Выбрать главу

Алесь вылез на бераг, зняў з пляча даволі важкую ўжо торбу, паставіў таптуху сушыцца і стаў чакаць, раз-пораз гукаючы сябра…

…А Мікола, выбегшы ў бярэзнік, адчуў, што намоклыя старыя штаны дужа замінаюць бегчы, шаргацяць, як бляха, рэжуць. Ен зняў іх і павесіў на маладую бярозку сушыцца, — бярозка аж сагнулася пад іх цяжарам. На ім засталіся злінялыя старыя трусікі шэрага колеру, ледзь не да калень, з шырокімі калашынамі. Цяпер бегчы было зручна і лёгка…

Нейкі час ён нікога не бачыў і таму бег вельмі асцярожна. І толькі ля могілак згледзеў чалавека і пазнаў яго: то быў Зыгмусь Гурэцкі. А далей, метрах у пяцідзесяці, сцяжынаю крочыла Гэлька. «Зыгмусь жа мог ужо даўно дагнаць яе, чаму ён гэтага не зрабіў? Мабыць, таму, каб дагнаць як мага далей ад хутароў… Вось і ідзе ён не дужа хутка, назіркам», — разважаў Мікола.

Зыгмусь раптам прыбавіў хады, пачаў забіраць улева, у абход. «Хоча абмінуць яе і зайсці наперад, напалохаць», — адразу змікіціў Мікола і таксама пайшоў хутчэй. Ён яшчэ не ведаў, што будзе рабіць, але разумеў — пакідаць дзяўчыну адну нельга, тым больш што яна нічога не ведае, ідзе спакойна, нават задужа ціха. «Можа, крыкнуць?» — прыйшла думка, але тут язык у яго нібы прысох да паднябення. Мікола ўбачыў, як у правай руцэ Зыгмуся, якую ён нечакана ўскінуў, відаць, зачапіўшыся за якую патарчаку, бліснуў вялікі нож. Зыгмусь прыбавіў ходу, ён ужо вось-вось забяжыць дзяўчыне напярэймы. І Мікола, больш ні пра што не думаючы, нічога не баючыся, адчайна і роспачна крыкнуў:

— Гэлька-а! Уцяка-а-ай!!!

Заўважыў, як яна азірнулася, нешта ўскрыкнула, сарвала з галавы хусцінку і пабегла так шпарка, што толькі яе і бачылі!

Ад раптоўнага Міколавага крыку Зыгмусь спыніўся, сцяўся ўвесь, потым зірнуў на Міколу і, не ўбачыўшы больш нікога, пачаў углядацца зноў туды, дзе знікла Гэлька. Не ўбачыўшы і яе, зароў глуха:

— Заб'ю, шчанюк! — і кінуўся Міколу напярэймы. Ад гэтых слоў і ад таго, што Зыгмусь наважыўся пераняць яго, Мікола спачатку разгубіўся: бегчы назад не выпадала. Ды і хто дапаможа яму там, дома? Мірона няма, адны жанчыны. І ён ірвануў па сцежцы наперад, адразу ўбачыўшы, як Зыгмусь спыніўся ў нерашучасці. Гэтага імгнення было даволі, каб ён адбегся яшчэ далей ад небяспекі. І ўсё ж яна яшчэ не мінула: на сцежку выбег і Зыгмусь. Пачалася дзікая пагоня. Раз-пораз азіраючыся, Мікола з трывогай заўважыў, што адлегласць між імі змяншаецца — той крываногі бандзюга ў лютай злосці прыпусціў на ўсю моц. І нідзе нікога, хто б вось так, як ён, Мікола, гукнуў Гэльку, ды гукнуў яго. Стаў бы Зыгмусь, а тады б ужо не дагнаў… Тады б не дагнаў? А цяпер? Хіба дагоніць? Калі ж дагоніць, то ўжо Міколу не бегчы…

— Даганю! — чулася ззаду пагрозлівае. — Не ўцячэш ад мяне, шчанюк!

«Дзе ж тваё школьнае першынство па бегу на стометроўку? Чаму так падубянелі ногі? — у думках пытаў у сябе Мікола. — Ад касьбы ці ад страху? Узяць стометроўку! І яшчэ адну… выбегчы б толькі з лесу…»

Ён адчуваў, як бухала ў скронях, як калацілася сэрца: «Вось жа не дагоніць ён мяне, крываногі… Я зараз пабягу ў лес па любой сцяжыне, каб толькі Гэлька ўцякла…»

Раптам ён адчуў небывалую лёгкасць, прайшла першая скаванасць, у ногі ўдарыла гарачынь. Ах, як добра, што ён скінуў намоклыя штаны! У іх-то пэўна ж не ўцёк бы ад Зыгмуся. А то вось настала другое дыханне… «Так, гэта другое дыханне! — радасна падумаў Мікола. — Цяпер-то ён мяне не дагоніць!» А можа, ужо і не гоніцца за ім ніхто? Яшчэ раз азірнуўся — гоніцца, гад, і амаль не адстае.

— А-а, разведчыкі! От я вас! — здаецца, пачулася над самай галавой. І тут ён, даўшы добрага кругаля па лесе, нечакана выскачыў на луг. Ужо далёкай кропкай каля самай вёскі віднеецца Гэлька. «Але ж і яна хутка бегае! — падумаў Мікола, кіруючыся проста да вёскі.— А там, каля куста, хто гэта бялеецца? Ды гэта ж Сняжок! Адзін ходзіць… І не спутаны, бо пярэднія ногі ву-унь як расставіў…»

Доўга не разважаючы, Мікола ўклаў два пальцы ў рот і залівіста свіснуў — толькі гулкі пошчак пакаціўся па лузе. На сэрца набегла радасная хваля — ці ўспомніць конь яго навуку, ці адгукнецца? І дзіва! Было бачна, як конь узняў галаву, заржаў у адказ, нібы даўшы гэтым знаць, што зразумеў небяспеку, і з месца ўзяў галопам.

