Выбрать главу

Нават суседзі другога хутара не стаялі ўбаку. Міроніха пачала стаўляць на стол толькі кіслае малако, а смятану збірала і збіла з яе фунты тры масла, жаўтлявага, як сонца бы празрыстага.

Мірон з хлопцамі — нават малы Пеця памагаў — зрабілі праз рэчку, дзе даўней быў масток, пераправу, паклаўшы побач дзве абчасаныя алешыны, прымацавалі на коліках парэнчу з доўгай сасновай жэрдкі — гэта каб госці з вёсак не мачылі ногі, каб ішлі ахвотней.

Цяпер, седзячы на гэтай кладцы, хутарскія хлопцы паціху гутарылі, чакаючы, калі ж на ўзгорку з'явіцца Анюта са сваёй новай сяброўкай. Пасля першай сустрэчы Стэфа так пасябравала з Анютай, ёй тут так было хораша, што прыбягала яна на хутар ледзь не штодня. І з той першай сустрэчы раптоўна бы хто падмяніў Алеся, яго стала проста не пазнаць: ён пачаў больш прыдзірліва сачыць за сваім знешнім выглядам, адзежа на ім цяпер была не толькі чыстая, але і заўсёды адпрасаваная, валасы ўжо не разляталіся, а ляжалі роўненька, зачэсаныя на прабор, прылізаныя гліцэрынай, за якой хлопец спецыяльна хадзіў у краму. Кавалер, ды і толькі!

Мікола радаваўся, гледзячы на сябра, радаваўся яго такой раптоўнай перамене, а яшчэ больш таму, што — і гэта было бачна! — Алесь пачаў абыякава адносіцца да Анюты, быццам не заўважаць яе. Уся хлапечая ўвага цяпер была скіравана толькі на Стэфу. Такі кірунак дало само жыццё, і хлопцы пайшлі па яго сцяжынах без аглядкі…

— Унь, ідуць ужо! — першы заўважыў дзяўчат Алесь і падхапіўся, сышоў на бераг, пацёр аб траву новыя рудыя сандалі, што надзеў упершыню.

За ім падняўся і Мікола, які таксама на гэты раз быў абуты ў чаравікі, хоць і не новыя, але яшчэ даволі прыстойныя. Знешне спакойны, нават залішне строгі з твару, толькі адзін ён ведаў, як трымціць ад хвалявання яго сэрца, як падкрадаецца да скроняў цеплыня. Хваляваўся ён пры кожнай выпадковай сустрэчы, пры кожным спатканні. Гэта было прыемнае хваляванне, яно будзіла ў ім новыя сілы і думкі, напаўняла ўсю яго істоту шчымлівай радасцю нязведанага пачуцця…

Сёння Стэфа была ў шыкоўна расклешанай васільковай сукенцы з кароткімі рукавамі, і яе белыя поўныя рукі кантрасна выдзяляліся на сінім фоне сукенкі.

«Усеадно — Белая», — падумаў Мікола і ўсміхнуўся сваёй той думцы, і гэтая натуральная ўсмешка была заўважана.

— Нешта пан Мікола з нас пасміхаецца! — звяртаючыся да Анюты, заўважыла Стэфа. — Ці не заўважыў ён што на маім твары? Зірні, Анюта…

— А можа, на маім? — у сваю чаргу спытала Анюта, і дзяўчаты паглядзелі адна на адну ўважліва.

— Гэта ён ад радасці, што вы прыйшлі! — зусім шчыра сказаў Алесь.

— Праўда? — бы не паверыла, спытала ў яго Стэфа. — А ты хіба не рады?

— Яшчэ як! — рагатнуў Алесь. — Як перавярнулі той наш валун, дык от на кладцы і сядзім, чакаем от…

— На золаце сядзелі — не так радаваліся, — у тым жа паўжартаўлівым тоне падтрымаў сябра і Мікола.

Яны стаялі каля рэчкі на тугой муражыне, усеянай смолкамі ды люцікамі, гаварылі пра апошнія падзеі, што адбыліся на хутарах, выказвалі свае меркаванні.

— Кожнаму — сваё! — нарэшце падвёў рысу пад гаворкай Мікола. — Як казаў дзядзька Мірон, каму — людская павага, а каму — турма і ганьба, бо чалавек сам выбірае сваю дарогу.

У той наіўнай і глыбакадумнай, як здавалася ўсім, гаворцы было столькі шчырасці і даверлівасці, што, нагаварыўшыся, яны не хацелі разыходзіцца. Усім раптам захацелася некуды ісці, нешта рабіць незвычайнае.

— А давайце сходзім у Мокры Лог! — прапанаваў Мікола. — Стэфе той куток яшчэ больш спадабаецца, чым наша рэчка… — і, зірнуўшы на Анюту, успомніўшы, як Анюта не любіла Мокры Лог за яго змрочнасць, як бы ў апраўданне дадаў: — Цяпер баяцца больш няма каго, ідзі — куды хочаш… Гэта раней там і праўда было страшнавата…

— Ой, як цікава! Давайце сходзім, — адразу падтрымала яго Стэфа. — Я ўжо чула пра Мокры Лог. Там, казалі, яшчэ ў тысяча восемсот дванаццатым годзе партызанская конніца стаяла, адтуль партызаны рабілі налёты на французаў… Гэта праўда?

