Выбрать главу

— Цяпер часы скуратовічаў мінулі…

— Дык навошта ж ты людзей пужаеш? Навошта лішні шум робіш? От наедзе міліцыя, ды і схопяць нас тут, як сляпых кацянят, цёпленькіх. Нашто табе была тая дзеўка?

— Яна ж Тупікава нявеста! Майго заклятага ворага! — усклікнуў Зыгмусь, забягаючы наперад.

— Дык за гэта забіваць?

— А можа, я і не забіў бы, — зазірнуў знізу ўгору Зыгмусь, вышчарыўшы рудыя рэдкія зубы. — Сам бы, можа, на ёй ажаніўся. У каплічцы нашай павянчаліся б… Гы-гы-гы!

— От цяпер мне трэба і падумаць…

— Што?

— Ці звязвацца з такімі хлапчукамі.

— Я не хлапчук табе! — зноў звёў чорныя бровы Зыгмусь. — Усё роўна адпомшчу, не забыў яшчэ, як той Тупік тату рукі круціў ды рэвальверам пад нос тыцкаў!

— Бо твой татачка тады хацеў кокнуць Тупіка з абразанкі, ды прамахнуўся…

— Нешта ты яго шкадаваць пачаў,— падазрона зірнуў на Ігната Зыгмусь. — Ці не знюхаліся, можа? Адам, пісар, казаў, што ты часцяком да Тупіка хадзіў… га? Ці праўда?

— Каб усё ведаць пра свайго ворага, трэба сачыць за кожным яго крокам, чуць, што ён гаворыць, бачыць нават, што ён есць, — адказаў на гэта Ігнат.

— А-а, хіба так…

«Іменна — так, — насмешліва падумаў Ігнат. — Іменна таму я і з табою, боўдзіла!»

Яны паглыбіліся ў лес, які ўсё гусцеў і гусцеў, бо сцяга павяла ў нізіну, дзе раслі толькі кашлатыя елкі, асіны ды старое кустоўе ляшчынніку. Месцамі яно так пераплялося, што даводзілася абыходзіць, даваць ладнага кругаля, пакуль зноў выб'ешся на сцежку, якую, відаць, пратапталі ласі.

— Усе ўжо, напэўна, там, — пачаў гаворку Ігнат, каб праверыць Зыгмуся, ці за ўсімі ён так цікуе, як цікаваў за ім.

— Не, Ваўчок яшчэ не прыйшоў… Яго я і пільнаваў.

— Пераняць хацеў ды… адабраць абразанку?

— Угадаў… Дужа ж патрэбен мне цяпер абрэз! Болей, чым вы ўсе разам узятыя.

— А ў тых Смоляў ці ёсць якая зброя?

— А-а, нейкі самапал, пораху насып, сечаных цвікоў набі, пыж заканапаць… А той порах у іх адсыраў… Смех, а не аружжа. Нажы яшчэ ёсць. А для банды прыдатныя! Закончаныя бандыты! Ха-ха-ха…

— А што ты думаеш пра Ваўчка?

— Думаю, як пра часовага, сезоннага работніка. Адробіць сваё — і пайшоў вон, быдла!

— Ён жа цяпер узброены. Ды і планы ў яго вунь якія далёкія. У Ваўчка вырваць абрэз, што ў ваўка — костку з зубоў,— сказаў Ігнат. — Я сам спрабаваў — ні блізка!

— Мне адда-а-асць…

«Хвігу з маслам аддасць, пакуль золата перад вачамі не блісне», — падумаў Ігнат. Яшчэ яму падумалася, што гэтая маленькая зграя зусім не ўзброена і браць яе будзе лёгка.

Ужо мінулі лагчыну, выбіліся ў бор, дзе доўгія цені ляглі на дол і мох здаваўся дзіўна пафарбаваны ярка-зялёнымі палосамі. Вось ужо відаць і кустоўе на ўзлобку Мокрага Лога. Дзіўная тут расліннасць. Побач з соснамі рос альхоўнік, ельнік і нават лаза — усё гэта на ўзвышшы. Напэўна, зусім блізка ад паверхні ідзе ваданосны слой, і вільгаць з бароў сцякае сюды, да Мокрага Лога, тысячамі падземных жыл-крынічак: нездарма ў самае засушлівае лета нават крыніца пад валуном не высыхае, б'е вада з-пад зямлі фантанамі, перасейвае-перакатвае жоўты пясок і сцякае ручаём па ўсім Мокрым Лозе. А колькі ж тых крыніц яшчэ ўліваецца ў ручай, пакуль дабяжыць ён да ракі ўжо невялічкай рэчкаю!

Калі спусціліся з абрыву да валуна, спярша нікога не ўбачылі. Але вось за адным дрэвам бачны цень чалавека, за другім, і неўзабаве выйшлі адтуль Крывы Панас і пісар Адам з бацькам. Стары Смольскі быў яшчэ даволі дужы, каржакаваты, з учэпістым позіркам, спаласаваным зморшчынамі лбом і прыплюснутым пераноссем, ад чаго нос здаваўся як бы перабітым пасярэдзіне.

— Ну, вось мы і разам! — весела ўсклікнуў Зыгмусь, зыркаючы кожнаму ў вочы. — Пяцёра… А яшчэ ж павінен прыйсці Іван! З ім — шасцёра. Гэта ўжо, грамадзяне суддзі, маленькая банда, гы-гы-гы, — задаволены жартам, зарагатаў ён.

