Выбрать главу

— Адкуль уведаў?

— Ад хаўруснікаў…

— Якіх? — каб упэўніцца, ці праўда гэта, спытаў Панас і ва ўпор зірнуў на субяседніка.

— Залатых, — намякаў Ігнат і паляпаў сабе па галаве. — Ведаеш такіх?

— З імі не быў і нічога не браў… От знайдзі ў мяне што! — павысіў голас Крывы Панас.

— Які ж гэта дурань дабро хавае дома… У мяне ты таксама дома нічога не знойдзеш…

— У цябе і дома свайго нямашака, поняў? Жывеш у калгаснай канторы, рахуеш там іхнія прыбыткі — эх-хе-хе-хе! — засмяяўся Панас. — Заробкі…

— А што… Па сёлетняму ўраджаю кіло па тры збажыны атрымаюць на працадзень. Ды бульбы — не менш як па сем…

— Хітры ты чалавек, Ігнат… Хітры і спрытны.

У бандзе быў — і як з гуся вада. У канторы працуеш… А муціць ваду не перастаеш…

— А хіба ты Скуратовічу не служыў? Хіба ў разведку на станцыю, як вайскоўцы прыехалі, не хадзіў? Га? Хто першы Скуратовічу тыя звесткі прынёс?

— Прымушаў ён мяне.

— Прымуша-аў! — махнуў рукою Ігнат. — Каб не быў такі крывабокі, то пайшоў бы з намі як міленькі… Як бачыш, і ты запэцканы, не чысценькі. Скажы от — дзе дабро хаваеш? Каму яго збываеш?

— Многае ведаць хочаш… Сваё дабро лічы! «Значыць, у самую кропку! Залатыя яго хаўруснікі па бандыцкіх налётах — факт. «Залатыя» — у іх і мянушка такая. Дык вось дзе вы аказаліся, галубчыкі-рабаўнікі, аж з-пад Слуцка сюды прыджгалі…» — падумаў Ігнат і ўстаў.

— Так і дамовіліся — збор заўтра ў Мокрым Лозе каля валуна. Без ніякіх цырымоній…

— Падумаю, ці вартая гульня, — дзеля прыліку паламаўся Крывы Панас.

— Вартая. Нам бы толькі скарб яго падзяліць, а там — каціся к чортавай мацеры.

— Добра, — глуха вымавіў Панас. — Чакайце.

І калі госць пайшоў, ён дастаў з кішэні гадзіннік, пстрыкнуў вечкам, прыклаў да вуха і нейкі час з задаволенай усмешкай слухаў звонкае ціканне.

— Я вам падзялю той скарб! — сказаў загадкава. Паклаў гадзіннік назад у кішэню, зайшоў у хату і неўзабаве зноў выйшаў, апрануты ў пінжак, пры шапцы-аблавушцы, якую насіў і зімою і летам. Заціснуў пад рэмень невялічкую сякерку — ён заўсёды браў яе з сабою, калі куды ішоў,— і пакіраваў на сцежку, якая вяла да рачулкі.

Толькі ішоў ён туды не рыбу здымаць, ішоў на сваё запаветнае месца ў балоце, месца, якое ахоўваў, якому ўжо колькі год маліўся.

Вось мінуў па кладцы — зваленай алешыне — рачулку, вось ужо схаваўся ў густым хмызняку і па аднаму яму вядомай сцяжыне выйшаў на невялічкі востраў сярод балота, парослы высокімі і тоўстымі, як гмахі-дамы, елкамі. Яны раслі так густа, што закрывалі лапамі-галінамі сонца, і ўнізе панаваў паўзмрок. І сярод гэтага ельніку, добра замаскіраваная ад чужога вока, скрытая маладым шчэццем-ельнічкам, была зямлянка. Над ёй таксама рос ельнік, а ўваход у яе быў завалены ламаччам.

Панас адкінуў ламачча і па нейкіх сходачках апусціўся ў падзямелле, чыргануў запальнічкай і паднёс яе да свечкі, якая стаяла на скрынцы каля самага ўваходу, — цьмянае святло разлілося па змрочным сутарэнні, але Панас упэўнена падышоў да процілеглай сцяны зямлянкі, адчыніў дзверцы нейкай шафкі, што вісела пры сцяне, і агледзеў свой скарб. Усё было на месцы: і сярэбраны посуд, і залатыя бранзалеты з дарагімі каменьчыкамі. Асобна ляжалі грошы. Ён паклаў туды залаты гадзіннік і ўзяў дзесяцірублёвую паперку…

На нейкіх нарах уздоўж сцен, складзеных з бярвення, грудамі ляжалі боты, адзежа, коўдры. І асобна, у куце — некалькі скруткаў матэрыялу, дарагога і таннага, рознага колеру. Тут, у зямлянцы, было яго другое жыццё, жыццё бандыта і рабаўніка, хцівага і сквапнага, які марыў разбагацець на чужым, разбагацець так, каб пасля жыць у вялікім горадзе без турбот і клопатаў, жыць выключна для сябе, як вучыў яго колісь бацька, былы кат палітзняволеных, заядлы турэмшчык, які абіраў сваіх няшчасных да ніткі, паручнік па званню і злодзей па прызванню, Зюзін. Паручнік ужо склаў сваю галаву, а вось сынок, затаіўшы злосць на ўсё новае, народнае, вырашыў здзейсніць бацькаў нядобры запавет і стаў на дарожку гвалту і рабаўніцтва. Усё гэтае багацце, што захавана пад зямлёю, — чыесьці смерць і слёзы, чыёсьці вялікае гора…

