Сама Мальчыха, дык тая проста аслупянела ад шчасця. Учора, як прынеслі з пошты пісьмо і павестку, загаварыла ўся вёска. I «з таго мэнту», як кажа Зося, думкі ў яе галаве блытаюцца адна за адну, а іх раз-поразу прадзімае вялікая радасць. Грошай раптам будзе столькі, што і ў галаву не тоўпіцца.
Страшна было б адной і ісці па іх. Кастусь, дзякуй яму, ідзе. Паслухаў. Ён то, нябось, разбярэцца ўсюды! Ды і свой сынок таксама. Бачыш, жаба, упёрся — «пайду». Трэба ж яму апрануцца што-небудзь купіць…
Прыпыніўшыся, Зося азіраецца і з усмешкай пытае свайго гаспадара:
— Ідзеш, Даніла?
— Іду, іду, — адказвае Сівы. I вочы яго ажно пабліскваюць з-пад башлыка.
Данік таксама думае.
Яму ўжо адзінаццаць. Ужо другі год хлопец сядзіць у трэцім класе. Што, хіба ён вучыцца дрэнна? Ды не! Цяпер ужо не толькі ўся школа, а ўся Галынка ведае, што ён, Зосін Данік, вучыцца лепш за ўсіх. Найбольш чытае — і беларускіх, і рускіх, і польскіх кніжак, абы дзе якую дастаў. А вось застаўся ў трэцім класе на другі год. Хто ведае — можа, і яшчэ год будзе сядзець… Такі ўжо заведзены лад у паноў: хто не адходзіць у школу да чатырнаццаці год — плаці штраф або адседжвай у каталажцы[25] пры гміне[26]. За ўсё адседжваюць людзі — за падаткі, за штрафы, калі няма чым заплаціць. Дзеду Раману прыйшло ад сына з войска даплатное пісьмо, дык ён і за даплату гэтую прасіўся адседзець. Маме ні штрафу плаціць, ні адседжваць, вядома, не хочацца, дык вось Данік і ходзіць другую зіму ў трэці клас. Ісці ў чацвёрты, у местачковую школу, — і няма за што, і няма ад каго. Трэба ж і маме дапамагаць. Шэсць чужых кароў і сваю Рагулю пасе ён улетку.
А ў школу, у чацвёрты клас, так хочацца!..
Вясной, калі ён скончыў трэці, быў у іх сам «пан кіроўнік» — дырэктар местачковай сямігодкі.
«Пан, зразумела, — звярнуўся ён да іхняга Цабы, — лепшых вучняў накіруе да мяне, у чацвёрты клас, а гэтага, Мальца, — у першую чаргу, абавязкова».
«Пане кіроўніку, — загугніў Цаба, — ён, Данель Малец, вельмі бедны, сірата. Дарэмная гаворка».
«Ну што ж, як не, дык не», — сказаў кіроўнік.
А тут учора дзядзька Пятрусь прыслаў пісьмо і грошы. Вось табе і «не, дык не»! Абы толькі да вясны дацягнуць, а там, увосені, я табе, пане Цаба, не здрастуй, а ты мне не застуй!
Дзядзька Пятрусь, незнаёмы Даніку брат яго бацькі, — вельмі добры, відаць, і вельмі разумны чалавек. I ён, як калісьці Мікола, гаворыць, што Данікаў тата — герой. Каб паны не забілі яго на вайне ды каб ён жыў, ён быў бы таксама разумны і добры. А каб паноў не было і тут? Што ж, тады не было б і пана Цабы з яго школай і не сядзеў бы ў турме такі разумны, добры, смелы Мікола Кужалевіч… Ды ці адзін хіба Мікола!.. Данік успамінае, як плачуць бабы і дзеці, калі паліцыянты гоняць у пастарунак[27] каго-небудзь з хлопцаў ці мужчын… А ўсё ж спяваюць у Галынцы песні супраць паноў, усё ж чакаюць прыходу таварышаў…
Тут на думку хлопцу ўзыходзіць, што школа ў мястэчку — таксама панская, як і ў Галынцы… «А ці добра, што я пайду туды, што я хачу вучыцца, хоць і па-польску? Што ж я — хачу панам Цабам зрабіцца?.. Ды дзядзька ж піша, каб я вучыўся! — успамінае ён з палёгкай. — У школе буду вучыцца па-польску, а дома — па-свойму. I буду шмат чытаць, буду такі разумны, як тата, як дзядзька Пятрусь, як Мікола!..»
6
Чацвёрты і пяты класы вучацца ў новым драўляным доме, насупраць якога, цераз плошчу, стаіць пастарунак.
Выхавацелька чацвёртага класа — пані Мар’я, або кіроўнічыха, як называюць яе вучні, — увайшла пасля пераменкі ў клас з вялікім пачкам чырванабокіх яблыкаў.
— Лісты кляновыя прынеслі? — спыталася яна.
— Прынеслі! Во якія! Во! — загаманілі вучні.
— А-ёй, навошта гэтак шмат? Я ж казала па два-тры, не больш.
Пані Мар’я гаворыць па-польску чыста, не так калечана, як пан Цаба.