Выбрать главу

Доўгія чорныя вейкі настаўніцы нечакана прыпадымаюцца. Вялікія карыя вочы яе глядзяць у шэрыя, ужо спалоханыя, вочы Даніка.

— Малец!

Сівы ўстае і чырванее. Ужо не толькі яна, а ўвесь клас — ён адчувае гэта — глядзіць на яго.

— Што ты зрабіў, пакажы!

Данік падае настаўніцы сшытак.

— Ну, вядома. Усе ўжо малююць, а Малец… Я пажартавала, што гультаі будуць есці лісты, — іх мы, магчыма, і на калені паставім. Як табе гэта падабаецца? Трэба рабіць, а ты сядзіш ды думаеш пра нябесныя мігдалы[29]

Пад смех усяго класа Данік садзіцца і пачынае маляваць. Ён кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай… Ды вось не клеіцца штосьці, не так выходзіць, як хочацца… Данікаў сусед па парце — Санька Сурновіч, хлопец з мястэчка. Яны ўжо трохі пасябравалі. У Санькі выходзіць зусім інакш. Бачыш, як захапіўся, — і галаву схіліў, і шчаку падпёр языком…

— Добжэ, Сурновіч, добжэ, — гаворыць пані Мар’я. Яна ўжо стаіць каля Санькі; схілілася над ім, усперлася рукой на парту. — Ты толькі, Сурновіч, лягчэй, не так рэзка. I не спяшайся. Дай мне пэндзаль. Падсунься трошкі.

Яна падсела да Санькі і ўжо малюе сама.

— Вось так, вось так, — прыгаворвае. — Што ж, прыйдзе час, наш Аляксандр Сурновіч будзе — хто ведае? — можа, Янам Матэйкам…

Усе смяюцца, а Санька шморгае носам і сарамліва апускае галаву.

— Ян Матэйка, дзеці, — гаворыць настаўніца, — гэта быў такі польскі мастак. Слаўны мастак, на ўвесь свет. Ну, а ты што тут робіш, задуманы? Пакажы.

Данік падае ёй свой сшытак, кладучы яго на Санькава месца.

— О, што гэта — аладка з хвосцікам?

Усе смяюцца, а пані Мар’я бярэ ў Даніка яго пэндзлік, набірае чырвонай фарбы і пачынае папраўляць яго няшчаснае яблыка.

Ах, і чаму ж яна не сядзіць побач з ім, а з Санькам?! Данік глядзіць на белую, маленькую руку настаўніцы, потым крадком цікуе на мілы, прыгожы твар яе, абапал якога звісаюць чорныя кучаравыя пасмы коратка, «пад польку», астрыжаных валасоў. I ў душу яго само чамусьці просіцца слова «матуля», пачутае ад яе пазаўчора…

— Вось так, вось так, — прыгаворвае пані Мар’я, малюючы, — і трэба, Малец, не глядзець, не марыць, а рабіць сваё…

Не, ніколі, відаць, яна не палюбіць яго так, як Янку-музыку! I ніколі не сядзе побач з ім, Данікам, і не пахваліць яго так, як Саньку!..

7

За вокнамі — позняя, мокрая восень.

Чацвёрты і пяты класы злучаны ў адзін пакой — на «беларускую гадзіну». Вучні-палякі пайшлі на гэты час дахаты, аднак і без іх у вялікім пакоі двум класам вельмі цесна.

Такіх гадзін бывае толькі дзве на тыдзень, і ў кожным класе іх вядзе пані Мар’я. I яна, і муж яе, пан кіроўнік, вучаць тут ад самага пачатку панскай улады. Дзеці даўно ўжо ведаюць, што яна — палячка. А вось дзе яна навучылася па-беларуску — аб гэтым яшчэ не дазналіся нават і яўрэйскія дзяўчаткі, якія ведаюць усе таямніцы з жыцця местачковых «ужэнднікаў».

Пані Мар’я піша з кніжкі на дошцы.

Спісаўшы ўсю дошку, яна загадвае чацвёртаму класу перапісаць практыкаванне і падкрэсліць назоўнікі адной рыскай, а прыметнікі — дзвюма.

У пятым класе будзе вуснае. Настаўніца бярэ беларускую чытанку «Родны край» і кажа, як заўсёды, па-польску:

— Вядомая беларуская паэтэса Цётка пісала і вершы, і прозу. Цяпер мы пазнаёмімся з яе навелай «Міхаська». Увага.

І пачала чытаць.

I, як заўсёды, калі пані Мар’я чытае па-беларуску, голас яе адразу стаў яшчэ мілейшы. Дзяўчаткі і хлопцы з пятага класа, якія сядзелі па чацвёра-пяцёра на адной парце, заціхлі і загледзеліся на настаўніцу. Цяжка было пісаць і чацвёртаму класу. А найцяжэй, здаецца, Даніку… Ды і навошта яму гэтыя назоўнікі, прыметнікі, пустыя сёлы і незалатаныя венцеры, калі пані Мар’я чытае?..

Перад вачамі Сівага, нібы на яве, разгортваецца роднае жыццё і першая праца — пасьба. Толькі ж не так ужо цёмна і горка было заўсёды, як там у кнізе. У Даніка, хоць ён таксама сірата, слёз было менш, чым радасці. Хлеб сірочы, вядома, нялёгкі, аднак пра яго пакуль што больш думала мама.

Сівы ўспамінае, як яны, галынкаўскія пастухі, збіралі жоўтую лотаць на залітых веснавой вадою паплавах, бегалі па цёпленькіх, празрыстых дажджавых лужынах на траве, гулялі на выгане ў «чыжыка» і ў лапту, хадзілі ўлетку на Нёман… Там яны купаліся на водмелі з вясёлым гоманам, вудзілі печкуроў, падпускаючы ім каламуты. Вада ў Нёмане, нават і каля берага, на мелізне, не ідзе, здаецца, а бяжыць, і каламута сыходзіць хутка: як ты ні калупай дно пальцамі ног — зноў відаць светлы, цвёрды пясочак… Увосень цвітуць на ўзлеску за ракою верасы, залітыя ласкавым сонцам. Пад босымі нагамі шалахціць залатое лісце, суха патрэскваюць сучкі на мяккай аўчыне імху, кропелькамі крыві стракацяць у бруснічніку кіслыя ягадкі. Як жа добра тады гайдацца на маладых, гнуткіх бярозках і перагуквацца, ловячы звонкае рэха. Як добра рэзаць вецце і вязаць лазою венікі — хто больш!.. А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску салодкую духавітую бульбу. Ну, хіба ж тады было да слёз!..

вернуться

29

Мігдáл — міндаль. Думаць пра нябесныя мігдалы — марыць пра нешта недасяжнае.