Ды як бы той вяровачцы ні віцца, а канец рана ці позна будзе…

І калі, прыгадаўшы лаўжом ламачча ўваход у падзямелле, Крывы Панас пайшоў сваёй сцяжынкаю назад, у вёску, з іншага боку вострава, з-за тоўстай елкі, выйшаў другі чалавек і накіраваўся да шчэці-ельнічку. Гэта быў доўгі Ігнат… Ён праводзіў сакрэтную аперацыю «Залаты гадзіннік»…

На сене

З самай раніцы, ледзь развіднела, хлопцы рэзалі дровы. Яшчэ ўчора яны прыцягнулі з балотца дзесяткі два маладых бярозак і алешын. Цяпер вось пілуюць і адразу складаюць, — шурка расце ўвачавідкі. Праца гэтая нялёгкая, але ўдзячная: узімку сухія дровы — шчасце, не тое што з пня ды ў печ. Пішчаць, трашчаць, а цяпла ніякага…

Малы Пеця таксама пры справе — павёў пасвіць карову на повадзе, бо сівая так прэцца ў калгасны авёс, што вартаўнік на кані і то ледзь выгнаў яе са шкоды і ўжо, можа, у дзесяты раз гразіўся штрафам.

Жанчыны абганялі бульбу — два ўчасткі,— а Мірон ужо недзе на калгасным лузе. Пакуль стаіць спёка, трэба скасіць усе паплавы, тады хопіць сена і калгасу, і дастанецца яго сівой рагулі. У самы прыпар грэх сядзець дома. А працаваць «у грамадзе» Мірон любіць.

Калі хлопцы ўжо канчалі апошнюю бярэзіну, то ўбачылі, што да іх з клуначкам і граблямі ідзе Анюта. Абодва адразу насцярожыліся, бо ведалі, што так сабе яна не прыйдзе. Адно іх бянтэжыла — навошта Анюта ўзяла граблі.

— Уй-ю-юй, колькі ўжо напілавалі, - замест прывітання здзівілася яна ўвішнай працы хлопцаў і дзелавіта, са спачуваннем дадала: — А трэба ж яшчэ і на сена ісці. Пікулік аб'явіў збор, усе піянеры і школьнікі павінны быць сёння ў дзесяць гадзін на поплаве каля Прорвы, памагаць калгаснікам сена варочаць… Вось цётка Гэлька запіску ад настаўніка прынесла, глядзіце, калі не верыце…

Яна падала хлопцам кароценькую пісульку ад настаўніка і чакала, пакуль яны чыталі, схіліўшы галовы — чорную, з ледзь прыкметнымі кучарамі, і аўсяную, з простымі, раскіданымі абапал валасамі.

— От здорава! — сказаў Мікола. — Мы яму раскажам пра кнігі, хай адбярэ якія…

— Толькі не ўсе, — запярэчыў Алесь, — танейшыя пакінем сабе чытаць, а то як расхопяць, не дастанецца…

— Добра, добра, — перапыніў яго Мікола. — Дык чаго ж мы стаім? Ужо, напэўна, позна…

— Яшчэ толькі дзевяць, — сказала Анюта, бо ў іх дома быў гадзіннік, зялёныя ходзікі з адною гіраю. — І яшчэ… — яна паказала на клуначак. — Вазьміце што з сабой перакусіць, а то будзем да вечара.

— А што ж нам узяць? — паглядзеў Алесь на Міколу, як бы пытаючы ў яго. — Апроч малака, нічога няма.

— А праснак, а цукар! — адразу пачаў пералічваць Мікола, зусім не падумаўшы пра тое, што цукар ён пакідаў толькі Сняжку, і нікому больш. Сказаў, вядома, каб даказаць, што і ў яго ёсць што браць з сабою.

— А я от скварку ўзяла! — пахвалілася Анюта. — Я вам дам скрылёк сала, а вы мне — драбок цукру. Згода?

— Згода, — адказаў Мікола. — А праснак мяккі, на сыроватцы, што булка…

Ні Міроніха, ні Мар'я хлопцаў не затрымлівалі, бо ведалі, што трэба. Жывуць жа яны ў калгасных хатах, карыстаюцца калгаснай зямлёю…

Так што неўзабаве ўсе трое — хлопцы пабралі замест грабель арэхавыя кіі — рушылі на поплаў, які ад хутароў быў не так ужо і далёка, калі ісці напрасткі, уздоўж Казы.

Па дарозе Анюта расказала, што яе айчым адпіліў напільнікам у вінтоўкі рулю і ўкараціў прыклад. Усё гэта яна бачыла праз шчыліну ў дзвярах каморкі.

— Абрэз зрабіў,— заўважыў Мікола. — Бандыцкая зброя… Толькі дарэмна ён стараецца.

— А мне дык страшна, — прызналася Анюта. — Ён стаў такі звераваты, што слова не скажы…

— Не бойся яго! — бы загадаў Алесь. — Кажу — не бойся. Калі што якое, мы яму рогі абламаем, — і ён памахаў кіем, быццам ужо збіваў рогі таму Ваўчку.

— Гэткі ваяка, — зірнула на яго Анюта. — Мама і то яго баіцца. Мне так шкада маму…