— Сір! — нагадаў капітан трэцяга рангу, бачачы, што Хартэсно не спяшаецца сыходзіць з мосціка. Адмірал хацеў пераканацца ў тым , што ўсё ідзе як мае быць.
— Іду, Лаворгс!
Мужчыны спусціліся і селі ў крэслы, пасля чаго прышпіліліся. Корпус «Ла-Гроа» завібрыраваў — гіперпрывод пачаў разганяцца. Праз некалькі імгненняў у вушах зазвінела — гудзенне скачковай устаноўкі змяніла танальнасць.
Хартэсно і Лаворгс надзелі кіслародныя маскі. Яктолькі мужчыны выканалі перадстартавыя працэдуры, абодва крэслы патанулі ў сілавых коканах, затым у сферы лінуў амартызацыйны газ. Сірэна змоўкла. Прыемны жаночы голас па гучнагаварыцелю стаў весці адваротны адлік. Як толькі запіс дайшоў да нуля, зоркалёт пачаў імкліва набіраць хуткасць.
«Ла-Гроа» дасягнуў гіпермяжы праз дваццаць пяць секунд. Пераход быў падобны на падзенне ў бяздонную прорву — за лічаныя секунды перагрузка ўзрасла да дванаццаці g. Неадольная сіла ўціснула адмірала і капітана трэцяга рангу ў кампенсацыйныя крэслы, пазбаўляючы магчымасці паварушыцца. На шчасце, жахлівае паскарэнне ніколі не працягвалася доўга.
За дзесяць мільёнаў кіламетраў ад выхаду з гіперпрасторавага калідора ўключыліся тармазныя сістэмы, затым ціск на зняволены ў сферы экіпаж пачаў слабець. Зоркалёт выйшаў з гіперпрасторы ў трох мільёнах кіламетрах ад Зямлі і скінуў хуткасць да дасветлавой — Асамблея разумных светаў Айкумены давала зямлянам час на тое, каб падрыхтавацца да сустрэчы.
Як толькі сілавы кокан адключыўся, адмірал расшпіліў рамяні, сцягнуў маску і выбраўся з крэсла, імкнучыся суняць усхваляванае сэрца. Але даць рады ўсхваляванасці было не проста — моцна ціснуў цяжар адказнасці перад Саветам Старэйшын і ўсведамленне важнасці ўключэння новай расы ў Асамблею.
Гул і вібрацыя зніклі. Прайшоўшы дзвесце тысяч кіламетраў, «Ла-Гроа» нарэшце спыніўся.
Высілкам волі адмірал суняў трапятанне і падняўся на капітанскі мосцік, разважаючы пра тое, якія вышыні пакарыла чалавецтва з моманту старту «Ваяджэра-1». Мінула амаль пяць тысяч гадоў. Уяўленне малявала яркія карціны.
Следам за Хартэсно падняўся Лаворгс. Другі намеснік захоўваў маўчанне, не адважваючыся парушаць урачыстасць моманту.
Адмірал начапіў навушнікі з мікрафонам і запатрабаваў:
— Дыспетчар, агульны выгляд Сонечнай сістэмы!
— Ёсць, сір! — адгукнуўся нябачны суразмоўца, і на маніторы з'явіўся аб'ёмны малюнак — восем планет рознага памеру вакол жоўтага карліка, мноства ледзяных каметападобных аб'ектаў з вялікай паўвоссю, пояс астэроідаў, каласальная вобласць рэліктаў часоў узнікнення Сонечнай сістэмы, сферычнае воблака ледзяных груд.
— Павялічыць малюнак! — загадаў адмірал. — Мяжа — арбіта самага далёкага ад Бетэльгейзе газавага гіганта!
Малюнак змяніўся — аб'екты выраслі ў памерах.
— Нічога не разумею, — задуменна вымавіў капітан трэцяга рангу, — а дзе ж сляды астраінжынернай дзейнасці?
Хартэсно нахмурыўся, аднак спяшацца з высновамі не стаў. Адмірал запатра ба ваў:
— Зум! Мяжа — пояс астэро ідаў!
Каардынатар ізноў павялічыў карцінку. Планеты выраслі ў памерах яшчэ больш, сталі добра адрозныя малыя целы.
І зноў нічога, што магло б сведчыць на карысць асваення касмічнай прасторы.
— Сір? — другі намеснік перавёў на Хартэсно здзіўлены погляд.
Адмірал не адказаў, хоць быў уражаны пустэчай не менш за Лаворгса. Пяць тысяч гадоў для цывілізацыі, якая выйшла ў космас, — гэта шмат. Вельмі шмат...
— Зямлю — буйным планам ! — запатрабаваў Хартэсно.
Да здзіўлення адмірала і капітана трэцяга рангу, штучных аб'ектаў вакол планеты не назіралася. Сама яна была не бела-блакітнай, а шэрай з чорным адценнем.
Некалькі імгненняў мужчыны моўчкі разглядалі Зямлю, а затым Хартэсно сказаў у мікрафон, кінуўшы мімалётны погляд на пазалочаную пласцінку:
— Дыспетчар, параўнаць каардынаты выхаду з гіперпрасторавага калідора і дадзеныя з Дыска!
— Ёсць, сір!
Пацяклі хвіліны чакання. Адмірал разглядаў планету, песцячы надзею на тое, што штучны інтэлект «Ла-Гроа» памыліўся, і зоркалёт выйшаў з гіперпрасторы ў іншым месцы.
Пустата калязямной прасторы палохала — было ў ёй нешта няправільнае.
— Каардынаты супадаюць! — нарэшце паведаміў дыспетчар.
Сэрца Хартэсно ёкнула. Адмірал сціснуў кулакі і загадаў:
— Прыступіць да дыстанцыйнага сканавання!
Пакуль спецыялісты займаліся праверкай калязямной прасторы, Хартэсно спрабаваў асэнсаваць адсутнасць усякай пазаземнай актыўнасці. Для цывілізацыі, якая абмінула стадыю самагубнага ядзернага вар'яцтва, пустата бліжэйшага космасу не была характэрнай.