— Тады круль Ян Сабескі, — пачаў ён, — падкруціў свой вус…
Клас грымнуў смехам.
— Ціха, драні! — старалася перакрычаць усіх панна Рузя. А потым, калі вучні сціхлі, яна, паглядзеўшы на Янку, сказала: — Сядай, матолак! Не буду я тут з табою надрываць свае лёгкія. Хто адкажа?
Узнялося некалькі рук. Асабліва — адна, з другой парты, старалася дастаць найдалей, — ледзь не да самага твару настаўніцы.
— Бэндзіньскі, — сказала панна Рузя.
Чэсік апусціў сваю доўгую руку, устаў і бойка загаварыў:
— Калі наш храбры круль Ян Трэці Сабескі разбіў туркаў пад Венай, ён уязджаў у Вену на чале сваіх непераможных гусараў. Аўстрыйскаму цэсажу не спадабалася, што гэта не ён, а наш круль Ян Трэці Сабескі перамог туркаў, і ён не хацеў зняць капялюш перад нашым крулем. Ян Трэці Сабескі падняў руку, каб падкруціць свой вус, а аўстрыяк падумаў, што ён падносіць руку да капелюша, і тады ўжо ён схапіўся за свой капялюш. А потым…
— Старчы[37], Бэндзіньскі, сядай! — усміхнулася настаўніца.
Яна падсела да стала і выняла з чорнай сумачкі свой тоўсты блакнот. Нават і не прыўстаючы, з першай парты Данік бачыў, як яна адгарнула старонку на літару Б і напісала вялікае пяць. Пасля адгарнула старонку на літару Ц, падумала трохі і паставіла, таксама вялікае, мінус тры.
— Ну, хто далей? — спыталася, гледзячы на клас.
Ды тут у дзверы з настаўніцкай нехта пастукаў і спытаўся:
— Можна?
Клас падхапіўся і не застыў, як звычайна, у маўклівым прывітанні, а загудзеў на трыццаць шэсць галасоў.
«А-а-а! О-о-о!» — чуваць было ў гэтым нястрымным гуле дзіцячай радасці.
— Ціша! — перакрычала іх панна Рузя. — Сядайце! Дзень добры, пані Анджэеўска! Прашу прайсці далей.
Пані Мар’я — у цёплым паліто і футравай шапачцы — стаяла каля дзвярэй і ўсміхалася. Такая бледная яшчэ, з пазападаўшымі вачыма…
— Я — толькі зірну на іх разочак. Можна, панна Рузя?
I вось, выйшаўшы ад дзвярэй за стол, дзе так прывыклі бачыць яе чацверакласнікі, пані Мар’я памаўчала, апусціўшы вочы, а потым паглядзела на клас і сумна ўсміхнулася.
— Дзеці, — сказала яна, і голас яе задрыжаў. — Мілыя дзеці, я вельмі рада, што вы яшчэ ўсе памятаеце мяне. Я так хацела б адказаць вам сэрцам за сэрца… Ужо цяпер, адразу, але… Ну што ж, мне не ўдасца прыйсці ў школу, відаць, да самай вясны…
Клас ахнуў зноў, і зноў панна Рузя перакрычала яго, супакоіла.
— Я пацяшаю сябе тым… — пачала пані Мар’я, але голас яе зноў задрыжаў. — Ды што там пацяшацца: у маі ўбачымся зноў. — Яна ўсміхнулася. — Жадаю вам поспехаў, дзеці! Будзьце здаровы!
Кіроўнічыха неяк вельмі ж павольна выйшла з класа.
Панна Рузя пайшла праводзіць яе на вуліцу. А дзеці кінуліся да акон. Не ведаючы, што зрабіць і што сказаць, каб пані Мар’я зразумела іх, яны крычалі ў вокны і махалі рукамі.
А Данік, дык ён узлез з каленьмі на падаконнік і — як у той незабыўны дзень, калі на тратуары перад школай галасіла цётка, — узяўся рукой за раму фортачкі. Вось-вось, здаецца, крыкне. Але крычаць ён не мог…
Пані Мар’я ўзышла на прыгорачак перад школай, азірнулася, памахала рукой і пайшла. На сярэдзіне плошчы азірнулася зноў, зноў памахала. Данік уздрыгнуў — ледзь прыкметна і для самога сябе. Хлопцу здалося, што памахала яна толькі яму, апошні раз і — назаўсёды…
I раптам вочы Сівага пацяплелі ад слёз. Ды не, ён не заплача цяпер. Нягледзячы нават на тое, што ён — другі раз пасля арышту Міколы Кужалевіча — зноў адчуў, зноў зразумеў, як гэта цяжка, калі ты застаешся… Ну, не адзін… не сірата… А ўсё ж, як гэта цяжка і горка!..
11
У панскім садзе і старым, запушчаным парку заліваліся салаўі. Яшчэ, відаць, не снедаўшы і не сціхаючы ад самага змяркання. Сонца ўзышло, але праменні яго асвятлялі пакуль што толькі верхавіны ліп, у лісці якіх кахкалі галкі.
З белых зашклёных дзвярэй драўлянага дома на высокім каменным падмурку выйшаў заспаны пан Вільчыцкі.
— Чаго цябе бура прыгнала так рана? — незадаволена спытаўся ён у мужыка, які стаяў перад ганкам.
Марка Палуян, галынкаўскі солтыс, спачатку зняў шапку і прывітаўся:
— Дзень добры, паночку. Вельмі пшэпрашам, што я парушыў спакойсцвіе вашага сну. Я думаў пачакаць, ды ваша пакаёвачка…
Воддаль, пераходзячы ім дарогу, з-пад аборы[38] на пашу ішоў панскі статак.
— А толькі ж пастуха вы, паночку, узялі!.. Ніхто вам, мусіць, не сказаў нічога?