Сцяпан разгладзіў далонямі складку на ім і задаволена сказаў:
— Аказваецца, усё маюць, чэрці, але прывыклі, што наведвальнік наш непатрабавальны, прывык жыць па формуле, як у Чэхава — помніш? — «лопай — што даюць».
Анатоль ледзь прыкметна ківаў галавой у знак згоды і ўсміхаўся аднымі вачамі з-пад акуляраў.
Зрабіўшы заказ, Сцяпан раптам вярнуўся да таго, што Анатоль сказаў у дзвярах:
— Чалавек ты не маленькі — не прыбядняйся. Справа іншая, што мы — больш на віду. Нас цяжка падабраць, каб гаспадары былі; ніякі інстытут не падрыхтуе добрых старшынь... Але калі ўжо натрапілі на гаспадара, то яго падтрымліваюць, яго ведаюць ажно ў ЦК, з ім лічацца. Вунь такі, як Арлоўскі, на ўсю краіну грыміць. Мы — сіла... Мы кормім народ...
Анатоль зноў усміхнуўся, зноў тыкнуў пальцам у дужку акуляраў і неяк нясмела заўважыў:
— Я асабіста заўсёды лічу, што народ корміць... цябе... мяне... усіх. І ты пісаў так.
— Ты мяне на слове не лаві. Вядома — народ... Хто гэта можа аспрэчваць? Любы прыхільнік культу асобы не адважыцца... Я проста не так сказаў... Добры старшыня калгаса, вядома, сіла, ад яго шмат што залежыць... Але галоўнае — народ, ён — тварэц свайго добрабыту. Я, брат, гэта вельмі добра разумею. Ты ж чытаў мой артыкул? Ведаеш, з чаго я пачаў у калгасе? Вось яно як!
Афіцыянтка прынесла заказаныя поўлітра гарэлкі і халодную закусь: кілбасу, селядца. Анатоль, як і пры заказе, зноў скрывіўся:
— Многа ты заказаў.
— Не палохайся, я меру ведаю. — Сцяпан наліў па першай чарцы. — Узялі!..
Анатоль падняў сваю чарку павольна, нават неяк урачыста і раптам загаварыў:
— Добра, давай... За народ... I за тое, каб мы, яго выхаванцы, яго служкі, ніколі не забывалі, што ён, народ, нас корміць і поіць.
У Сцяпана варухнулася брыво — ён здзівіўся такому красамоўству сябра: Анатолю, заўсёды такому ціхаму, сціпламу і дакладнаму, зусім не ўласціва была такая ўзнёсласць і паэтычнасць.
Анатоль выпіў сваю чарку, хутка закусіў селядцом і, пакуль Сцяпан быў заняты закускай, спяшаўся выказаць сваю думку:
— Прызнаюся, я спачатку здзівіўся, калі даведаўся, што ты і іншыя з вышэйшай адукацыяй пайшлі старшынямі... Мне здавалася, што гэта неразумна: рыхтаваць пятнаццаць-шаснаццаць год спецыяліста-юрыста, інжынера, і раптам — у калгас... А потым даведаўся, як ты працуеш, прачытаў твой артыкул і сказаў: правільна! Калі хочаш ведаць, то, можа, гэта і ёсць той подзвіг, пра які мы некалі гаварылі...
— А ты думаеш, мне лёгка было развітвацца з пасадай раённага пракурора? Я таксама думаў, як ты: вучыўся, атрымаў пасаду... А Клава як узбунтавалася: не паеду! Колькі слёз было! А цяпер — задаволена! Я і не думаў, што я — такі гаспадар! Сам дзіўлюся. Скажу табе шчыра: падабаецца мне быць такім гаспадаром... Кажуць, у каго эканоміка — у таго улада. Але не думай, што ўлада мне падабаецца. Не. — Сцяпан наліў па другой чарцы. — Па-чалавечаму прыемна, калі бачыш вынік сваёй працы не ў выглядзе папер, пратаколаў ці прамоў, а ў выглядзе засекаў са збожжам, бітонаў з малаком, капцоў з бульбай і рахунку ў банку...
Анатоль ціха і задаволена смяяўся і зноў першы ўзняў чарку.
— Вось за гэты хлеб, за малако і за рахунак з сямі лічбаў! — ён выпіў і, замест таго каб звыклым рухам паправіць акуляры, зняў іх зусім. Ад гэтага твар яго стаў маладзейшым і больш простым, магчыма, таму, што адкрыліся блізарукія, але добрыя ўлюбёна-ласкавыя вочы.— Ты — маланчына... Ты правільна пачаў... Адразу падумаў аб людзях... Галоўнае — клопат пра чалавека... Калі чалавек адчувае, што пра яго думаюць, што ўсё, што робіцца,— гэта для яго... дык ён горы пераверне... Здорава ў цябе сказана ў артыкуле!.. Смела... І прыклады якія! 3 хатамі, з агародамі... У нас не ўхмеюць так пісаць... Суха, казённа: «выканалі, перавыканалі, недавыканалі»...
— Але, брат, мне ўдалося знайсці гэтае галоўнае звяно. Магчыма, што дапамагла наша прафесія... А што ты думаеш? Нашай прафесіі бюракратызм — злейшы вораг... Пракурор не можа кіраваць агулам... Наша работа канкрэтная: лёс чалавека... Я кажу — наша... Твая работа!.. Мая цяпер інакшая... Мне цяпер трэба думаць аб лёсе двух тысяч чалавек...
Сцяпан засмяяўся і, чакаючы гарачай стравы (халодную закуску ён усю з’еў), узяў анатолевы акуляры, пільна агледзеў іх і, начапіўшы на свой мясісты пачырванелы нос, паглядзеў праз іх на вуліцу, дзе ішлі людзі і шумелі на ветры ліпы.
— Што гэта яна нам адбіўных не нясе? Вось што, Толя, тэарэтычныя размовы — убок. Давай пяройдзем да практыкі. Ты скажы мне: калі ты будзеш маім госцем? Ці думаеш хавацца па-ранейшаму?