Выбрать главу

— Дык ганіце яго! — не сунімаўся Алесь.

На гэтым гамонка спынілася, бо кожны ведаў, што не так лёгка прагнаць таго Ваўчка.

Ісці каля Казы басанож было нязручна і небяспечна: тут апроч безлічы вужоў сустракалася нямала і гадзюк, так што ступалі след у след, з асцярогаю, уважліва прыглядаліся па баках.

— Э-эх, даўно мы рыбу не лавілі! — са шкадаваннем вымавіў Алесь, спыніўшыся каля аднаго віру. Там, у крышталёвай вадзе, бы замерла, стаілася чародка паласатых акунёў, а далей, на перакаце аж шарэла дно ад лянівых, тлустых печкуроў. Яны зрэдку паблісквалі пузамі, ловячы пражорлівымі роцікамі ўсё, што несла вада.

— Наловім яшчэ. Вось толькі няхай усё гэта скончыцца, — сказаў Мікола, і невядома было, што ён меў на ўвазе: гэты сенакос ці што іншае.

Калі яны мінулі лазняк і выйшлі да вусця Казы, дзе яна злівалася з Бярозаю, то ўбачылі шмат людзей. Мужчыны ў белых кашулях, а то і зусім аголеныя па пояс, дружна ўзмахвалі косамі, а ўслед ішлі кабеты і разбівалі буйныя пракосы — дзе грабільнамі, а дзе і рукамі.

Школьнікі сабраліся асобна. Яны купкамі стаялі пад тоўстым дубам, шумелі, гаворачы кожны пра сваё, а калі да іх далучыліся хутарскія, загулі яшчэ дружней.

— Паны прыйшлі, бурж-жуі-і!

— Аднаасобнікі…

— Гнаць іх трэба, каб ніводнага не засталося! — кпілі многія.

Ды толькі Мікола і Алесь не з таго дзесятка, каб спалохацца, паддацца на кпіны. Яны засланілі сабою Анюту, выставілі, як пікі, арэхавыя кіі.

— Вось толькі хто зачапі! Вось зачапі! — набычыўшыся, прамовіў Алесь, і было відаць, што ён не жартуе, а звязвацца з ім, амаль дзецюком, ніхто не адважыўся. Ды і Міколаву сілу ведалі многія — дарма што меншы за Алеся, а кулак у яго моцны, да таго ж спрытны сам.

— Во, во як сваю нявесту абараняюць… А прыйдзе час — і самі паб'юцца з-за яе! Ге-ге-ге, гы-гы-гы, — усё яшчэ не здаваліся хлопцы з Замошша. Былі там і з Пабярэжжа, і з Калінаўкі, але тыя цішэйшыя. І, можа, хлопцы сапраўды пабіліся б, ды прыйшоў Пікулік, настаўнік. Быў ён малады, высокі і дужы, з бялявымі валасамі, прамым носам і васільковымі вачамі.

Ён павітаўся з новенькімі, дазнаўся, што ўжо ўсе прыйшлі, і сказаў:

— Дысцыпліна павінна быць, як на ўроку… Ніякіх спрэчак і бегатні. Наша задача — дасушыць і скласці ў копы ўчарашні пакос. Пайшлі за мною…

— Мы… не пойдзем, — цвёрда, як ужо вырашанае, заявіў Мікола і нават крыху падышоў да настаўніка, які глядзеў на яго дапытліва.

— Чаму ж гэта?

— Спытайце ў іх, — паказаў Мікола на хлопцаў з Замошша, якія і цяпер стаялі асобна і выскаляліся. — Мы не хочам, каб нас абражалі.

— Я пайду туды, дзе тата косіць, сённяшняе раскідаць, — сказаў і Алесь.

— І я, — ціха дадала Анюта, пазіраючы ў зямлю і чырванеючы да вушэй.

Усталявалася няёмкая цішыня: да гэтага часу Пікуліку ніхто не пярэчыў, яго слова было законам для ўсіх. І таму для многіх дзіўным падалося яго рашэнне.

— Ну што ж… — Пікулік умеў чытаць у вачах сваіх вучняў іх намеры, бачыў іх рашучасць, разумеў іх з паўслова, да таго ж любіў рашучых, самастойных дзяцей. — Ідзіце… Толькі працаваць так, каб нам сорамна не было, усяму калектыву. Я да вас наведаюся яшчэ… Не падведзяце?

— Не падвядзём, — запэўніў Мікола радасна і пераможна зірнуў на сваіх сяброў. І яны пабеглі да ракі, дзе здаля віднелася калматая галава Мірона, яго сіняя злінялая кашуля…

Мірон сустрэў іх ласкава.

— Ну, вось… Цяпер нас цэлая брыгада! — сказаў ён, не перастаючы касіць.

— Тата, дай падмяню, — адразу папрасіў Алесь.

— А пяткі табе не падрэжуць? — азірнуўшыся на касцоў, што далёка адсталі ад Мірона, спытаў той.

— Не-е…

— Ну-ну, паспрабуй…

Ён дастаў з-за пояса мянташку, павастрыў касу і працягнуў яе сыну, любуючыся, як ён стаў у пракос і, шырока ўзмахваючы кассём, крута заносячы правае плячо, упэўнена пайшоў па лузе, пакідаючы злева тоўсты, натапыраны пракос.

