Выбрать главу

І калі ўжо была закрыта тоўстая скураная вокладка кнігі, Алесь раптам, быццам што ўспомніўшы, сказаў:

— Давай паглядзім яшчэ тую карцінку! — Узяў яе у рукі, доўга ўглядаўся ў тэкст і паціскаў плячамі.— Што за глупства — «сцеражы і зберажы маё крэўнае…»

— Чаму — глупства? Тут ёсць пэўны сэнс, каб гэтая Марыя сцерагла кнігу, бо яна каштоўная. Я так думаю…

— А — «мае мары і надзею»?

— Той, хто гэта пісаў, на нешта спадзяваўся.

— А ці не Гурэцкі гэта пісаў?

— Можа, і ён.

— Стой! — раптам схапіў за руку Міколу Алесь, быццам той збіраўся некуды збегчы ад яго. — Ты не падумаў, чаму іменна гэтая карціна ляжыць тут, у кнізе? І ці не сцеражэ што-небудзь тая Марыя ў пакоі? Між імі існуе нейкая сувязь…

— Усё марыш яшчэ адзін скарб знайсці? — усміхнуўся Мікола. — Шукай…

— А чаму б і не? У гэтых паноў вунь колькі золата было. Маглі ж яны яшчэ дзе-небудзь прыхаваць.

— Тады трэба ўздзіраць дошкі за карцінай, — параіў яму Мікола, параіў жартам, а потым задумаўся і дадаў: — Пайшлі?

— Пайшлі… Я толькі вазьму табурэтку, а то высака, не дастанем…

Святая Марыя, як здалося хлопцам, цяпер глядзела на іх не так весела, як у першы раз, а з нейкім дакорам, але яны не дужа сумеліся ад такога яе пагляду, падставілі грубаватую і шырокую табурэтку, залезлі на яе абодва. Асцярожна — карціна была цяжкая — знялі ланцужок-почапку з меднага крука, прыбітага да сцяны двума цвікамі.

На выцвілых зеленаватых, з залацістымі макамі шпалерах ярка вызначыўся квадрат: за карцінай шпалеры не так выцвілі. Хлопцы глядзелі на той квадрат і не ведалі, што рабіць далей.

— Давай здзяром шпалеры, — сказаў Алесь, дастаў з кішэні абломак нажа, які спецыяльна прыхапіў, і выразаў квадрат. Мікола дапамог яму адарваць той квадрат. Пад шпалерамі ім адкрыўся крыху меншы квадрат, пафарбаваны ў руды колер. Гэта была звычайная фанера, прыбітая па вуглах да сцяны цвікамі.

І калі спачатку хлопцы яшчэ ні ў што не верылі, то цяпер яны не паверылі сваім вачам: сумненняў быць не магло — перад імі адкрыўся тайнік.

— Вось гэта цуд! — усклікнуў Алесь, і вочы яго загарэліся. — Будзем уздзіраць?

— А можа, пра гэта трэба сказаць Тупіку?

— Ён жа абяцаў сёння прыехаць, нам нейкія падарункі прывезці — вось і скажам! Прынясі мне сякеру…

Мікола зайшоў у камору, дзе яны пакінулі сякеру, узяў яе і прынёс Алесю, які ўсё яшчэ стаяў на табурэтцы.

— Ты толькі акуратна, — папрасіў ён сябра.

— Тут бы долата, — мацаючы край фанеры, сказаў Алесь, — сякерай не падлезеш, лязо таўставатае.

Долата ў іх не было, і таму хлопцы добра-ткі папацелі, пакуль узадралі тую фанеру, пры гэтым абламаўшы ражкі…

За фанерай была невялікая ніша накшталт палічкі. І ў той нішы яны ўбачылі два невялікія, па літру, гліняныя глячкі, прыкрытыя адным тоўстым кавалкам бронзы. Дрыготкімі ад хвалявання рукамі Алесь зняў той кавалак бронзы, перадаў Міколу і ўзяў у рукі левы глячок, зазірнуў у даволі шыракаватую гарлавіну.