«Яшчэ трошкі… Яшчэ стометроўку…» Ён адчуваў, што сілы зноў пакідаюць яго. І камень, які гэпнуў недзе ззаду, сведчыў пра тое, што заядлы Зыгмусь яшчэ гоніцца…

Конь падляцеў у той момант, калі, здавалася, бегчы Мікола ўжо не мог. Ён тузануў Сняжка за грыву, а той пакорліва сагнуў галаву, як тады, у балотцы. І вось ён ужо на спіне!

— Но-о, Сняжок! — паддаў пад гарачыя бакі пяткамі.— Но-о, даражэнькі…

Ды конь і так ужо нёс яго ў кірунку вёскі…

— У-у-у, шчанюк! — пачулася хрыплае ззаду. Мікола азірнуўся і ўбачыў, што Зыгмусь, распластаўшыся, нерухома ляжыць на мурагу. Ён, відаць, таксама страціў апошнія сілы, і хоць да лесу далекавата, заставацца тут яму небяспечна — не спяшаецца ўцячы, схавацца…

«Выручыў… Сняжок выручыў. У таго бандыта болей сіл, ён мог і дагнаць», — падумалася Міколу. Ён ляцеў, як на крылах. І прыгадаўся сон: «…Плыў па вадзе… Мама казала, што сніць ваду — мець бяду…

Так, гэта была бяда для мяне. І для Гэлькі… А цяпер вось птушкай у паветры лячу. Добра, што Сняжок так далёка адышоўся ад вёскі, амаль да самага лесу…» Дагнаў Гэльку ўжо зусім каля платоў.

— Усё. Не бяжыце… Ён ву-унь там, каля лесу, зваліўся… А я ўцёк. Сняжок вось выручыў,— сказаў Мікола, паляпаўшы каня па тугой шыі.

Гэлька спынілася, яна ледзьве здыхвалася. Твар яе быў аж чырвоны, буйныя кроплі поту выступілі на дзіўна бледным ілбе.

— Во, гад! Хто б думаў… Будзе ім скора ўсім крышка… Дзякуй табе, Коля, — загаварыла яна. — Гэта ж каб не ты… — голас яе ўздрыгнуў, і яна змоўкла. Міколу падалося, што Гэлька плача.

— Я адразу яго заўважыў і пабег… — Яму хацелася суцешыць яе, нагаварыць многа харошых слоў, але іх не было. І ён дадаў весела: — Гэта ж я Сняжка навучыў на свіст бегчы, цукар даваў, хлеб…

Яны зноў ішлі — бо Мікола злез з каня — па дарозе і размаўлялі. Так і апынуліся каля сельсавета.

Тупік быў у сваім пакоі, перабіраў нейкія паперы. Убачыўшы іх узрушаныя твары, ён адразу зразумеў, што нешта здарылася, і ўстаў.

— Ці не гнаўся хто за вамі? — кінуўся ён да Гэлькі, якая выцірала хусткай узмакрэлы твар.

— Іменна — гнаўся… Зыгмусь… Мікола от мяне выручыў.

— Ён тады за мной пабег, аж на луг выскачыў,— уставіў Мікола. — Вялікі нож у руцэ трымаў…

— Ах, вось як загаварыў! Тады… — Тупік на хвіліну задумаўся, ускінуў галаву. — Зробім на хутары засаду. А ты, — звярнуўся да Гэлькі,— заначуеш тут, у маім пакоі… І ты, Мікола, пачакай, пойдзем разам.

Успомніўшы, што Алесь там адзін у рацэ рыбу ловіць, Мікола сказаў:

— Мне няма калі чакаць, ён можа і Алеся… нажом. Крычаў жа — разведчыкі!

— А дзе твой Алесь?

— У рэчцы рыбу ловіць.

— То паехалі. Хутчэй!

І яны выйшлі на падворак, дзе Сняжок, пакінуты без прывязі, скуб траву.

У засадзе

Счакаўшы яшчэ з гадзіну, Алесь схапіў аберуч таптуху, уздзеў яе краем дужкі на галаву і пашыбаваў дадому. Ён ішоў і губляўся ў здагадках — што ж там магло здарыцца з Міколам? За кім ён пабег? І чаму так доўга не вяртаецца?

Толькі цяпер тая трывога, якую, мабыць, Мікола адчуў адразу, перадалася і Алесю, усялілася ў яго сэрца. Ён ужо шкадаваў, што яны не пабеглі разам. Удвух яно было б куды як смялей і зручней, удвух ім заўсёды добра… А сёння ж яны яшчэ дамовіліся разам кнігу чытаць. Дзіўная тая кніга! Ні пачатку ў ёй, ні канца — лісткі навырываныя. А пра такія страхоцці ў ёй гаворыцца, што проста дух займае. Іншым разам, начытаўшыся той кнігі, страшна вечарам і на двор выйсці. Мікола от толькі нічому не верыць, кажа, што няпраўда ўсё тое, што ў кнізе напісана, у жыцці так не бывае. А якое яно яшчэ было ў іх, тое жыццё? Адным словам, малыя былі…