Выбрать главу

Пан Завальня любіў прыроду, найбольшай прыемнасцю для яго было садзіць дрэвы, і таму, хоць дом яго стаяў на гары, за паўвярсты нельга яго ўбачыць, бо быў з усіх бакоў прыкрыты лесам. Толькі рыбакам, што плавалі па возеры, адкрывалася ўся пабудова. Ён таксама меў прыроджаную душу паэта і хоць сам не пісаў ні прозай, ні вершам, але кожнае апавяданне пра разбойнікаў, герояў, пра чары і цуды надзвычай яго займала, і кожную ноч ён засынаў не іначай, як слухаючы чарадзейныя гісторыі. Таму ўжо было звычайным, што, пакуль ён не засне, хто-небудзь з чэлядзі мусіў апавядаць яму якую простанародную аповесць, і ён слухаў цярпліва, хоць бы адна і тая ж гісторыя паўтаралася некалькі дзесяткаў разоў. Калі хто прыязджаў да яго, маючы якую патрэбу, які-небудзь падарожны ці квестар[29], ён найласкавей яго прымаў, частаваў, пакідаў начаваць і выконваў усе жадункі, узнагароджваў, абы толькі той расказаў яму якую казку. А асабліва ўвосень, калі ночы доўгія. Той госць быў для яго наймілейшы, які меў у запасе найбольш гісторый, розных здарэнняў і показак.

Калі я прыехаў да яго, ён быў вельмі мне рады, распытваў пра шаноўных людзей, у якіх я праслужыў столькі гадоў[30], расказваў пра сваю гаспадарку, пра бярозы, ліпы і клёны, якія шырока распасцёрлі свае галіны над дахам. Некаторых суседзяў хваліў, іншых жа ганіў, што яны займаліся толькі сабакамі і паляваннем. Нарэшце, пасля доўгае размовы пра сёе ды тое, кажа мне:

— Ты чалавек вучоны, хадзіў у езуіцкую школу[31], чытаў многа кніжак, гутарыў з вучонымі людзьмі, павінен ведаць шмат разнастайных гісторый, сёння ўвечары раскажы мне што-небудзь цікавае.

Дык я пачаў прыпамінаць, чым бы пахваліцца. Я нічога не чытаў, апрача гісторыкаў і класікаў. Гісторыя народаў — не займальная рэч для таго, каго не цікавяць тэатр свету і асобы, што іграюць розныя сцэны. Для майго дзядзькі адзінай гісторыяй былі Біблія, са свецкіх жа паданняў ён дзесьці вычытаў, што Аляксандар Македонскі, прагнучы даведацца пра вышыню неба і глыбіню мора, лятаў на грыфах і апускаўся на дно акіяна[32] і такая чалавечая смеласць яго, дзядзьку, здзіўляла і займала. Трэба было і мне расказаць што-небудзь падобнае, таму вырашыў пачаць з «Адысеі» Гамера, бо ў гэтай паэме поўна чараў і дзіваў, як і ў нашых асобных простанародных аповесцях.

Блізу дзесятае гадзіны вечара, калі вясковыя жыхары канчаюць сваю працу, мой дзядзька пасля малітвы ідзе спачываць. Ужо сабралася ўся чэлядзь паслухаць новыя аповесці, а ён сказаў так:

— Ну, Янка, раскажы ж нам што цікавага, я буду пільна слухаць, бо сёння адчуваю, што не хутка засну.

Тады я, каб мае аповесці былі лепш зразумелыя для слухачоў, расказаў коратка пра самых галоўных грэцкіх багоў, багінь і герояў, пасля пра залаты яблык, пра суд Парыса, пра аблогу Троі. Усе слухалі з цікавасцю і здзіўленнем. Я чуў, як некаторыя з чэлядзі гаварылі:

— Гэтай басні прыпомныць не можна, дужа цяшкая.

— А ці было калі ў сапраўднасці тое, што ты расказваеш? — пасля доўгага маўчання перапыніў дзядзька.

— Так некалі верылі паганцы, бо гэта было да нараджэння Хрыстовага.

Вядома з гісторыі пра гэты народ, вядома таксама і пра яго рэлігію.

— І такому вас вучаць езуіты ў школах, нашто ж гэта прыдасца?

— Хто вучыцца, — адказаў я, — той павінен пра ўсё ведаць.

— Ну, то кажы далей.

І далей я апавядаў без перапынку. Ужо было пасля паўночы. Чэлядзь, разыходзячыся, паціху паўтарала паміж сабой:

— Нам гэтай басні ня выўчыцца, усё што-то ні па-нашэму, тут нічаго ні прыпомніш.

Праз пэўны час я пачуў моцны храп майго дзядзькі і, усцешаны з гэтае прычыны, перажагнаўся і заснуў.

На другі дзень ён як вясковы гаспадар устаў вельмі рана, агледзеў увесь свой маленькі маёнтачак, вярнуўся ў дом і, набліжаючыся да мяне, калі я яшчэ драмаў, загукаў:

— О, як бачу, вашэць любіць спаць па-панску; уставай, у простых людзей гэта грэх, і цябе назавуць гультаём! Але твая ўчарашняя гісторыя вельмі вучоная, хоць забі, не помню аніводнага імя тых паганскіх багоў. Дый гэта не апошні раз, пагасцюеш у мяне да вясны і за доўгія зімовыя ночы шмат мне раскажаш пра сёе і пра тое.

вернуться

29

Квестар — манах, які збірае ахвяраванні на кляштар.

вернуться

30

Колькі гадоў служыў Я. Баршчэўскі ў «шаноўных людзей» сёння нам невядома.

вернуться

31

Відавочна, Завальня мае на ўвазе і Полацкі езуіцкі калегіум, і Полацкую езуіцкую акадэмію. Полацкі езуіцкі калегіум заснаваны ў 1580 г. паводле загаду Стэфана Баторыя. У 1812 г. пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію.

вернуться

32

Відавочна, маецца на ўвазе перакладная старабеларуская аповесць «Александрына» («Похождение царя Александра Македонского»)