Выбрать главу

— О, чуеце? — узняў руку ўгору Зыгмусь. — Заўтра — усе на лугі йдуць.

«Нічога, стрэмкі, заўтра ўжо вы будзеце баляваць у іншым месцы».

Так думаў Ігнат, спускаючыся па сходках уніз, на прыволле. Удыхаючы вячэрні водар на поўныя грудзі, ён радаваўся, што фінал, да якога ішоў, здавалася, так доўга, ужо блізка…

І грымнуў гром

Ноччу жыхалі ў вокны бліскавіцы, час ад часу даносіліся глухія грымоты. «Пэўна, задажджыць», — думалася Мірону, які варочаўся на ложку і ніяк не мог заснуць. Не спалася яму, мабыць, ад таго, што гэтая ноч, як ніколі, трывожная, цёмная, з бліскавіцамі і пагрозлівым далёкім гулам, а — ён ведаў — бандыты хадзілі вакол хутара, недзе тут. «Ці заваліў я хоць завалу ў сенцах?» — успомніў ён і, не давяраючы памяці, босымі нагамі патэпаў у сенцы.

Завала была на месцы, усё зроблена як след, звечара, але Мірон памацаў яе рукамі, яшчэ пастаяў крыху ў сенцах, паслухаў. Знадворку не даносілася ніякіх падазроных гукаў…

З таго часу як Мірон расказаў Тупіку пра Крывога Панаса і Смоляў, запаў страх у яго душу, яму ўсё здавалася, што надыдзе час — і хутар запалае сярод начы, і яны ўсе пагараць, не ўратуюцца. Колькі ўжо разоў яму нават сніліся пажары, ён усхопліваўся з ложка як апантаны, сэрца калацілася, рукі дрыжалі. І пасля такога сну доўга не спалася, а раніцою ён уставаў разбіты, з галаўным болем.

«Сёння апошняя ноч… Апошняя, — думалася яму, і на душы крыху спакайнела, — заўтра іх паловяць…»

Мірон паціху дабраўся да ложка і лёг. Неўзабаве вярнулася да яго мяккая і пяшчотная дрымота. Пад грукат грому ён і заснуў…

Раніцою ўсе ўсталі раней звычайнага. На дварэ хмарыла, але ўжо не грымела. Міроніха выпаліла ў печы, напякла жытнікаў — пульхных бліноў з жытняй мукі на сыроватцы, намяшала місу тварагу і паставіла сярод стала. Як на свята!

— Наядайцеся аж да вечара, — сказала яна і сама пабегла накарміць прысіўленым варывам парсючкоў — свайго і Мар'інага — бо Мар'я, можна сказаць, і рабіла толькі на Міроніху, абшывала і абмывала яе сям'ю, і ўсе хадзілі заўсёды дагледжаныя, чысцюткія, хоць на якой адзежыне былі лата на лаце.

Хоць надвор'е і сапсавалася, усе збіраліся на луг, нават малы Пеця, які ад таго радаваўся, аж без угавору з'еў цэлы блін з тварагом.

— Я ўжо ўмею сена варочаць, — хваліўся ён.

— Варочаць ты ўмееш, хату можаш уверх дном перавярнуць, — казаў Мірон паблажліва.

Праз якую гадзіну хутар апусцеў, бы ў ім ніхто і не жыў, і толькі навязаная ў садзе карова бесклапотна скубла траву ды час ад часу ўзнімала галаву, чакаючы гаспадароў.

Толькі Алесь і Мікола сёння ішлі не на луг. Улучыўшы момант, яны звярнулі да рэчкі, ды Мірон угледзеў.

— Вы куды гэта цягу даяце? Я за вамі даўно сачу, за вашымі шэптамі…

Мікола спыніўся, ціха, таямніча сказаў:

— Так трэба, дзядзька Мірон. Заданне ў нас, Тупік прасіў.

Нічога не адказаў Мірон хлопцам, махнуў рукою і пайшоў даганяць жанчын, якія былі ўжо за першымі кустамі…

А хлопцы подбегам кінуліся да хутара Красоўскага, каб там, падпільнаваўшы, як Ваўчок пойдзе з дому, падаць умоўны сігнал: запаліць дымавы касцёр на ўзгорку за хутарам. Там ужо загадзя нарыхтавана сухое голле і цэлы лоўж свежых яловых лапак. Тыя лапкі задымяць так, што далёка ўбачыш…

— Тупік казаў, як запалім, самім схавацца ў бярэзніку, — пачаў Алесь, калі яны абагнулі хутар і спыніліся зводдаль у жыце. Адтуль усё, што робіцца на хутары, было відаць як на далоні.

— Схаваемся… Нам да бярэзніку дабегчы — мінутка.

Яны прымасціліся на шырокай баразне, парослай рамонкамі ды васількамі, пачалі чакаць. І сядзелі так доўга. Ім ужо здалося, што той Ваўчок сёння і не збіраецца выходзіць з хаты.

— А можа, ён як прашмыгнуў і мы не ўбачылі? — з трывогай спытаў Алесь.

— Не прашмыгнуў. У-унь, бачыш, з акна дымок цягнецца, гэта Іван самасад смаліць.

Дымок неўзабаве прапаў, і на парозе з'явіўся Ваўчок. Азірнуўся наўкола, задраў галаву ўгору і нейкі час пазіраў на хмары, быццам яны заміналі яму. Потым захінуў ямчэй крысо шарачковай світы і пайшоў у напрамку іхнага хутара…

— Пара, — сказаў Мікола, і хлопцы кінуліся выконваць Тушкаў загад…

А пакуль, як толькі апусцеў хутар, сюды першы з'явіўся Іван Ваўчок. Абышоў вакол хаты, зазірнуў у вокны, спыніўся на падворку і стаў чакаць.

