— Ладна, — сказаў Мікола і спыніўся. — Толькі так не аддадзім, на што якое памяняць можам…
— А на што ж?
— Можа, у вас кнігі якія ёсціка? — каб не выдаць Анюту, быццам не ведаў, спытаў Мікола.
— Ёсць! — узрадаваўся Ваўчок, аж загарэліся яго вочкі-свярдзёлачкі.— Розныя. Хадземце, даражэнькія, выбірайце сабе, якія даспадобы…
Кнігі — гэта ўжо багацце. Кніг не было ні ў Міколы, ні ў Алеся. Нават у школе іх бедна. Усё больш газеты. Чытаючы іх, хлопцы ўжо многае ведалі, што робіцца на свеце. Ведалі, што краіна ўступіла ў сваю першую пяцігодку, што хутка дасць ток магутная гідраэлектрастанцыя на Дняпры, будуецца магнітка, а да канца пяцігодкі ў сёлах будзе створана тысяча трыста машынна-трактарных станцый. Людзі працы ўзяліся за аднаўленне краіны з небывалым уздымам і энтузіязмам. А вось у іх, на хутарах, жыццё быццам замерла, топчацца на месцы. Нейкая цемната, глухата вакол. Хлопцам так хацелася вырвацца з гэтага балота на прастору, акунуцца ў тое вірлівае жыццё, пра якое яны толькі чыталі і марылі.
Кнігі — гэта пазнанне жыцця. Чытаючы адзіную сваю кніжачку «Слёзы Тубі» Янкі Маўра, яны ўпершыню адкрылі для сябе, што яшчэ ў свеце існуе жорсткая несправядлівасць, што адны людзі нічога не робяць і карыстаюцца працай другіх, забітых і абяздоленых. І яны ведалі, што ў краіне Саветаў назаўсёды пакончана з класавай несправядлівасцю…
Які ж новы свет адкрыюць тыя кнігі, якія Ваўчок ім дасць? Цікаўнасць і нецярпенне падганялі хлопцаў, клікалі — хутчэй бярыце, пакуль не позна!
Калі Ваўчок завёў іх у нейкую брудную прыцемненую каморку і адчыніў вечка прыгожага куфэрка, абабітага жалезам, яны бы знямелі: там, колькі было месца, роўнымі радамі ляжалі кнігі. Тоўстыя і тонкія, у простых вокладках і чорных скураных, з залатым абрамленнем і залатымі літарамі, запыленыя, але такія прывабныя, жаданыя…
— «Мальтийские рыцари в России», — прачытаў Алесь на адной вокладцы і схапіў кнігу так цэпка, быццам у яго збіраліся яе адабраць.
— Бярыце, колькі здужаеце занесці,— зірнуўшы на яго, засмяяўся Ваўчок. — А то я ўзімку ледзь не папаліў іх у грубцы. Вось і добрачка. Абмен тавараў… Вы — мне, я — вам… Э-э, здам у раёне, нештачка і мне дадуць…
Ён ужо трымаў вінтоўку і кляцаў затворам.
Хлопцы апаражнілі кішэні, набралі, як тых дроў, па бярэмю кніг — не бралі толькі на незразумелай мове — і, быццам баючыся, што Ваўчок перадумае, хуценька панеслі свой скарб да рэчкі. Неслі, аж запыхаліся, і толькі каля рэчкі прыпыніліся, паклалі кнігі на траву і прыселі каля іх, каб разгледзець лепш, чаго яны набралі.
— «Бедные люди», Достоевский. Во гэта, відаць, кніга! Бач, пра бедных людзей… — першы пачаў Мікола.
— «Записки врача», Вересаев… Тысяча дзевяцьсот першы год. Ціка-ава, — працягнуў кнігу Міколу Алесь. — Паглядзі…
— А ты во паглядзі — «Идиот». Яшчэ ранейшая — тысяча восемсот шэсцьдзесят восьмы год…
— «Война и мир». Граф Толстой… Граф! Чуў, Мікола?
— А вось — тры кнігі Чэхава…
Так яны дзівіліся свайму скарбу, перабіраючы кнігі, праціраючы іх далонямі.
— Нашы яны, нашы-ы, — радаваўся Алесь.
— А чаму — толькі нашы? — запытаўся Мікола, гладзячы вокладку верхняй кнігі.
— А чые ж яшчэ? — насцярожыўся Алесь. — Я свае нікому не аддам…
— Мы занясём іх у школу… Для ўсіх, хай чытаюць усе, — строга зірнуў на сябра Мікола. — Я не хачу быць сквапным аднаасобнікам…
— Яшчэ трэба паглядзець, можа, яны буржуйскія, не падыдуць для ўсіх. Графы тут розныя…
— Пятро Іванавіч скажа.
— Пікулік? Дык жа ён сам, казаў, стаў настаўнікам з сялян… Можа, і не чытаў такія, панскія…
— Разбярэцца…
Яны хацелі пайсці, як заўважылі, што ад хутара бяжыць сюды Анюта.
— Пачака-айце, хло-о-опцы-ы! — замахала яна хусцінкай, ды хлопцы і без гэтага ўжо яе чакалі. Задыханая, чырванатварая ад хуткага бегу, Анюта здалася ім вельмі прыгожаю ў гэтую хвіліну, бо хлопцы глядзелі на яе, як на якое дзіва, быццам у першы раз.
