Выбрать главу

Анюта засталася недзе з жанчынамі, але, калі прыйшоў настаўнік паглядзець на працу сваіх вучняў, яна таксама падышла, гукнула:

— Касцы-ы!

Хлопцы аглянуліся на яе голас, але не пайшлі, не кінулі працу.

Нейкі час настаўнік глядзеў на ўвішную работу хлопцаў — яны пры ім паддалі духу, — потым і сам, узяўшы касу ў Мірона, пайшоў паперадзе. Так, ні слова не прамовіўшы, давёў пракос да канца і тады ўжо звярнуўся да хлопцаў:

— Дык вось вы якія касцы, аказваецца! — у яго вачах былі захапленне і радасць адначасна. — А я, грэшным дзелам, думаў, што вы тут бібікі б'яце… Вы ў мяне будзеце адзначаны спецыяльнай узнагародай — я падарую вам па цікавейшай кнізе!

Хлопцы пераглянуліся і не стрывалі, пырснулі ад смеху, хоць гэта было вельмі недарэчна.

— Вы што гэта? — здзівіўся Пікулік.

— Прабачце, так сабе. Мы хацелі вам сказаць, што ў нас ёсць многа кніг. Розных… Там Талстой, Верасаеў, Чэхаў,— пачаў пералічваць Мікола. Алесь падхапіў той пералік, і калі скончыў, Пікулік толькі рукамі развёў.

— Вось гэта сюрпры-ы-ыз! Аказваецца, вы сапраўды багатыя. Такіх кніг няма нават у мяне.

— А мы іх школе аддадзім, — сказаў Алесь, каб быць у гэтай справе першым, бо ўжо ведаў, што Мікола цвёрда вырашыў аддаць кнігі школе.

— Школе? Такое багацце? Ды вы проста золата, а не хлопцы! — яшчэ больш узнёсла і шчыра пахваліў іх Пікулік. Яны ішлі да ракі, размаўлялі, і ўсім было так хораша, хоць спявай.

А пасля быў смачны абед на доўгіх сталах, зробленых з негабляваных дошак, наспех, пад кучаравым галінастым дубам, у цяні. І сярод калгаснікаў з вучняў былі толькі хутарскія, якіх брыгадзір залічыў касцамі.

— Маім выхаванцам — паўнаважкі працадзень! — гаварыў за тым сталом Пікулік. — Гэта значыць, па поўнай місе смачнага супу. Ды і цяляціны пакладзіце, як усім касцам.

Хлопцам і Анюце сапраўды наклалі той цяляціны ледзь не па місе. А мяснога, вядома, дома нічога не вадзілася, і таму елі з вялікім апетытам.

— Мы і заўтра прыйдзем, — ціха сказаў Алесь Міколу.

— Калі паклічуць, — адказаў той. — Самому — няёмка.

— Яшчэ як ёмка! Я-то абавязкова прыйду з татам.

Мікола радаваўся, што цукар застаўся некранутым. Ён яшчэ ўхітрыўся дадаць да каржа кавалак цяляціны, усё акуратна загарнуў у паркалёвую анучку і схаваў для маці. Гэта ж будзе першы яго пачастунак! Першы заробак! Ад такіх думак радасна сціскалася сэрца, пакідала змора.

Пасля абеду добра асвяжыліся ў прахалодных струменях быстрай Бярозы і зноў узяліся за косы, зноўку чуўся іх вясёлы звон-спеў — аж да знямогі. Рукі і ногі аж гулі, але хлопцы бы перайшлі на другое дыханне. Цяпер ім усё хоць бы што. Яны толькі пасля адчуюць, што значыў для іх гэты дзень на сене…

Ідучы дамоў, яны ледзь цягнулі ногі, не хацелася ні пра што ні гаварыць, ні думаць. Адна Анюта трымалася малайцом, забягала наперад, падбадзёрвала хлопцаў, хваліла іх за ўвішнасць, весела шчабятала.

— Столькі ўсяго наслухалася за дзень, — гаварыла яна, — што на нашым хутары за год не пачуеш. Усе вясковыя навіны ведаю. І хто дзе ў каго лішнюю баразну адхапіў, і хто з кім пасварыўся, і што сельсавецкі Адам некуды знік — ні слыху ні дыху. Быццам ён у нейкай бандзе быў, удзельнічаў у налёце на Загацкі магазін. І яго бацька, быццам бы… Іх хацелі арыштаваць, але нехта папярэдзіў…

Гэтая навіна не на жарт устрывожыла хлопцаў: Адам чуў іхнюю гаворку з Тупікам пра вінтоўку і Зыгмуся, ведае, што хлопцы ў Тупіка як бы разведчыкі. А што, калі Адам ды знюхаўся з тым Зыгмусем? Тады ўжо хлопцам нездабраваць на сваіх хутарах…

Так падумалася хлопцам. Толькі яны нічога не сказалі Анюце, яны рашылі падвоіць пільнасць, каб не трапіць у якую пастку. І цяпер, ідучы паўз могілкі, усё часцей пазіралі ў гушчэчу, дзе віднелася цагляная каплічка…

Хаўруснікі

Хто ж папярэдзіў злачынцаў? Аніхто. Прымаючы раніцою пошту, Адам распісаўся за асобны пакет з раёна. Пакет быў даволі важкі, з сургучнай пячаткай. У Адама ёкнула сэрца — адчуў нядобрае. Замкнуўся Ў кабінеце, нагрэтым нажом зрэзаў пячатку і адразу убачыў паперыну з паметкай у ражку: «сакрэтна». Хуценька прачытаў паперыну, спыніў позірк на падкрэсленых словах — «усіх новых жыхароў сельсавета, якія з'явіліся за апошнія два гады, праверыць…».

