Выбрать главу

— У Міколы вучыся, як паводзіць сябе з малымі і вялікімі,— павучала яго Анюта.

— Згодзен! — адразу ўсклікнуў Алесь. — Буду вучыцца, абы табе дагадзіць, — зноў рагатнуў Алесь. — Буду ціхі, як Мікола, і гэткі ж нудны. Ага, Мікола, адхапіў?

— Хопіць выскаляцца! — абсекла яго Анюта, ды так рэзка, што аж Мікола пашкадаваў таварыша. — Не заўсёды тое золата, што блішчыць, а тая музыка, што трашчыць… Ведай гэта.

— Цяпер-то буду ведаць. Поняў — маўчу… Алесь зрабіў выгляд, што пакрыўдзіўся, хоць вочы яго па-ранейшаму свяціліся радасцю, радасцю ад таго, што хутка Анюта будзе з імі, тут, на гэтым хутары.

А Мікола тужліва падумаў: «Не так трэба з Анютай, яна не любіць зубаскалаў».

— Пакой ніштаваты, — пачаў Мікола, калі яны падышлі да ганка з трох прыступак. — І шпалеры ў ім усе цэлыя, не пашкуматаныя, як у іншых пакоях.

Ён узяўся за медную, з нейкімі завіткамі-выкрунтасамі ручку і адчыніў дзверы. Яны ціха рыпнулі, нібы войкнулі. З пакоя дыхнула прахалодай, прэлай вільгаццю.

— Ну — во! Пакой трэба добранька прасушыць! — аж заціснула рукою нос Анюта. І не пайшла далей, спынілася на парозе.

— Тут дапраўдачкі дыхаць няма чым, трэба адчыніць акно! — сказаў Алесь і ўзяўся высоўваць моцна заржавелыя шпінгалеты, ад чаго аж зачырванеўся, напяўся ўвесь, нібы падымаў якую цяжкую ношу.

На нейкае імгненне дапытлівы і цікаўны Анюцін позірк спыніўся на дужых Алесевых руках, і Мікола адчуў, як у грудзях нешта пякуча зашчымела. «Што гэта? Адкуль узяўся той шчымлівы боль? — адразу завірылі думкі.— Я ж люблю абаіх — і Алеся, і Анюту. Дык чаму мне не падабаецца, калі Анюта гляне на Алеся? Мусіць, мне не падабаецца, калі яна вось ТАК гляне, як зараз… Бо яна ТАК глядзела і на мяне, калі Алесь стаяў насупраць яе. Цікава, а што тады думаў Алесь? Яму, пэўна, таксама не падабалася…»

Каб адагнаць ад сябе гэтыя думкі, Мікола падбег і памог Алесю адчыніць акно, бо яно яшчэ апроч усяго было забіта ўнізе цвіком. Ад празмернай шчырасці, ён задужа моцна ўдарыў далоняй у раму, і шыбіна толькі — дзынк! — дзынкнула і вывалілася, пабітая на кавалкі.

— Во, мядзведзь, памог, называецца! — папракнуў яго Алесь, ад чаго Мікола зусім разгубіўся.

— Нічога страшнага, — убачыўшы яго такую збянтэжанасць, лагодна сказала Анюта. — У нас у каморы шмат шкла стаіць, новую шыбу ўставім.

— А я, можа, нарочна — на шчасце! — раптам знайшоў што сказаць Мікола.

— Хай будзе — на шчасце! — ужо глянула ТАК на Міколу Анюта, і душа яго акрыяла, усярэдзіне як разлілася лагодная цеплыня.

«Дурань! — вылаяў сам сябе ён. — У жыцці трэба заўсёды быць прасцей, так, як Алесь». Ён разумеў, што «быць, як Алесь», не здолее, што ў яго зусім іншая натура…

Ад дзвярэй у акно пацягнула цеплынёй, і маленькі пакой адразу запоўніўся свежасцю, пахам летняга сонца і траў.

Пакой быў зусім пусты: крэслы і стол адсюль узялі ў сельсавет. Толькі на зеленаватых, з залацістымі макамі шпалерах вісела старая, пакрытая слоем пылу, нейкая змрочная карціна: жаночы твар, увесь у падцёках, бы яна плакала, тая жанчына, а абапал галавы — два анёлкі, таксама вельмі брудныя і зусім сляпыя.

Анюта падышла і асцярожна правяла па твару пальцам, — і з-пад слоя пылу ў пакой зірнулі вясёлыя і яркія вочы маладзіцы.

— Вой, як жывыя! — аж усклікнуў Алесь.

— Сапраўды, жывыя, на нас глядзяць, — сказала Анюта і працерла ўвесь твар.

Тут усе знямелі ад захаплення: карціна быццам ажыла. Усім на момант здалося, што жанчына ветліва ўсміхалася ім, нібы дзякавала за тое, што з яе твару выцерлі пыл.

— Якая… прыгажосць! — ледзь чутна вымавіў Мікола. — Бачыце? Пэўна, арыгінал. Я чытаў пра гэта ў адной кнізе.

— Сам ты арыгінал! — сказала Анюта. — Гэта ж сапраўднае багацце! А тут, на хутары, паны Гурэцкія недзе захавалі нават золата. Мне пра тое Гэлька расказала. А я, дурніца, вам. Яшчэ каму скажаце, тады і мне пападзе…

— Магіла! — стукнуў сабе ў грудзі Алесь. — Толькі заманліва, халера. От бы знайсці!

