— А дзе ж той Бог, а дзе тыя до-брыя людзі?.. А за што ж вы яго катуеце-е?!
— Ціха, дурніца! Ну вось, дачакалася!..
З ганка пастарунка сышоў паліцыянт і ўжо ідзе сюды, абыходзячы лужыны… Данік не вытрымаў: узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны.
— Няхай бяруць! — ужо не плакала, а крычала яна. — Няхай катуюць і мяне! Няхай!..
Дзядзька паказаўся з-за ганка і шмыгануў перад акном па мокрых, гразкіх дошках тратуара.
— Стуй! Чэкай, хаме! — крычыць паліцыянт і сам ужо бяжыць сюды па гразі.
А цётка не ўцякае… У нейкім шэрым бурносе[30], у лапцях, у хустцы-канаплянцы… і не ўцякае!..
Данік прыўстаў і ўсадзіў у фортачку твар.
— Ідзі, ідзі! — гаворыць цётка. — Ідзі, напіся, крук[31], і маёй крыві! Бог мілы дасць — захлынешся!.. Ах, Божа мой!..
Данік убачыў толькі, як ён, паліцыянт, замахнуўся… Тады, заплюшчыўшыся ад жаху, малы закрычаў. Толькі адно, толькі самае першае слова:
— Мам-ма!..
І тут яго схапілі пад пахі нечыя дужыя рукі, знялі-сцягнулі з падаконніка на падлогу.
Данік апрытомнеў, убачыў, што гэта яна — кіроўнічыха. Яна стукнула фортачкай, зашчапіла яе, стала спіной да акна, засланіла сабою ўсё… А ён памкнуўся наперад, хацеў ёй крыкнуць нешта такое, пасля чаго яна назаўсёды перастала б для яго быць настаўніцай, а ён — яе вучнем… Ды вось пані Мар’я закрыла аберуч твар, і плечы яе задрыжалі. Данік адступіўся. Крыку за вокнамі ўжо не чуваць… I цішыня пустога класа, і гэтыя малыя белыя рукі, што ўпершыню закрылі мілы калісьці твар настаўніцы, і плечы яе, што дрыжаць, — усё гэтае нібы вярнула яго зноў сюды, на гэтую падлогу перад партамі… Данік спалохаўся, абмяк, адышоўся на сваё месца і стаў на калені.
— Што ты робіш, дзіця маё! Што ты крычыш!
Яна ўжо стаяла за яго спіной. А ён не хацеў нават азірнуцца. «Ідзі ты к чорту! Разам з усімі вамі — к чорту!..» — гаварыў ён без слоў, усімі сіламі сваёй уражанай, як быццам ужо не дзіцячай душы. Але слёзы, гарачыя слёзы нянавісці і жалю самі каціліся з яго вачэй…
— Устань!
Данік унурыў галаву яшчэ ніжэй.
— Устань, Малец, кажу табе!
Яна ўжо гаворыць без слёз. I ён ужо не плача. Слёзы самі паўзуць па шчоках Сівага, а ён ужо калупае пальцамі сухі, шорсткі мох у пазе, а потым нібы адрывае руку ад сцяны і пальцы самі сціскаюцца ў кулак.
— Устань, Данік! — Яна назвала яго так упершыню. — Ну, я прашу цябе — устань…
Данік устаў. Ён не глядзіць на яе, бо ўжо не можа ўзняць вачэй. Не можа і не хоча. I вось да твару яго дакранаецца цёплая далонь. Пальцы спаўзаюць па шчацэ да падбародка і хочуць знізу прыўзняць хлопцаў твар.
— Не трэба, Данік, злаваць на мяне…
Ды ён не хоча слухаць, не хоча і гэтай рукі. Матнуўшы галавой, ён вызваляе свой падбародак з яе цёплых пальцаў.
— Ну што ж, ідзі дахаты. Толькі ціха. Дай я цябе правяду цераз гэты пакой.
Пяты клас — чуваць Даніку — ужо шуміць за сцяною. Ісці тудою — сапраўды не варта. Данік бярэ з парты торбу і шапку, ідзе следам за кіроўнічыхай. Цераз настаўніцкі пакой яна выпускае яго на ганак. Хлопец не кажа нават таго «до відзэння», якое павінен сказаць. Не можа вымавіць. Ды і не хоча. Спыніўшыся на нейкі момант, ён глядзіць цераз гразкую плошчу туды, дзе на ганку цаглянага дома зноў стаіць той — ненавісны, жахлівы — у цёмна-сінім шынялі…
8
Неяк увечары, дома, калі маці наліла яму паабедаць з дарогі, Данік, нават не сеўшы за стол, сказаў:
— Дай мне адну залатоўку.
— Вось як! — здзівілася мама. — Навошта?
— Трэба.
Назаўтра, у школе, як толькі адзвінеў на вялікую пераменку званок і пані Мар’я выйшла з класа, Санька Сурновіч, якога ўжо называлі Матэйкам, ускочыў на парту і закрычаў:
— Увага, увага! Сёння Малец частуе! Рыхтуйцеся, хто галодны!..
— Я галодны! А я галаднейшы! Давай, Данік! Чым частуеш? — закрычалі хлопцы.
Данік сядзеў за партай і толькі ўсміхаўся.
— Чым я цябе пачастую? Свежым снегам? Што ён выдумаў!
I Сівы штурхануў свайго сябра, Саньку Сурновіча, пад бок: маўчы!..
— Эй, снеданне нясуць! Нех жые![32]
З пятага класа — адтуль быў выхад на двор — увайшлі дзяжурныя. Рыжы і кучаравы Абраша Цымес, сын каваля Ярухіма, надзьмуўшыся, нёс перад сабою бачок з гарачай кавай. За ім ішла, несучы два накрытыя сурвэткамі кошыкі, Аня Нупрэвіч, па мянушцы Каза, бойкая, крыклівая дзяўчынка з рубцом-разрэзам на верхняй губе.
— Г-гоп! — паставіў на стол бачок Абраша Цымес.