Выбрать главу

— За ядлоўцавым кустом, — кінуўшы вачамі наўкола, наўгад прамовіў Ігнат.

— Угадаў.

— Я многае ўгадваю. Толькі от ніяк не магу здагадацца, нашто сёння Адам каня з канюшні звёў.— Ігнат загаварыў суха, з папрокам у голасе. — Конюх нарабіў такога вэрхалу, што гэта можа нам дорага каштаваць.

— Пся крэў! — вылаяўся Зыгмусь. — Яму ж было загадана ісці цішком, у вёску не заходзіць.

«Загадана ісці… А куды? Значыць, нешта яны зноў надумалі. Трэба дазнацца як найхутчэй».

— Куды яшчэ яго паслалі? — спытаў ён абыякава, быццам гэта яго не дужа цікавіла.

— Стары ўсё мудруе. На сувязь паслаў да свайго знаёмага, недзе пад Халопенічы… І сам туды хоча збегчы.

— Там хапае і без яго, ёсць каму магазіны чысціць.

— Хай і ён збегае.

«Вось табе, Ігнаце, і новае заданне», — сам сабе падумаў Ігнат, а ўголас сказаў:

— Збяжыць з такім сыночкам. Ды ён жа сваёй рызыкай на след навядзе! Няўжо старому гэта не ясна?

— Хто ж думаў, што Адам так зробіць. Пехатой ісці паленаваўся…

— А дзе стары?

— На млыне дрыхне. Яны там з Крывым гарэлкі насмакталіся. Навошта ты толькі яе і прынёс.

— Прасілі ж, не мая, а дзяржаўная, — ухмыльнуўся ён.

— І шмат яе там, у Ваўчка, схавана?

— Ёсць.

Яны паволі ішлі ўздоўж ручая, мірна гутарылі, хоць у Ігнатавай душы бушавала бура. Да арышту хаўруснікаў заставаўся яшчэ дзень, а яны ўжо, бач, прымаюць новыя захады, разбягаюцца. А можа, гэта і добра, што Адам на сувязь паехаў? Ад яго нітачка пацягнецца і да тых, хто хаваецца і ў Халопеніцкім раёне, хто і там рабуе магазіны, рэжа калгасную жывёлу?

— Пойдзем да млына, — раптам прапанаваў Зыгмусь. — Трэба разам падумаць. Можа, на час перабрацца і нам да Крывога ў Галае балота? Там спакайней.

— Толькі не туды! — запярэчыў Ігнат.

— Чаму ж?

— На тое балота і так вялікае падазрэнне.

— Адкуль ведаеш?

— Сам Тупік у канторы казаў, жонка чула.

— А што ён казаў? — не адставаў з пытаннямі Зыгмусь.

— Што Галае балота, як скула пад бокам, усялякая, маўляў, набрыдзь туды цягнецца. От тут і падумай, дзе лепш…

Да млына яны выйшлі з боку лазнякоў, якія апошнімі гадамі заглушылі прырэчны луг, некалі чысты і травяністы. Пралезлі між паляў і праз дзірку ў падлозе — яна была ў метры ад зямлі — выдраліся наверх, стаіліся.

— Чуеш? — шапнуў Ігнат Зыгмусю. — Храпуць, канспіратары… Бяры іх цёпленькімі…

Зверху, з крупадзёркі, даносіўся прыглушаны храп.

— Давай напалохаем! — гарэзліва загарэліся малыя Зыгмусевы вочкі. Такая яго гарэзлівасць ніяк не стасавала да аброслага шчэццю твару, да зморшчынак на вузкім лобе. Па ўсім відаць, не малады ўжо, а гарэзіць, як дзіця.

— Яны і так напалохаюцца, калі пачуюць, што натварыў у Замошшы Адам.

Паціху прабраліся па крутой лесвіцы на другі паверх, падышлі да самай скрыні, у якой спалі, як звязаныя, бандыты, нават пакраталі Панаса за нагу — хоць бы што!

— От гэта со-он! — гучна сказаў Ігнат. — Мне дома ды такі б, а то толькі мучаюся, а не сплю…

Пачуўшы голас, абодва падхапіліся, бы над імі стрэлілі.

— Га? Што, хто тут? — вылупіў сонныя вочы Крывы Панас.

— Міліцыя, — усё ж не стрываў, пажартаваў Зыгмусь.

— А яна і праўда можа тут быць, — сказаў Ігнат, — бо той рыжы ёлупень каня звёў з канюшні, конюх бачыў,— звярнуўся ён да Смоля. — Гэта ты яму загадаў на крадзеным кані ехаць? Ды яго ж зловяць на паўдарозе…

— Чорт яму загадвае, — буркнуў стары, вылузваючыся са скрыні, увесь у саломе, якая пад бакамі пацерлася ледзь не на мякіну. — Я строга загадаў ісці пешкі, нідзе не вытыркацца, не пакідаць следу…

Падняўся і Крывы Панас, цёмны як хмара. Сеў на край скрыні, пачаў закурваць папяросу.

— З вамі звяжыся, дык у бяду трапіш, — прабурчаў,— тут і свайго клопату хапае. Ці дадуць цяпер тых коней мне?

— Нічога, скора ўжэ развяжамся ўсе, — уставіў Зыгмусь. — А от коней трэба здабыць любымі сродкамі.

