Выбрать главу

Юра ўпiваўся сваёй бязмежнай уладаю над ёй. Калi ў часе супольных выхадаў у горад яму хацелася жанчыны, "фiлосаф" не чакаў вяртання дадому: у каго-небудзь у кватэры ён, перамiргнуўшыся з гаспадаром, вёў Iрку ў другi пакой цi ў кухню, а на вулiцы - заводзiў у блiжэйшы пад'езд i, расшпiлiўшы на джынсах маланку, нагiнаў Iрчыну галаву.

Улетку, калi, паводле шчаслiва-бесклапотнага зiмовага плана, Iрына мела здаваць iспыты на фiлалагiчны факультэт, абмежаваная адно межамi ўласнае фантазii ўлада над дзяўчом конча набiла Юру аскомiну i ён прывёў да сябе нейкую Веру, а свайго "сабачку" выгнаў на вулiцу, уручыўшы "на обзаведение хозяйством" 10 рублёў 50 капеек i клетку з чыюкам. На адвiтанне Iрына яшчэ мусiла заняцца з фiлосафам любоўю, а прысутная пры гэтым Вера ўпэўнена дастала з шафы фотаапарат.

Я слухаў i намагаўся ўявiць, як папярэднiца гэтай сённяшняй пракуранай навылёт хiмiцы, ленiнградская дзяўчынка Iра, без пяцi хвiлiн медалiстка, чытала на пасяджэннях лiтаратурнай студыi свае верлiбры, абмяркоўвала опусы раўналеткаў i называла антыпаэтычным верш аднакласнiка "Девочки на танцах", дзе былi радкi: "Коленки всё, коленки всё, коленки, а между ними сердцу так тесно".

На вулiцы Iрку падабраў Жора на мянушку Кот, якi меў жывое i карае левае вока i шкляное i блакiтнае правае. Жора быў шчодры, але два падарожжы на зону ў Мардовiю (недзе там у халодным месяцавым святле сябры i прайгралi ў карты ягонае вока) дарэшты пазбавiлi Ката ў адносiнах з жанчынамi ўсякай абыходлiвасцi, i самым ласкавым, што чула Iрка перад хвiлiнамi блiзкасцi, былi адрывiстыя загады накшталт "Ложись!" або "В стойку!". Калi Жору забралi трэцi раз, яна праходзiла па справе сведкай, а потым скарбовым коштам прыехала на "хiмiю", дзе i занялася складаннем спеўнiка, што трапiў да маiх рук у дзень прыезду.

Калi Iрка замаўчала,на плыўнай рачной лукавiне паказалася лава сплаўнога лесу, аднак цяпер я не ўспамiнаў дзеда Максiма. Я глядзеў на тонкiя Iрчыны шчыкалаткi i прыцэўкi, думаў, наколькi яна прыгажэйшая за маленькую Вiку, i не верыў нi ў Жору-Ката, нi ў фiлосафа Юру, што мог завесцi яе на Лiцейным у першы-лепшы пад'езд i расшпiлiць на сваiх джынсах маланку. У закутку душы шкрэблася спадзяванне, што ўсё гэта з разраду туфты, якой кармiлi нас прыблатнёныя ягаднiнскiя падлеткi.

"Ты знаешь, я не верю", - неяк па-дзяцiнаму разгублена прамовiў я, каб штосьцi сказаць. Iрчын твар пабiла чырвонымi плямамi, i яна рванула на галаву маечку з алiмпiйскiмi кольцамi. "А вот это видал?"

Пасля таго я доўга баяўся зiрнуць у яркiм святле на аголеныя жаночыя грудзi, бо бачыў мала чаго страшнейшага за маладую грудку, спрэс пакрытую густой мёртва-сiняю татуiроўкай.

"А теперь все! Уё...й! - раз'юшана працадзiла Iрка. - Понял? Уе...й!" Цi то ад непатушанага недакурка, цi то ад самой Iрчынае лютасцi пад нагамi ў яе пачало тлець шыгавiнне. Яна ўскочыла, i з яе яшчэ свежых чарэшневых вуснаў пасыпалася такое, што маiм вушам закарцела скруцiцца ў трубачкi, а галаве ушрубавацца ў плечы i яшчэ далей, каб схавацца дзе-небудзь на дне страўнiка.

