— Чаго напалі? — закрычала Каза на дзяцей. — Не ўсе адразу!..
У школе быў нядаўна заведзены такі парадак, што дзецям выдавалася «бясплатнае падмацаванне». Кубак кавы і лустачка хлеба — заўсёды адно. Дзеці «ўжэнднікаў» і паліцэйскіх падыходзілі да гэтай справы «з гонарам» — бралі толькі каву і запівалі ёю свае, дамашнія, бутэрброды. Іх пераймалі ў гэтым сынкі і дачушкі багатых яўрэяў. Іншыя дзеці елі звычайна і сваё, і школьнае. Шмат было і такіх, для каго гэты кубак кавы і лустачка хлеба былі адзіным падмацаваннем. З такіх звычайна кпілі панскія і купецкія дзеці.
Пра гэтыя іх кепікі найбольш балюча і злосна думаў Данік Малец. Ён разумеў ужо і чуў ад старэйшых, што «падмацаванне» гэтае — нікчэмныя крошкі ад тых шматлікіх падаткаў, якія паны здзіраюць з працоўных, — крошкі, кінутыя «на адчэпнае»…
— Ну, Абраша, ты — свой чалавек! Поўны, брат, налівай!
Абраша любіў гэтую справу. З чарпаком у левай руцэ, з лістом паперы ў правай (ён быў ляўша), вясёлы рыжы Цымес чытаў па спіску прозвішчы:
— Бурак Люба!
— Ёсць!
— На, палучай на чай, — і наліваў ёй чарпаком у падстаўлены кубак.
— Ян Цівунок!
— Ёсць!
— На, палучай на чай. Онэфатэр Эля! Стэфан Чачотка!..
— Ёсць! Ёсць! — адказвалі выкліканыя. Атрымаўшы «на чай», яны падыходзілі да Казы, якая выдавала хлеб.
Як толькі ўсе расселіся па партах і пачалі жаваць ды сёрбаць, Санька Сурновіч зноў закрычаў:
— Увага!
Тады Данік аберуч дастаў з-пад парты і ўзняў над галавою вялікую вязку нанізаных на шпагат абаранкаў. Яны, здаецца, ажно засвяцілі! Вялікія, салодкія, па пяць грошаў!..
— Ура! Нех жые! — закрычалі дзеці.
— Спісак давай! Чытай, Матэйка, па нашаму спіску! — скамандаваў Данік.
Санька стаў за сталом, дастаў з кішэні складзены лісток са сшытка і пачаў чытаць:
— Янка Цівунок! Біруля Ніна! Хана Партной!..
Для тых, каго ён выклікаў, Данік здымаў са шпагата вялікі, яшчэ духмяны абаранак.
I спіс, і абаранкі закончыліся разам.
— Вунь які! Ты, брат, давай усім!
— Усім не магу! Не хапіла!
I вось тады Чэсік Бэндзіньскі, сын каменданта пастарунка, усхапіўся са сваёй парты і, яшчэ не глынуўшы мамусінай булкі з маслам і сырам, закрычаў:
— Я ведаю! Ведаю ўсё!
— Што ты ведаеш? Што? — падышоў да яго Данік.
— Ну але, што ты ведаеш? — падышоў да яго і Санька.
— Усё ведаю! I скажу!
— Што ты скажаш? Каму?
— Пані Мар’і, каму ж!
— Эх ты, лупаты!
— А ты хамула! Мала вас яшчэ наглушылі!..
— Матэйка, Сівы, — па мордзе яму!..
Хлопцы не заўважылі, як з настаўніцкага пакоя ўвайшла ў клас і апынулася ў самым кірмашы іх выхавацелька. Яны пачулі толькі яе голас:
— Ціха! Што тут у вас! Я кажу — ці-ха!
Крычала яна не адна, — разам з ёю ўвайшоў пан Дулемба, якога хлопцы з пятага класа празвалі Павуком.
— Будзе ціха, халера, ці не?! — крычаў ён, натапырыўшы жоўтыя вусікі.
— Пан дазволіць, пане Каролю, я разбяруся сама, — сказала яму пані Мар’я. — Дзе дзяжурныя? Што гэта ў вас за парадак?
Абраша Цымес і Каза, абое з недаедзенымі абаранкамі і з кубкамі ў руках, толькі хацелі пачаць апраўдвацца, але Чэсік Бэндзіньскі перабіў іх. Ён падышоў да настаўніцы бліжэй і сказаў:
— Я ўсё ведаю! Гэта — камуна!
— Якая камуна? Што ты пляцеш?
— Я не пляту. Я, проша пані, усё адразу разгадаў. Гэты вось, Малец, — ён тыцнуў рукой у грудзі Даніку, — падвучыў іх сабраць грошы…
— Няпраўда, — перабіў яго Санька. — Мы не падвучвалі, мы грошай не збіралі…
— Сціхні ты! — крыкнуў Чэсік. Ён хацеў яшчэ нешта крычаць, але настаўніца спыніла яго і звярнулася да Даніка:
— Малец, ты купіў абаранкі?
— Я.
— А дзе ты ўзяў гэтулькі грошай?
— Мама дала.
— А навошта ты гэта зрабіў?
— Пані Мар’я, — умяшаўся Дулемба. — Я думаю, што ён маніць. Ты, дурань, гавары!..
Кіроўнічыха пачырванела і нейкі момант глядзела на Павука.
— Пане Каролю, — сказала цвёрда, з прыціскам, — я прасіла ўжо даць мне святы спакой. Гэта мой клас, і я сама разбяруся… Малец, навошта ты гэта зрабіў?
Данік глядзеў і не моргаў.
— У мяне сёння дзень нараджэння.
— Няпраўда! Ён маніць! — закрычаў Бэндзіньскі.
— А ты адкуль гэта ведаеш, Чэсь? — павярнулася да яго пані Мар’я. — Як можна так гаварыць пра калегу?
— Бо ён не ўсім па абаранку даў, а толькі па нейкім спіску. Вось па гэтаму — у Сурновіча!
Дурны Санька! Ён не схаваў у кішэню, а яшчэ ўсё трымаў у руцэ той лісток са сшытка. Настаўніца ўзяла лісток і пачала вадзіць па ім вачыма.
— На больш у мяне грошай не было, — гаварыў Данік. — Каб мама больш дала, дык я…