Выбрать главу

Ваўчок, здавалася, страціў усялякую цікавасць да «маленькай банды», бо не атрымаў тое, на што разлічваў. Слухаў, больш маўчаў, цвёрда вырашыўшы пакуль абрэза не аддаваць. І калі ўсё было перагаворана і ўзгоднена, падышоў да Зыгмуся, нахіліўся да вуха і зашаптаў:

— Тады, васпане, і атрымаеш зброю, як сваю справу зробіш, а покуль — да пабачэння…

Нічога не адказаў Зыгмусь, толькі зубамі скрыгануў ад злосці. Ён загадаў Ігнату, каб падкінулі больш харчу, бо ўжо іх стала трое, а ў вёскі ісці ім зараз вунь як небяспечна, трэба пакуль стаіцца.

Ігната ж цікавіла больш за ўсё абрабаваная крама, тое дабро, якое хавалі Смольскія ў Ваўчка, і ён сказаў:

— Хай Ваўчок пашукае ў сябе дома таго харчу, які недзе хавае.

— У мяне ніякага харчу няма! — выгукнуў Ваўчок, намерыўся быў пайсці, але затрымаўся, спадылба зыркаючы на Ігната злоснымі вачамі.

— А ты пазыч… у Смоля!

— Там ёсць толькі кансервы, — сказаў за Івана стары Смольскі.— І то — нямнога…

— Гэта ўжо нешта! — падхапіў Ігнат. — Да хлеба неблагі дадатак. Вось няхай ён і дасць мне колькі бляшанак, я ўжо не палянуюся, прыцягну ў капліцу.

— Туды нельга! — запярэчыў Зыгмусь. — Патрывожыў я той вулей, яшчэ ўліпнеш. Лепей сюды.

— Дай, Іван… і цукру дай, — дазволіў стары. — Калі ў нас такое дзела заварылася, няма чаго дробязі шкадаваць, сабе ж бяром, не каму-небудзь…

— Мне — што? Не маё яно, я толькі вартаўнік, але ж… калі ў мяне тое знойдуць, то паспрабуй дакажы, што не тваё… Хадзем хоць зараз, усё магу аддаць…

— Можна і зараз. У Ігната ногі доўгія, ён усюды за дзень дапне ды яшчэ і начы прыхопіць… — як паскардзіўся Ігнат.

У Мокрым Лозе ўжо было цёмна, як у яме, і ледзь улоўныя постаці людзей здаваліся прывідамі, начнымі прывідамі. Разыходзіліся нявесела. «Быццам у апошні раз», — падумаў Ігнат, рады таму, што нарэшце ён даведаецца, дзе схавана дабро абрабаванай крамы, і, такім чынам, выканае першую частку задання. Астатняе будзе вядома ў суботу: гэта дзень, на які дамовіліся адкапаць скарб, той скарб, дзеля якога і задумана ў раённым аддзеле міліцыі ўся гэтая «гульня ў банду», як казаў Тупік. Ігнат ведаў, што ён зараз недзе тут паблізу, каб у выпадку чаго прыйсці на дапамогу.

— Я прыйду пад раніцу, — паабяцаў Ігнат Зыгмусю. — Тое-сёе прынясу, толькі вы ўдзень нікуды не высоўвайцеся, а то цяпера людзі насцярожыліся…

— Ну, то пайшлі,— сказаў Іван. — Пакуль мае спяць, возьмем тое-сёе, а то я ім не паказваю сваю схованку… У мяне парадак жалезны.

«Парушым мы твой парадак, куркуль! Усё выведаем!» — думалася Ігнату…

Радасная навіна

Дні цягнуліся марудна, аднастайна. Хлопцам Тупік не дазволіў нават адыходзіцца лавіць рыбу, і яны большую частку дня чыталі, седзячы на вялізным і плоскім зверху валуне, нагрэтым сонцам так, што, здавалася, ліні на яго — зашыпіць. Стары, месцамі патрэсканы знізу, парослы цёмна-зялёным аксамітам-машком валун той быў адразу за хатай каля тоўстай ліпы ад сонечнага боку. Апроч усяго, тут было зацішна.

Памагалі хлопцы і па гаспадарцы, якая пакрысе большала. Мірон прынёс з калгаса ў мяху двух рыжых, у чорныя плямы, парасятак і сказаў, што гэта выдзелілі ім — яму, Мірону, за ўдарную працу, а Мар'і — як дапамога салдацкай удаве.

Алесь і Мікола цэлы дзень збівалі з дошак, якіх багата было каля аборы, хляўчук для парасят. І зладзілі нішто сабе, нават з шыкоўнымі разнымі дзверцамі, якія адарвалі ад даўнейшай паламанай шафы, што без патрэбы стаяла ў кутку сянец параднага ўвахода. Хляўчук той прыляпілі да глухой сцяны хаты, але парасячы віскат усё роўна быў чутны і ў хаце. Яны былі дужа пражэрлівыя, тыя «дзічкі», як ахрысціла рабенькіх парасят Міроніха, на іх ішло шмат малака, бо асабліва карміць не было чым. Муку, якая яшчэ крыху вялася, пакідалі сабе на зацірку ды на які праснак. Хлопцам быў яшчэ адзін занятак: яны рвалі на градах і каля платоў лебяду і крапіву. Усё гэта потым гатавалася ў печы і, прысіўленае малаком, ішло парасятам, якія ад травы сталі толькі пузатыя, а не тлустыя. І праз якую гадзіну зноў прасілі есці…

— Не мела баба клопату — купіла палася, — услухоўваючыся ў той віскат, гаварыў малы Пеця, гаварыў пачутае ад маці, але з такім выглядам, быццам усё гэта ён прыдумаў сам. Ён круціўся каля хлопцаў, умешваўся ў размову, дражніўся і толькі злаваў іх, але яны трывалі, зважаючы малому яго шал.