Сцежка вяла мяне прэч, а ў патылiцу павутамi ўпiвалiся набрынялыя нянавiсцю словы, сярод якiх "уё...й!" было цi не самым цнатлiвым i чыстым.

Прысмак якойсьцi зробленай на цёплым камянi над ракою памылкi не пакiдаў мяне ўвесь наступны тыдзень. Магчыма, гэтае няўтульнае пачуванне падтрымлiваў нарад на будаўнiцтва пяцi тыпавых драўляных прыбiральняў. Нам з Генiкам выпала капаць ямы ды збiваць седалы з "ачкамi". Пачаўшы з элементарнага класiчнага ромба, мы спакваля асвоiлi сэрца, а пад канец з дапамогаю нажоўкi i долата быў народжаны шэдэўр у выглядзе пяцiканцовай зоркi.

(Праз паўгода, калi нас пацягнуць за самвыдавецкiя альманахi - рукапiсны наваполацкi "Блакiтны лiхтар" i нашу машынапiсную родную гiстфакаўскую "Мiлавiцу", - маёр КДБ пад час прафiлактычнае размовы будзе казаць: "Не думайте вилять хвостом. О вас нам известно решительно все. Например, ваши стройотрядовские, так сказать, туалетные художества. В своем националистическом угаре вы дошли до изощренного надругательства над пятиконечной ленинской звездой". Я паспрабую рэабiлiтавацца, называючы сцiплыя дасягненнi ў выпiлоўваннi бяскрыўдным жартам, ды эфект атрымаецца адваротны. "Значит, кто-то спускает штаны, делает в дорогой каждому советскому человеку символ, и это, как вы выражаетесь, "жарт"?" "Гэта даўнi салярны сымболь, буду баранiцца я. - Яшчэ старажытныя iндыйцы..." "Можете рассказывать это своим "старажытным" индийцам". "Свастыка, мiж iншым, таксама сымболь сонца", неабачлiва вырвецца ў мяне, i я нарвуся на ледзяное пракурорскае пытанне: "Почему же вы в таком случае не вырезали свастику?") Наш расквечаны сякiмi-такiмi прыгодамi, але збольшага ўпарадкаваны побыт зрабiў рэзкi паварот, калi празаiк Джон Галяк скiнуў з сябе дрымоту i нечаканым манеўрам адбiў у начальнiка будупраўлення, якому мы падпарадкоўвалiся, цёмненькую амазонку Святланку.

Калi вы нiколi не рамантавалi вузкакалеек, забiваючы за дзень у спружынiстыя шпалы па пяцьсот кастылёў, вам цяжка будзе даўмецца, чаму мы з такой тугою прыгадвалi сытае вуркатанне бетонамяшалкi i глыбокiя ношкi з рошчынаю цi з пiрамiдаю цэглы. Заставалася суцяшацца тым, што ў любой сiтуацыi прысутнiчае i станоўчы момант.

Таежная вузкакалейка дапамагла ранняму мне больш глыбока адчуць i спасцiгнуць ранняга Ўладзiмiра Караткевiча, якога я тады адкрываў дзякуючы Генiку - першаму на маiм шляху гарадскому чалавеку, што гаварыў па-беларуску не на сцэне i не з тэлеэкрана.

Згадзiцеся: чытаць баладу "Паўлюк Багрым", адлежваючы бакi на панцырным iнтэрнатаўскiм ложку i смокчучы з рыльца "лiдскае" або "жыгулёўскае" - гэта адно, а разгарнуць кнiжку ў кароткi перакур, калi ад вiдна да вiдна махаеш з-за пляча кувалдай, цаляючы па натурыстых кастылях, - зусiм iншае, i здаецца, што гэта якраз пра цябе:

А ў краiне так цяжка

(Асiны ад ганьбы палаюць),

I над ёй фанабэрыцца

П'яны, разбэшчаны гун.

Як пры князю Ўсяславе

Дзень вялiкi, а луста малая.

Як пры князю Ягайле

На кожную спiну бiзун.

На жаль, новая праца спрыяла адно глыбокаму пранiкненню ў таямнiцы мастацкае творчасцi. З астатнiм атрымлiвалася тугавата. Праязджаючы паўз нас на вiсклiвай дрызiне, падобны да хамяка з туга набiтымi шчокамi начальнiк будупраўлення зларадна галёкаў: "Что, студенты, зае...сь?"