Анюта таксама залюбавалася такой Алесевай увішнасцю, і Мікола раўніва падумаў, што ён хоць і ўмее касіць, але браць так шырока, як Алесь, наўрад ці здолее, і таму, каб не стаяць, пайшоў у канец пракоса і з нейкай злосцю пачаў раскідаць траву рукамі, сцелячы яе на зямлю тонкім слоем. Ён ведаў — чым таней пасцеле, тым хутчэй трава высахне.

Неўзабаве да яго далучылася і Анюта, толькі яна разбівала траву грабільнам, падымаючы яе высока і трасучы. Дагнала яго, загаварыла:

— А здорава Алесь косіць, праўда?

— Здорава…

— І ты змог бы гэтак?

— Гэтак — не змог бы…

— Чаму ж?

— Мала касіў яшчэ, толькі па кустоўі, дзе асабліва і касой не размахнешся. Не спрабаваў на гэткім лузе.

— А ты паспрабуй.

— Навошта?

— Я… хачу… каб і ты не адстаў ад Алеся… Яна так мякка і лагодна вымавіла гэтыя словы, што ў Міколы аж пацяплела ў грудзях. — Чуеш? Паспрабуй, Мікола… Я хачу паглядзець.

Ён не адказаў ёй, і як трымаў ахапак травы, кінуў яго на зямлю і пабег да Алеся. Моўчкі выхапіў у яго з рук касу і, баючыся, каб яна толькі не ўрэзалася, як часта бывала, носам у зямлю, пачаў паволі гнаць пракос, адчуваючы, як з кожным узмахам нібы прыбаўляецца ў руках сілы, супакойваецца тая невядомая дрыготка і расце ў душы ўпэўненасць. Узмах — ж-жых! Узмах — ж-жых! Аж спявае душа — так хораша!

— Бач ты-ы! Яшчэ шырэй узяў! — аж дзівіўся Мірон такому Міколаваму спрыту. — Ай ды хлопцы, ай ды малайцы! Так мы з вамі, дапраўдачкі, дзве нормы дамо!

Неўзабаве пад'ехаў на буланым коніку брыгадзір, падзівіўся:

— Што ў цябе тут за касцы, Мірон?

— Памочнікі…

— Ого! Калі ў вас тут такая сіла, то я шчэ дзве касы падкіну, га? Згода, хлопцы? Ды заадно і на агульны стол запішу! Шыкоўны стол…

— І квасу, кваску халодненькага каб… А то ў роце перасохла. Ды і якая ж гэта касьба без добрага хлебнага квасу! — падхапіў Мірон.

— Вудзе табе і квас! — паабяцаў брыгадзір і шлегануў каня лазовым дубцом. Той узяў адразу наўскач, і брыгадзір, высока ўскідаючы локці, скіраваў да лесу, дзе была яго асноўная база.

— Павырасталі хлопцы на тых хутарах, — гаварылі жанчыны. — Цяпер Мар'і ды Клаўдзі лацвей, вунь якія памочнікі, хоць на луг, хоць у лес пасылай.

— Пара ўжо і ім у калгасе працаваць, Мар'і ды Клаўдзі… А то адна Гэлька толькі і ходзіць адтуль.

— Ваўчка ў калгас не выпхнеш. Здаўна ён толькі на сябе і робіць, у адзіночку, як той воўк…

Слухаючы жанчын, Мікола ўпершыню зразумеў, адчуў — працаваць у калектыве гэта зусім не тое, што дома. З калектывам, грамадой і спарней і весялей. Тут людзі згуртаваны адзіным клопатам, адзінай мэтай. Мабыць, гэтаксама падумаў і Мірон, бо адразу ж адказаў тым жанчынам:

— А я от вазьму ды і заўтра прыйду, дужа мне падабаецца з вамі разам, бабы! Дапраўдачкі, падабаецца…

— Зрабі ласку, Міронка!

— Ды ўжо ж, давядзецца…

Хоць было ўжо апаўдня, а ўнізе, дзе трэба браць касой, яшчэ росна: трава на паплавах сёлета вымахала на рэдкасць густая ды высокая.

Брыгадзір вярнуўся хутка, прывёз дзве новенькія касы, жбанок халоднага квасу, гукнуў:

— Наваліся, хто стаміўся!

Кінуў косы на зямлю, спрытна саскочыў сам, не выпускаючы жбанок з рук. Малы, вясёлы, чорны ад загару, як цыган, адно чуб русявы, аж белы ад сонца.

І калі, напіўшыся квасу, усе ўтрох узяліся за косы, то яшчэ больш здзівіўся брыгадзір.

— Такая сілішча на хутарах сядзіць! От буду я вас адтуль успорваць!

— І тамака працы хапае, не думай, брыгадзір, — не перастаючы махаць касою, заўважыў Мірон. — А ў калгас мы пойдзем, як з хутароў з'едзем, не век жа там сядзець.

— І то праўда… Дык гэта… абедаць у-унь пад той дуб, што ля лесу, прыходзьце, кацёл не маленькі, на ўсіх хопіць, — сказаў брыгадзір, схапіў у рукі повад, тузануў ім, разагнаў каня і ўжо на бягу ёмка ўскочыў на гладкую выгнутую спіну буланага.

Хлопцы стараліся не адстаць ад Мірона, але сіла ў іх была хоць і маладая, ды не трывалая. Ад пракоса да пракоса яны махалі ўсё больш запаволена, усё часцей спыняліся, бралі ў Мірона мянташку і падоўгу вастрылі касу. І Мірон разумеў іхнюю тактыку, пайшоў цішэй.