Цяпер яны сядзелі на валуне і не чыталі, а толькі размаўлялі. І гаворка тая ўсё круцілася на месцы, не магла вырвацца за кола аднае тэмы — ці хутка паловяць бандытаў, каб можна было ісці куды хочаш, нікога не баючыся.

— Тупік казаў — яшчэ дзень-два давядзецца пачакаць, — сказаў Мікола, здымаючы кашулю і падстаўляючы і так ужо смуглявую спіну сонцу.

У Алеся спіна аблупілася, і ён кашулі не здымаў. Яго чуб выгараў на сонцы, стаў крыху святлейшы.

— А можа, і больш… Бо я чуў ад таткі, што іх цяпер і за месяц не ўхопіш.

— За месяц не ўхопіш, бо лукі папяцэс! — падхапіў тыя Алесевы словы Пеця. — Ды ён за і высока, месяц…

І смяяўся са сваёй прыдумкі весела і бесклапотна.

— Пайшоў бы ты адсюль, — сказаў малому Алесь.

— Ты ідзі адсюль…

— Я от зараз табе!

— А я — табе! — Ён абабег вакол валуна, спыніўся і ўгледзеўся на лужок, што збягаў да рэчкі.— Ага, ага! Унь ваша нявеста ідзе! Нявеста, злобленая з цеста…

Вачаняты хітрушчыя, так і бегаюць, так і круцяцца. На Пецю найшла гарэзлівасць, і цяпер ужо яго злосцю і сыканнем не спыніш, а толькі падахвоціш. Цяпер яго трэба ўлагодзіць.

Хлопцы падхапіліся, саскочылі з валуна. Мікола хуценька пачаў нацягваць кашулю. Ён быў дужа рады, што надзеў іменна яе, з тонкага і мяккага кужалю, выбеленага на сонцы, з вышываным каўнярком. Алесь таксама агледзеў сваю апратку, ямчэй падаткнуў кашулю пад сырамятны раменьчык, прыхапіў пяцярнёй непаслухмяныя валасы, — яны ўсеадно рассыпаліся абапал галавы саломай.

— Псік адсюль! — цыкнуў ён на браціка. — Чуеш?

— Сам — псік… Сам цуеш…

— Цукру дам, — паабяцаў Мікола.

— Я табе не Снязок за цукрам бегаць… А сто ясцэ дасі?

— На рыбу вазьму! — успомніў ён, як малы колькі разоў прасіўся на рыбалку, а хлопцы яго не бралі.

— А не маніш?

— Во — крыж, — памахаў рукою перад носам Мікола. — Заўсёды браць будзем.

Малы зыркнуў на яго недаверліва, але пайшоў паволі, часта азіраючыся. Твар яго быў ужо сумны, гарэзлівасць прайшла.

«Нудзіцца, тут яму няма з кім гуляць, — пашкадаваў Пецю Мікола. — І праўда трэба браць яго на рыбу… Усюды».

Анюта была ў сіняй, без рукавоў, сукенцы, ад чаго вочы яе, вялікія і сінія, здавалася, яшчэ пабольшалі. Яна стала каля хлопцаў і, не вітаючыся, спытала:

— Вы нічога не ведаеце?

— А што? — стаў насупраць яе Алесь, аж замінаў Міколу глядзець на Анюту.

— Мы з мамай скора перабярэмся на ваш хутар… — Гаварыла і глядзела не на Алеся, які стаяў насупраць, а на Міколу. — Наш будуць перавозіць у Замошша, пашыраць школу збіраюцца.

— Значыць, дзесяцігодка будзе? — не хаваючы радасці, спытаў Мікола.

— Ага…

— Я на той год у тэхнікум падамся… Так мама хоча. Ды і я не супраць…

— От здорава! А мы з табою, Анюта, дзесяцігодку скончым! — з запалам вымавіў Алесь. — А калі будуць хутар перавозіць?

— Пасля нядзелі… Толькі гэта пакуль адны размовы. Што мы з мамай — сюды…

— Чаму толькі з мамай? — спытаў Мікола. — А Гэлька? А твой айчым?

— Гэлька выходзіць замуж, — дзелавіта адказала Анюта. — Яны ўжо запісаліся ў сельсавеце, будуць жыць у Замошшы. А пра айчыма я нічога не магу сказаць, — дадала цішэй. І да Міколы — Я хачу паглядзець, дзе будзем жыць… Там раней, кажуць, панскі кабінет быў…

— А-а, што асобны ход? Хадзем, я пакажу, — узяў яе за руку Алесь, ды Анюта выбавіла руку, злосна зірнула на яго. — Што ў цябе за мода — за рукі вадзіць? Я ж не маленькая, можа.

— От таму і бяру, што вялікая! — рагатнуў Алесь, ніколечкі не сумеўшыся. Ён, наогул, быў не крыўдлівы, прастадушны і шчыры, усё ў яго было проста. І гэтай прастаце, бывала, ці раз зайздросціў Мікола.