І галоўнае: «…уцёк з турмы небяспечны злачынца Смольскі». Гэта гаварылася пра яго бацьку, асуджанага раней за ўдзел у контррэвалюцыйным выступленні, якое адбылося ў Барысаўскім павеце, дзе загінулі камуністы, кіраўнікі нацыяналізаваных прадпрыемстваў…

…Сын жыў пры маці, але, шкадуючы бацьку, затаіў у сэрцы злосць на ўладу Саветаў. Маючы за плячыма гімназію — жылі Смольскія багата, мелі некалькі млыноў і лесапільню, — Адам па тым часе быў вунь які грамацей і хутка ўладкаваўся ў далёкім ад Барысава сельсавеце пісарам пад прозвішчам Смоль. Калі збег з турмы бацька, то доўгі час — больш года — нідзе не паказваўся, знюхаўся з Крывым Панасам, хаваўся ў хлеўчуку, выходзіў з яго толькі ноччу.

Потым яны купілі хату ў Замошшы, жылі ўдвух. Жонка Смольскага засталася ў горадзе, каб не навесці на след, адцягнуць увагу мясцовых улад. «Сын паехаў недзе ў Мінск», — казала ўсім жанчына, хоць ведала, дзе жывуць яе сын і муж, атрымлівала праз «начных гасцей» ад іх грошы і шмат чаго з таго, што «здабывалі» бандзюкі, валэндаючыся па начах з нажамі за халявамі ботаў…

Цяпер жыць у Замошшы больш нельга, нават калі і знішчыш той сакрэтны пакет. Гэта Адам зразумеў адразу і таму, прыхапіўшы сельсавецкую пячатку і грошы, знік. Хатка ў Замошшы апусцела зноў…

Тупік, нічога яшчэ не ведаючы пра сакрэтны пакет, ламаў сабе галаву — хто папярэдзіў злачынцаў? Усе яго задумы, усе планы так нечакана праваліліся. Адно было зразумела Тупіку — шукаць Смоляў цяпер трэба там, дзе знаходзіцца Зыгмусь. А з Зыгмуся вачэй не спускае Ігнат, і Кузьміч з нецярпеннем чакаў, калі ж з'явіцца Ігнат ды раскажа, як прайшла аперацыя «Залаты гадзіннік», хоць гадзіннік той быў ніякі не залаты, а толькі пазалочаны…

…А Ігнат не спяшаўся дадому.

Агледзеўшы акуратна Панасаву схованку ён зразумеў, што тут знаходзіцца толькі Панасава доля, што астатняе дабро трэба шукаць у якім іншым месцы. А тое месца можа быць у іх пад бокам — у Замошшы. І ён паволі пакіраваў дамоў. І як жа быў здзіўлены, калі даведаўся, што «рыжыя» — сын і бацька — зніклі.

— Дачакаліся! — сустрэў яго дакорам Тупік. — З-пад носа банду выпусцілі… Цяпер шукай ветру ў полі!

— Такая наша работа — шукаць, — зусім абыякава, быццам справа ішла пра што другараднае, адказаў на гэты папрок Ігнат. — Можа, гэта к лепшаму. Упэўнены, што яны заўтра будуць усе разам у Мокрым Лозе.

Ігнат расказаў Тупіку пра аперацыю з гадзіннікам.

— Сквапнасць завяла яго ў сваё логава! — закончыў расказ Ігнат. — Цяпер застаецца толькі знайсці сляды ўцекачоў, і таму я не затрымліваюся тут, Валодзя. Іду на хутары…

— Ідзі, браце… Уся надзея на цябе. Не выпусціць бы іх куды далей.

— От жа яно што… І браць пакуль рана.

— Гэты пракляты скарб! — зноў зазлаваў Тупік. — Можа, яго і няма, можа, той Зыгмусь толькі шальмуе, каб памагалі яму? От жа ж каб ведаць…

— Уведаем. Не пазней як заўтра…

Ігнат зноў рушыў у дарогу. Становішча склалася надзвычай небяспечнае. Калі ўцекачы наогул знікнуць з раёна, то давядзецца абодвум адказваць за ўсё адразу: і за тое, што своечасова не ўзялі Зыгмуся, спадзеючыся на нейкі скарб; і за тое, што не ўсё дабро будзе вернута ў магазін; і за тое, што своечасова не выявілі бандытаў. І таму Ігнат спяшаўся. Трэба прыперці Зыгмуся, прымусіць нарэшце ўсё расказаць пра скарб. А спярша парадаваць яго абрэзам і патронамі. Усё гэта дасць яму — з рук у рукі — не сам Ігнат, а Ваўчок. Іменна — Ваўчок! З яго ўчэпістых рук нічога за абяцанкі не возьмеш. Той адразу ж патрабуе платы. Што на гэта адкажа Зыгмусь?

«Цяпер ён можа быць у Мокрым Лозе», — зірнуўшы на сонца, падумаў Ігнат і адразу змяніў кірунак — на хутары. Дарога павяла ў бор, да таго знаёмы і ціхі, што паспакайнела на душы, з'явілася нейкая ўпэўненасць на ўдачу, за якой Ігнат ганяецца вось ужо колькі часу і якая так упарта не даецца ў рукі.