Неўзабаве прыйшоў Ігнат. Павітаўся за руку і спытаў:

— Панаса яшчэ не было з коньмі?

— Нікога не было, — нездаволена буркнуў Іван.

— Чаго ты такі злы?

— Не падабаецца мне ўся гэтая зацея. Ды і хмарыцца во, можа дождж пайсці, усе з сена раней часу вернуцца. І наогул — падазрона нешта.

— Што ж?

— На пастку падобна, нутром адчуваю, што ўліпну я з вамі, як муха ў сыроватку.

— А чаго табе баяцца?

— Халера яго ведае, баюся — і ўсё тут.

— А ты выкінь страх з галавы, пра харошае думай, от хутка разбагацееш…

— А-ат, — махнуў Іван рукою, — дзе вароне не лятаць…

Размаўлялі яны нядоўга: з-за саду паказаліся коні. Панас ехаў па старой дарозе, сядзеў на сярэднім — сівым — кані і трымаўся за хамут. Усе аброці былі прывязаны за гужы, пастронкі закінуты на крыжы і звязаны там, каб не з'язджалі долу.

Амаль адначасова з боку млына выйшлі і Зыгмусь са старым Смолем. Усе сабраліся ў садзе, затуленыя густым кустоўем каліны, бэзу ды язміну, што раслі ўздоўж платоў.

— Трэба ж было стальвагі ўзяць, хоць параконныя, — неяк спалохана зірнуў на коней Зыгмусь. Голас у яго быў дрыготкі, вочы збянтэжаныя і сам ён, па ўсім было відаць, нейкі разгублены. — А ты, — падступіў да Ваўчка, — прынёс сваю ржавую пушку?

— Якая яна ржавая? — Іван азірнуўся і дастаў з-пад крыса абрэз. — Во, як новенькі, аж гарыць…

— Дай сюды…

— А плата?

— Будзе зараз… Дай, кажу, а то вас тут вунь колькі сабралася, а я адзін. Яшчэ абрабуеце, — паспрабаваў усміхнуцца Зыгмусь, і ўсмешка яго атрымалася кіслая, ненатуральная.

Іван азірнуўся на астатніх, як бы пытаючы ў іх парады — аддаваць ці не?

— Аддай, — кіўнуў галавой Ігнат. — Мы цябе цяпера ў крыўду не дамо.

— Усе свае — разбяромся, — тупаючы ля коней, азваўся і Панас. — Чалавек са зброяй смялейшы і дабрэйшы.

— Глядзіце ж, вы — сведкі… Каб усё добранька, па-людску было…

Іван працягнуў абрэз, і Зыгмусь так ухапіў яго, бы баяўся, што той раздумае.

— А патроны? Патроны дзе?

— Во — аж дзве кішэні напхаў…— Іван пачаў даставаць з кішэняў абоймы, блішчастыя, жаўтлявыя. — Нашто яны мне… Мне зброя не трэба, я чалавек мірны.

Зыгмусь для перасцярогі, каб быць напагатове, загнаў патрон у патроннік, засунуў абрэз пад шырокі рамень штаноў, захінуў крысо старога пінжака. Твар яго прасвятлеў, у рухах з'явілася ўладарная заспакоенасць.

— Пайшлі, пакуль ціха… З богам! — Ён перажагнаўся па-каталіцку і рушыў за хату, дзе ляжаў сівы, як дзед, парослы мохам валун.

«Здагадка была правільная, мабыць, скарб пад валуном», — сам сабе падумаў і тут жа здзівіўся Ігнат, бо Зыгмусь і праўда спыніўся каля валуна.

— Ву-унь, у гародзе, дзве рыдлёўкі, я іх даўно прыкмеціў,— паказаў на рыдлёўкі Зыгмусь, — прынясіце іх.

Рыдлёўкі прынёс стары Смоль. Па яго змрочным засяроджаным твары нельга было здагадацца, што робіцца ў гэтага чалавека на душы. А на душы ў яго было неспакойна. Дамоўленасць з Крывым Панасам прыкончыць Зыгмуся, калі той сапраўды знойдзе скарб, гняла яго, трывожыла, хоць ведаў, што Ігнат таксама не супраць кокнуць Зыгмуся, сам жа Крывому намякаў. Але ж хто ведае, што наўме гэтага скрытнага чалавека, а раптам ды ён сам задумаў што благое? Ён глядзеў на Ігната з недаверам, злаваў, што той жартуе, бадзёрыцца, быццам яны тут сабраліся на якія гулі.

— Капайце пад камень, — паказаў Зыгмусь на месца, дзе камень як бы нахіліўся, навіс над зямлёю. — Можна толькі ў яму кульнуць яго, а з месца не скранеш…

Рыдлёўкі адразу запрацавалі спорна. Капалі Ігнат і Ваўчок. Зыгмусь усё паходжваў наўкола, часта азіраўся то на хмызняк, то ў бок млына, быў як бы на варце. А з яго ўжо не зводзілі воч Панас і Смоль, у якога таксама меўся самапал, набіты сечаным дротам. Гэты злачынны клубок паўзучых гадаў, гатовых у любы момант кінуцца адзін на аднаго і ўджаліць смяротна, насцярожыўся.