— Праўда, як і тое, што Пётр Першы прысылаў сюды карабелаў па мачтавыя сосны. А яны там у нізіне растуць такія тонкія, што раўняюцца з тымі, што растуць на ўзвышшы, — зазначыў Мікола. — Дык усе згодны?

— Пайшлі-і! — узняў угору кулак Алесь, і хлопцы рушылі паперадзе, а дзяўчаты — за імі.

Ішлі не спяшаючыся: дзень выдаўся сонечны, хоць трохі і душнаваты, зусім без ветру. Рэдкія хмурынкі ў сінім бяздонным небе, здавалася, самі ўзнікалі і непрыкметна раставалі там, а на іх месцы з'яўляліся новыя, гэткія ж бялюткія, прадаўгаватыя, і было падобна, быццам якісьці нябачны волат паласкаў у сіняве неба свае вялізныя палотны-ручнікі.

— Во — я і забыўся спытаць пра Тупікавага брата, — зноў загаварыў Алесь, калі яны выйшлі да хмызняку, за якім пачынаўся лес. — Ці праўда, што ён нейкі вялікі вучоны? Ты бачыла яго, Анюта?

— Бачыла…

— Ну і які ён з сябе?

— Малады, прыгожы…

— І вучоны?

— Вучоны… Ведае аж тры замежныя мовы. А найбольш — нямецкую. Ён і кнігі чытае толькі на нямецкай мове.

— Уй, ты-ы! — падзівіўся Алесь. — Мне дык праз гэтую нямецкую мову ніяк не прадрацца, хоць у школу з-за яе не хадзі — не даецца! Проста ненавіджу яе!

— А я люблю…

— А дзе ж хаця ён працуе?

— Яшчэ вучыцца…

— Такі вучоны і вучыцца? Колькі ж можна вучыцца?

— Усё жыццё…

Гаварылі толькі Анюта і Алесь, і таму Мікола ўмела і тактоўна перавёў гаворку на іншае.

— Я чуў, што на той нядзелі хутар Красоўскага будуць перавозіць у Замошша…

— Ага, — адказала Анюта. — І мы з мамай перабяромся да вас, у той пакойчык…

— А Гэлька? — спытаў Мікола.

— Ім ужо будуецца хата… Сям'я ж, — па-даросламу, дзелавіта адказала Анюта.

— А ці праўда, што Ігнат і Адама злавіў? Што там у Замошшы гавораць? — папытаўся ў Стэфы Алесь. Ён адстаў крыху, крочыў з ёю побач, плячо ў плячо, хоць яго, Алесева, плячо было роўна з яе галавою.

Стэфа засмяялася:

— Ой, я і забылася вам сказаць! Гэта ж, кажуць людзі, прыйшлі тыя бандыты ў вёску да нейкага сваяка егера, а той ім лазню напаліў. Дык Ігнат іх у лазні і злавіў усіх. З ім тры міліцыянеры былі…

Так, пакуль дайшлі да Мокрага Лога, перагаварылі ўсё на свеце, не забыўшыся і на тое, што калгасу абяцалі прыгнаць аж два трактары, жняяркі і малатарню.

Мокры Лог навеяў іншыя думкі і пачуцці. Хоць і было тут трохі вусцішна, але так хораша, так задорна спявалі птушкі ў кустоўі, што маладыя сэрцы таксама бы заспявалі. Стэфа войкала ад захаплення, здзіўляючыся кожнай кветцы, кожнаму дрэву, якія раслі ў гэтым незвычайна багатым на флору кутку. Яшчэ дзе, у якім месцы, знойдзеш папараць, якая расла б каля ручая, у засені чаромхі, а побач з хвойкай алешыну, побач з бярозай — лазу, побач з шыпшынай — ядловец? Тут прырода сапраўды пераблытала, згрувасціла ў адным месцы ўсё, што расло на неабсяжнай прасторы Беларусі, на яе пагорках і раўнінах, у багне палескай нізіны і на крутых берагах рэк…

— Глядзіце, гэта ж дзікі часнок! — паказваў Мікола на шырокае, бы ў аера, але кароткае, мясістае цёмна-зялёнае лісце, што кусцілася каля саменькай вады. Ён сарваў адзін ліст і даў па кавалачку ўсім паспытаць, і ўсе смакавалі і дзівіліся падабенству з тым часнаком, што рос на градах…

Потым — ганялі ў ручаіне печкуроў, Алесь выпараў з-пад карча невялічкага шчупака і ганяў яго па ручаіне. Дзяўчаты лавілі матылёў, якіх багата было над расліннасцю, што хілілася да вады…

Але вось у гэты мірны занятак, за якім непрыкметна бег час, раптам улілося штосьці насцярожана-трывожнае. Яно няўлоўна адчувалася ў тым, што прыкметна пацішэла навокал, змоўклі птушкі, прырода бы анямела, прыслухалася да чагосьці; згусціўся, напоўніў увесь Мокры Лог нейкі змрок, якога дагэтуль не было. І толькі калі ўздоўж глыбокага логу, адбіваючыся ў празрыстай стужцы раўчука, паласанула блішчастым нажом зіхатліва-асляпляльная маланка, за якой адразу гулка раскаціўся гром, паўтораны водгуллем-рэхам, усе зразумелі, што неба непрыкметна закрыла вялізная чорная хмара.