— Я ўжо выпісаў нарад на коней, — супакоіў усіх Ігнат. — У мяне закон: усё рабіць абгрунтавана. Чаму тры? А таму, што хлысты цягаць трэба, іх адзін конь не здужае, надарвецца…

Знадворку пачулася гамана, і ў млыне прыціхлі, трывожна насцярожыліся.

— Сюды, сюды давайце, тут шчупак! — хтосьці крыкнуў зусім блізка.

— Дзеці,— з палёгкай выгукнуў Крывы Панас.

— Добрыя дзеці, ужо камсамольцы, пэўна, — прашыпеў Зыгмусь. — Усюды іх поўна, нідзе ад іх не схаваешся. Што яны там робяць?

— Рыбу ловяць, — зірнуўшы праз невялічкае акенца ў франтоне, да якога толькі ён і мог дацягнуцца, удакладніў Ігнат і зноў звярнуўся да старога Смоля: — Калі твой малец назад вернецца?

— Ён назад не вернецца. Я да яго пайду…

— Месца надзейнае?

— Леснічоўка. Хутар у глухамані, туды ўлетку ніхто не дабіраецца, бо вёскі далёка, з аднаго боку балота, а з другога — рэчка. Узімку толькі дровы і бяруць. Зімовая дарога там непадалёк.

— А як жа твой дойдзе? Ды яшчэ на кані…

— У леснічоўцы стары егер, яшчэ панскі, жыве, дык ён і сустрэне мальца. Мы з ім добра знаёмыя, яшчэ як я туды на паляванне ездзіў. Гэта каля вёскі Гаці.

Так, паступова, кропля за кропляй, стары выклаў усё бы на далоні, і Ігнату гэтага было дастаткова, каб скласці пэўнае ўяўленне — дзе, прыкладна, тая мясціна знаходзіцца.

Аднаго не мог зразумець Ігнат — на што разлічваюць такія вось тыпы, як Зыгмусь ды Смоль. Ну, год яны пахаваюцца, два, а што потым? Іх жа ўсеадно — рана ці позна — выкрыюць, зловяць, асудзяць. Старое ж не вернецца, гэта ім таксама ясна, як божы дзень…

— Месца надзейнае, — як бы ў роздуме сказаў Зыгмусь. — Дзе цяпер тое надзейнае месца, калі кожны шчанюк за табой сочыць? За мяжу падавацца трэба…

— Падавайся, там цябе так і чакаюць, — агрызнуўся стары Смоль. — Прыстрэляць на той мяжы, як зайца.

«Ага, вось, аказваецца, была іхняя надзея, — зноў падумаў Ігнат і ў душы пасміхнуўся толькі.— Пакуль тая мяжа, мы вас і тут пераловім да аднаго. Не толькі ж адзін Ігнат ходзіць па вашых слядах, а ўвесь народ з вас воч не зводзіць, бо вы — стрэмкі на жывым целе грамадства і вас трэба як мага хутчэй абясшкодзіць. Стрэмкі… Стрэмкі…» — колькі разоў паўтарыў ён у думках, знайшоўшы нарэшце тое слова, якое цалкам адпавядала думкам, характарызавала тых злачынцаў.

І Ваўчок таксама стрэмка. Ігнату ўспомнілася, як Іван завёў яго ў каморку — туды меў права заходзіць толькі сам гаспадар, жанчын не пускаў,— як адсунуў убок шафу пры сцяне, а за той шафай рассунуў на сцяне ў бокі дзве шырокія дошкі, за якімі была крыху меншая каморка. Вось у той патаемнай каморцы і хаваў ён нарабаванае дабро Смоляў-Смольскіх, пэўна, спадзяваўся, што з цягам часу ўсё застанецца яму…

— Нешта, гэна самае, галава смыліць, — узняў скрыўленую набок галаву Панас. — Можа, прапусцім што, га?

— Прапусцім, — пагадзіўся і Зыгмусь. — Толькі ці тут?

— Тут, — упэўнена сказаў Ігнат. — Ці ж хто здагадаецца, што мы пры самай дарозе сядзім? Ды пакуль што і баяцца няма каго, Тупік у раён паехаў, там, відаць, і заначуе…

— Добра мець такога памагатага, як ты, — грукнуў Ігнату ў грудзі кулаком Зыгмусь. — Лоўка ты канцы хаваеш, проста пазайздросціць трэба… Усё ведаеш, кругом бачыш. Нездарма цябе трымаў пры сабе Скуратовіч…

— Хто старое памяне…

— Не буду, не буду, — падняў абедзве рукі ўгору Зыгмусь. Ён ужо глядзеў, як старыя — Смоль і Панас — наразаюць на нейкай дошчачцы скрылькі ружовага сала, лусты хлеба, як кладуць пук зялёнай цыбулі, як дастаюць з каша пляшку магазіннай гарэлкі, і яго вочкі-свярдзёлачкі загарэліся. — Эх, і сербану ж я зараз гэнай юшкі! Даўно не піў, і не цягнула, а сёння, халяра, нешта хочацца…

У старым млыне балявалі аж да вечара, калі непадалёк ад млына прагрукатала фурманка і пачуліся задорныя юначыя галасы:

— А юшку ўсё ж згатавалі!

— І рыбу яны ловяць спрытна, хутарскія хлопцы!

— Як тут цікава!

— Я рад, што гэты дзень прайшоў так удала, а заўтра, думаецца, будзе яшчэ весялей, — пачуўся і мужчынскі голас. — Заўтра — усе на лугі!