і к нам, чым свет!

(Ад'язджаюць).

1-ы падарожны.

Чакайце толькі, покуль буду Нагу яму я падстаўляць. Каб чуць раней, а ўжо без труду Маглі б гуртом бяднягу ўзяць.

2-і падарожны.

А шкода, шкода было б хлопца! Такі ж ён нейкі чараўнік…

3-і падарожны.

Не думаць! Як мы — рос у вёсцы, Як мы — такі ён сам мужык.

1-ы падарожны.

Зайдзі ка мне — я даў бы хлеба.

2-і падарожны.

Апраткі б я не пажалеў.

3-і падарожны.

Каб начаваць было патрэба, — Папас найлепцы ў мяне б меў.

1-ы падарожны.

Запраўды, так гавора важна.

2-і падарожны.

А ўжо ж, ганяюць не здарма!

3-і падарожны.

І песню так пяе працяжна!..

1-ы падарожны.

Душу, здаецца, рве яна.

2-і падарожны.

А ці ты помніш усю чыста?

1-ы падарожны.

Пачатак помню я увесь.

2-і падарожны.

А я сяродак галасісты.

3-і падарожны.

А мне канец у вушы ўлез.

(Расходзяцца, напяваючы):

Жыў на свеце Лявон, Молад дужы быў ён, Толькі з волей і долей не бачыўся…

VII. Перэклады с польскага