— Можа, і знойдуць, — адказала яму Анюта. — Нездарма ж Тупік амаль кожны дзень сюды прыязджае. А Гэлька гаварыла, што ведае пра той скарб толькі Зыгмусь…

Вось дык Анюта! Яна, аказваецца, усё ведае, ведае больш за іх, хоць яны і лічацца разведчыкамі ў Тупіка.

— Пойдзем на нашу пляцоўку! — раптам прапанаваў Анюце Мікола. — Там табе дужа спадабаецца…

— Не, — запярэчыла Анюта. — Мама сказала, каб не бавілася. — Яна зноў агледзела пакой, уздыхнула. — Хай будзе ўсё так адчынена. Скажыце вашым, калі спытаюць, навошта адчынілі,— што ў кабінеце будзеце кнігі чытаць, калі дождж…

І пабегла, нават ні разу не азірнуўшыся.

— Мы прыбяром тут пакой! — гукнуў ёй услед Алесь.

— Добра! — пачулася ў адказ.

Чэпэ

Улучыўшы зручны момант, калі ў калгаснай канторы нікога, апроч Ігната, не было, Тупік зайшоў да яго. Так яны сустракаліся там заўсёды, каб пагаварыць пра свае справы.

Ігнат сядзеў за шырокім сталом на тоўстых фігурных ножках, з мноствам шуфляд па баках і, схіліўшыся вельмі нізка, штосьці пісаў у сваёй гросбух, як называў ён тоўстую канторскую кнігу па рознаму ўліку.

Пачуўшы Тупіка, Ігнат узняў галаву і, прыветліва ўсміхнуўшыся, сказаў:

— А я і чакаў цябе цяпера… Нават палуднаваць не пайшоў, сказаў Мані, каб што якое прынесла з дому.

— І добра зрабіў! Тое, што прынясе твая Маня, думаю, хопіць на двух, бо і я з раніцы нічога ў рот не браў,— жартам адказаў Кузьміч. Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі і на нейкі момант так і затрымалі іх, у поціску. — Значыць, ідзём да фінішу? — спытаў ён цішэй.

— Да фінішу, — гэтак жа ціха адказаў Ігнат. — Нашы цярпенне і вытрымка, думаю, былі недарэмнымі. Нешта ёсць у схованцы, вось толькі дзе яна, тая схованка, ніяк не даўмецца…

Тупік прысеў на другое крэсла, загаварыў задумліва:

— Адно ясна, што не на паверхні…

— А дзе, дзе? — загарэўся нецярпеннем Ігнат.

— Калі б Зыгмусь мог узяць свой скарб адзін, то яго, бандыта, даўно і след прастыў бы. Не можа ён адзін узяць — вось у чым сакрэт, вось чаму задужа доўга затрымаўся тут госць. Яму памочнікі патрэбны, сіла. Ды не абы-хто, а пакладзістыя аднадумцы.

— Гэтыя пакладзістыя — каго хочаш пакладуць, — засмяяўся Ігнат. — Ды яны могуць і расквітацца з Зыгмусем, як у яго руках акажацца золата, на гэта і пайшлі, можаш быць упэўнены. Інакш іх не сагітаваў бы. Крывы нават коней падахвоціўся дастаць. А Зыгмусь і сам думае збавіцца ад памочнікаў.

— Ага, вось гэтыя коні… Думаў я — навошта яны ім? Аж трое. Ды яшчэ з пастронкамі…

— Вось і я думаю… Коньмі можна нешта дужа важкае зрушыць з месца. А што? Слуп? Камень?

— А можа, валун? — зірнуў на Ігната Тупік.

— Які валун?

— Што за хатаю хутара Гурэцкага.

— Ды што ты! Той валун і трактарам не зрушыш, ён, пэўна, больш тоны важыць.

— Дык што ж тады?

— Убачым! — коратка кінуў Ігнат. — Цяпера галоўнае падрыхтавацца як след, не даць ім апамятацца. З раёна памочнікі будуць?

— Два.

— То й хопіць. У барановы рог скруцім!

— Балакай… А ці варта табе выкрывацца? А раптам ды яшчэ не ўсё, не канец? Можа, яшчэ спатрэбішся…

Ігнат засмяяўся, ад чаго скура абапал тонкага носа змаршчынілася:

— Ці не думаеш ты збавіцца ад мяне? А хто ж табе на вяселлі граць будзе? Дарэчы, калі думаеш жаніцца? І дзе? Не ў тваім жа пакойчыку, тут і тром не развярнуцца.

— Грымець асабліва не будзем, — адказаў Тупік. — Збяру сваякоў — малодшы брат у мяне ёсць, дзядзькі ды пляменнікі,— сяброў і памочнікаў, ды пададзімся на хутар. Там прасто-ора! Ды і пажыву пакуль там. А як знясём — нешта збудую сабе ў вёсцы, складзем чатыры вуглы… Старшыня сельсавета абяцаў памагчы.

— Ды і мая не адмовіць! Дай бог толькі, каб усё добра склалася, то, можа, што і на пасаг вымеркуем. Праўда, у сельсавецкай касе не дужа багата, але нешта ды знойдзецца. Вось калечка залатога не абяцаем. А парася прырэжам…