Шмат і іншых паданняў у тым краі кружыць сярод простага люду; у многіх з іх згадваюцца гістарычныя выпадкі, іншыя ж — болей плён фантазіі ды меланхалічнага духу, што вызначае жыхара гэтых дзікіх і лясістых ваколіц; ад прыроды ён здольны да жвавае думкі, уяўленне яго стварае дзіўныя карціны. Асобныя з тамтэйшых простанародных паданняў я перадаў у баладах, змешчаных у трох томіках альманаха «Nіezabudka»[15], а менавіта: «Дзявочая крыніца»[16], якая знаходзіцца на поўнач ад горада Полацка, схаваная ў ценю адвечных лясоў; «Дзве бярозы»[17], якія і цяпер люд паказвае непадалёку ад берагоў возера Шэвіна; «Курганы»[18]; «Русалка»[19], ўзятая з песні чараўніцы, якая, сумуючы па сваім каханым, спявае:
Бываюць тут часамі ў нядзелю кірмашы; людзі збіраюцца з бліжэйшых вёсак у касцёл. Там на могілках можна бачыць сцэны, якія наводзяць на душу смутак. Вось удава з малымі дзецьмі ля драўлянага крыжа, які стаіць над магілаю яе мужа, а там сіраты над магілаю бацькоў выказваюць сваю журбу голасам, які раздзірае сэрца; калі хто наблізіцца да іх і падслухае іхнія словы, — яны зайздросцяць мёртвым, і гэтыя слёзныя скаргі, здаецца, працялі б і каменныя грудзі. Пасля набажэнства ўсе збіраюцца ў адным месцы, дзе-небудзь паблізу карчмы; тут з’яўляецца некалькі жыдкоў[20] са стужкамі, іголкамі і рознымі блішчастымі аздобамі для адзення; падае голас адмысловая беларуская дуда[21]. Распачынаецца музыка[22] пад адкрытым небам; малады хлопец, і сівы дзед, падхмеленыя гарэлкаю, скачуць да поту, іх радасць часта пераходзіць межы прыстойнасці. А журботныя плачкі, якія нядаўна заліваліся слязьмі над магілаю мужа і бацькі, скачуць пад мелодыю дуды:
Або таксама:
У большасці песень гэтага простага люду, як у словах, так і ў мелодыі, ёсць нешта меланхалічнае, і нават вясельныя песні, дзе маладым зычаць шчаслівага супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі плачу… Але вясельныя абрады адметныя рыцарскім запалам; малады, перш чым стаць ля парога бацькоў нарачонае, прывучае свайго каня не баяцца агню і кідацца ў полымя, апасля такое падрыхтоўкі, сабраўшыся ехаць да свае нарачонае, ён і яго дружына надзяваюць чырвоныя шапкі, звешваюць на грудзі чырвоныя хусткі ды імчацца праз горы да дому, дзе іх чакаюць нявеста і госці. Перад варотамі яны спыняюцца; салома шугае полымем, ён і дружына пераскокваюць яе наўскач на ўдалых конях, але і тут яшчэ запаленыя пучкі саломы, якія кідаюць коням у вочы, не дазваляюць заехаць у адчыненыя вароты; яны адольваюць усе перашкоды; малады са схіленай галавою ўваходзіць у хату, сядае за сталом, чуецца песня «Баслоў Бог вяселе іграць»[23], і тут пачынаецца блаславенне маладых і вясельны баль. Але ў часе таго балю здараюцца розныя незвычайныя выпадкі.
Беларусь, як і іншыя народы, памятае яшчэ некаторых сваіх міфалагічных бажкоў. Русалкі, калі жыта красуе ў полі, з распушчанымі доўгімі валасамі гушкаюцца на бярозах і спяваюць песні; іхні смех адгукаецца ў глыбіні лясоў і трывогай працінае тых, хто збірае грыбы або ягады. Лясны бог — пан дзікіх пустэльняў; каб чалавечны зрок не мог яго ўгледзець, ён пад размаітымі выглядамі хаваецца ў сваіх уладаннях; мінаючы лугі, так змяншаецца, што яго нельга ўбачыць у густой траве; ідучы праз пушчы, раўняецца з самымі высокімі хваінамі. Ён апякун звяроў і лясных птушак. Кажуць, што бачылі велізарныя чароды вавёрак, якіх лясны бажок перапраўляў з аднае пушчы ў другую; ён рабіў гэта, каб выратаваць іх ад агню, бо прадбачыў, у якім баку выбухне пажар.
Урачыстасць Купалы вядома амаль усім славянскім народам. На Беларусі 23 чэрвеня[24], пасля захаду сонца, адбываецца Купальня, або Свята Купалы; уначы шукаюць скарбаў; самы шчаслівы той, каму пашанцуе сарваць кветку папараці; яго зрок прыкмячае закапаныя ў глыбіні зямлі скарбы, і ён столькі можа мець золата, колькі сам захоча. Кабеты разам з юнакамі і дзяўчатамі каля вогнішчаў са смаловага палення чакаюць усходу сонца, спяваючы песні:
15
Да верасня 1844 г. Я. Баршчэўскі выдаў пяць томікаў альманаха «Niezabudka». Калі пісьменнік кажа пра тры томікі, дык, відавочна, што напісаны ў 1842 г. артыкул без змен быў уключаны ў першы томік «Шляхціца Завальні».
21
Дуда — духавы інструмент са скураным мехам, маленькай трубачкай для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі з язычкамі (пішчыкамі).