— Я ўсё бачыла… Усё, — адразу пачала яна дакорліва. — Я была ў гародчыку і бачыла, як вы прынеслі вінтоўку і выменялі на гэтыя кнігі…
Анюта, пэўна, думала, што хлопцы адразу збянтэжацца ад такога яе раптоўнага нападу, разгубяцца, але яна ўбачыла, што яны не звярнулі на яе словы нават ніякай увагі, і сумелася сама.
— Ну і што? — спытаў Алесь. — Выменялі… А мы ні ад каго і не хаваліся.
— Вось як! Ды ці ведаеце вы, каму ён панясе тую вінтоўку? — ужо сабралася з думкамі і зноў пайшла ў наступ Анюта, раз-пораз азіраючыся на свой хутар.
— Анюта, — ціха сказаў Мікола. — Мы зрабілі так, як трэба. І не пытайся больш ні пра што, не скажам. Слова давалі…
— Каму?
— Прыйдзе час — даведаешся.
— Мне мама казала, што сляпы жабрак — Зыгмусь Гурэцкі,— ужо лагодней прамовіла Анюта. — І прасіла нікуды не адыходзіцца з хутара, асабліва — у Мокры Лог.
Анюта прысела да хлопцаў, абхапіўшы вострыя калені рукамі, і задумалася.
— Баішся яго? — спытаў Алесь і першы падняўся з зямлі.
— Баюся…
— З намі, Анюта, табе няма чаго баяцца. Мы з Міколам за цябе любому галаву скруцім!
Анюце спадабаліся гэтыя словы, яна таксама ўскочыла на ногі, стукнула Алесю кулаком у напятыя грудзі і засмяялася.
— Во — як у бубен… Ты-то ўжо вымахаў, бо старэйшы за Міколу на паўгода, — зірнула на Міколу спагадліва, дадала: — Але, думаю, Мікола за цябе дужэйшы.
— Барокацца мы не будзем, — зразумеўшы, куды хіліць Анюта, Мікола, не падымаючыся, пачаў збіраць кнігі.— Ды гэта і не так важна — хто дужэйшы…
— Я пажартавала, — залілася яшчэ большай чырванню Анюта: да яе дайшло, што Мікола мог пакрыўдзіцца, ён меншы ростам і да таго ж худы. Вядома, якое там можа быць параўнанне з Алесем. Прысела да Міколы, быццам паглядзець на кнігі, перавяла гаворку. — Вам во колькі даў, а мне дык не дазваляе і ў рукі ўзяць.
— А ты да нас прыходзь чытаць! — узрадаваўшыся выпадку запрасіць Анюту, сказаў Мікола і паглядзеў на яе ва ўпор сваімі добрымі карымі вачамі.
Яна ўзяла ў рукі адну кнігу ў зялёнай вокладцы з чорнымі літарамі, разгарнула яе і прачытала:
— Бальзак. «Евгения Гранде»… у перакладзе Дастаеўскага, год тысяча восемсот сорак чацвёрты… — Уздыхнула, дадала: — Ды такую кнігу прачытаць — тры дні мала. А ты кажаш — прыходзь. Некалі мне. Можа, узімку хіба… Ну дык я пайшла…
— А мы бачылі таго, хто да вас прыходзіць ноччу, — каб хоць на які час затрымаць Анюту, пахваліўся Алесь. — Нават гаварылі з ім доўга…
— Хто ён? — спытала Анюта і запытальна зірнула на Міколу, які выпусціў з рук кнігі і цяпер стаяў насупраць яе і, зачараваны яе прыгажосцю, толькі лыпаў вачамі.— Хто ён? — паўтарыла яна пытанне.
Мікола адвёў позірк, ціха прамовіў:
— Баяцца яго няварта, і шкадаваць — таксама. Разумееш? Не баіцца ён вашага Ваўчка, а што ходзіць ды тое-сёе носіць — так трэба. Пасля пра ўсё раскажам, — баючыся, што Алесь яшчэ што лішняе скажа, дадаў: — Больш нічога не пытай. Так трэба.
— Ага, — выдыхнула Анюта. — І вінтоўку далі — так трэба. Хай застрэліць каго… той Зыгмусь.
— Не застрэліць, Анюта, — сказаў Мікола.
— Аню-юта-а! — пачулася ад хутара непрыемна-хрыпатае, і яна аж уздрыганулася.
— Во — на хвіліну адысці нельга, роб яму толькі і роб, як той вол…
— Нічога… Мне думаецца, нядоўга ўжо яму камандаваць табой, — сказаў Мікола, каб толькі суцешыць Анюту, бо ён і сам яшчэ нічога пэўнага не ведаў.
Калі Анюта адышлася ўжо даволі далёка, Алесь сказаў з уздыхам:
— І скарэй бы ўжо таго Ваўчка за жабры ўзялі… Мне так шкада Анюту…
— Возьмуць, — не дужа ўпэўнена прамовіў Мікола, а сам падумаў, што Анюту яму таксама шкада, што чым мець такога бацьку — лепш ніякога, як у яго, Міколы.
Хлопцы падабралі свае кнігі і рушылі да броду.
Тайна Крывога Панаса