— Івана ў сваю банду не залічвай! — пачулася на высокіх нотах угары. Усе глянулі туды і ўбачылі Ваўчка, насупленага, злоснага, няйначай, ад таго, што пачуў. Ён сышоў уніз і абвёў усіх варожым позіркам. — Я вас не ведаю, і вы мяне тут не бачылі. Толькі так! А інакш…

— Што — інакш? — нечакана схапіў яго загрудкі Ігнат. — Данясеш? Чужое дабро прысвоіш? Гэтак ты мне казаў?

— Ну-ну, асцярожней! — пачаў вырывацца Ваўчок. — А то мая пушка выпадкова смальне…

Ён адхінуў левае крысо шарачковай курткі, і ўсе ўбачылі там абрэз.

Зыгмусь, як прыкмеціў такое, бы прыкіпеў вачыма да той цацы, аж пацягнуўся да яе рукамі.

— Дай, Іване, азалачу.

Толькі хітры Іван, падражніўшы «цацкай», захінуў крысо. Сказаў спакойна, але цвёрда:

— От як азалоціш — тады і возьмеш.

Яны былі быццам спакойныя, жартавалі, але гэта быў клубок змей. Яны гатовы былі ўчапіцца ў глотку адзін аднаму ў любы момант, хай толькі той момант настане…

— Хопіць вам таргавацца, не на базар прыйшлі,— стаў між імі Ігнат. — Цяпера перш за ўсё дзела пагаворым, нам трэба цяпера сваю платформу выпрацаваць, статут, значыцца…

— Цяпера… Цяцера… Ніякага статута не будзе! — махнуў доўгай рукою Зыгмусь, адышоўся і сеў на нейкі счарнелы, бы памазаны дзёгцем, камень, што напалову вытыркаўся з пагорка. Усе таксама паселі — хто дзе.

— Гавары, — кінуў праніклівы позірк на Зыгмуся Ігнат. — Якія твае планы? Ці, можа, пабяжыш з абрэзам дзяўчыну пераймаць? Як сёння з фінкаю, га? От раскажы ўсім, як ты за Тупікавай нявестай гнаўся…

— За Тупікавай? Бег? Гэта ж самагубства! — абурыўся стары Смоль-Смольскі. Яго твар, было яшчэ бачна, аж пабарвавеў ад абурэння.

— От пагаварыце мне яшчэ, і мы пойдзем толькі з Іванам, і скарб — на двух! Хоць там… на ўсіх хопіць, на сто чалавек, можа… Бяры, едзь у любы горад і жыві сабе там панам! — разышоўся Зыгмусь.

— Вось з гэтага і пачнём! — ажывіўся Іван. — Гэта — самае галоўнае, а то адны толькі абяцанкі. Я дык за гэтую дубальтоўку, ведаеш, колькі ўпёк! А яшчэ дадай сюды рызыку, якая на пяць год зняволення цягне…

— Добра! — устаў Зыгмусь. — Бачу, што час наспеў, пара і за справу брацца. Хто яшчэ сумняваецца, што скарб ёсць, хутка ўпэўніцца. Ён ёсць, толькі ўзяць яго не так лёгка і проста. Інакш, я б не цягнуў…

— Чаму ж? — устаў і падышоў да яго Ваўчок.

— Сіла патрэбна, трое спрэжаных коней, вяроўка. І яшчэ… — Зыгмусь акінуў позіркам усіх па чарзе, як бы мяркуючы, ці гаварыць далей, потым махнуў рукою, бы адсек, адважыўся: — Яшчэ трэба, каб на маім хутары тады нікога не было… Ні душы.

— Гэта я бяру на сябе, — сказаў Ігнат. — Уладжу…

— Як жа? — зірнуў на яго Зыгмусь.

— Усіх у калгас накірую, на сена… Цяпера пастанова такая ё — усіх на сена.

— Гэта ўжо няблага! Застаюцца — коні…

— Коней, гэна самае, дастану я. Паняў? На мне коні,— сказаў Крывы Панас, які да гэтага часу моўчкі назіраў ды слухаў. Яго бледны, амаль бязносы твар у прыцемку нагадваў чэрап на шырачэзных скасабочаных плячах, чэрап з цёмнымі вачніцамі…

— А мне што рабіць? — выпнуўся наперад Адам. — Думаеце, калі малады, дык ні на што і не здатны? У мяне сельсавецкая пячатка, я магу які дакуменцік напісаць…

— Уваткні сваю пячатку, ведаеш куды? — сыкнуў на яго бацька. — Яна цяпер недзяйсцвіцельная.

— Дык я магу табун коней з лугу прыгнаць…

— А вупраж? Можаш ты дастаць вупраж? — спытаў у яго Крывы Панас. — Не можаш…

— І вупраж магу! На канюшні хамуты з пастронкамі вісяць, прыціснуў конюха — і бяры сабе, што хочаш…

— Я от цябе прыцісну! — памахаў на яго кулаком бацька. — Душагуб няшчасны, у каго ён толькі пайшоў — усіх яму душыць бы, страляць…

— Малады, што дурны, — у роздуме сказаў Ігнат. — Тое не ведае, што і самога могуць злавіць, як зайца ў сілок, ды шлёпнуць… Цяпера, пасля Зыгмусевай пагоні, як вы збеглі з вёскі, Тупік вушы не развесіць… Баюся, што ўжо сабе падмогу запрасіў.

— А ты не бойся, разведай лепш, — паказаў на яго пальцам Зыгмусь. — Адзін ты ў нас пакуль яшчэ чысценькі…

— Чаму — яшчэ? — пакрыўдзіўся Ігнат. — Я не думаю, каб хто заклаў мяне, — і зірнуў на Івана Ваўчка. — От ён, Воўк, таксама яшчэ не забруджаны. Ды і Панас…