— Ну, што там? — з нецярпеннем спытаў Мікола.

— Крыжыкі. Ёсць некаторыя з бліскучымі каменьчыкамі,— расчаравана адказаў Алесь. — Мусіць, таксама бронзавыя…

Мікола толькі ўзяў у рукі той глячок, узважыў яго ў руках і ўсклікнуў:

— Гэта ж золата! Няўжо ты не адчуваеш, што такое цяжкое можа быць толькі золата? І ланцужкі тут залатыя…

Алесь ужо глядзеў у другі глячок.

— А тут грошы! Кругленькія, з нейкімі барадатымі галовамі. Царскія…

Яны паставілі тыя знаходкі на табурэтку побач і доўга любаваліся імі.

— Так, гэта сапраўды скарб, — ціха сказаў Алесь, залатыя грошы і крыжыкі. Што мы з імі будзем рабіць? Можа, спярша пакажам тату?

— Не, давай усё паставім на месца і закрыем, як было.

— Навошта?

— Трэба паклікаць Тупіка ці яшчэ каго… Пачакаем.

— Давай паставім…

Але зрабіць гэта яны не здолелі: раптам з двара данёсся знаёмы голас міліцыянера:

— Хлопцы, дзе вы пахаваліся?

Яны так абрадаваліся гэтаму голасу, быццам то было збавенне ад цяжару, які раптоўна зваліўся на іх.

— Тут мы, тут мы! — ледзь не ў адзін голас закрычалі яны і выйшлі з пакоя.

Тупік стаяў крыху зводдаль і трымаў Сняжка за повад.

— А я вам ад імя савецкай міліцыі прывёз падарункі — новыя гарнітуры і чаравікі. Гэта — за дапамогу, якую вы аказалі нам! — Ён адвязаў ад сядла вялікі пакунак, загорнуты ў рудую паперу і перавязаны аборынай, і перадаў Міколу. — Вось, спажывайце на здароўе…

— Дзякуем, — ціха адказаў Мікола.

Алесь схапіў у яго той пакунак, развязаў і ўсклікнуў:

— Вось гэта — шык! Адзін большы, другі меншы… А мы вам за ўсё заплацім.

— Чым жа? — пацікавіўся Тупік, спадзеючыся, што гэта чарговы жарт.

— Золатам, — сказаў і Мікола. — У гэтым пакоі тая плата, зайдзіце і зірніце.

Тупік кінуў повад і паціху пайшоў у пакой, а Сняжок, адчуўшы волю, прытупаў да Міколы, абнюхаў, як сабака, яго кішэню, рукі…

— Няма цукру, Сняжок, — сказаў Мікола, гладзячы каня. — Але не бядуй, яшчэ знойдзем…

Міліцыянер амаль выбег з пакоя, трымаючы ў абедзвюх руках гліняныя скарбонкі.

— Вось гэта плата! — узняў ён рукі ўгору. — Ды тут жа, брацішкі, па закону і ваша доля ёсць, і немалая!

Падышоў і Мірон, агледзеў усё, пачухаў патыліцу рукою.

— А я думаю — што гэта яны ўсё сцены дзяруць, — сказаў ён і пахітаў галавою. — Аж яны, жэўжыкі, ведаюць, дзе шукаць панскае дабро. І хто ім толькі падказаў?

— Тая карціна, што ў кабінеце вісіць, — сказаў Алесь.

— І вялікая чорная кніга, — дадаў Мікола. — Мы ж…

— Чакайце, чакайце, — перапыніў яго Тупік. — Давайце ўсё па парадку.

І Мікола расказаў усё. Як хацелі адрамантаваць лодку, як пасля ў каморы знайшлі кнігу, як расшыфравалі загадкавы подпіс пад рэпрадукцыяй карціны…

— Гэта, мусіць, апошняя тайна скарбу Загорскай камяніцы, — сказаў Тупік. — Відаць, стары Гурэцкі адхаваў частку сабе, каб не дзяліцца з сынам і хаўруснікамі. Давайце зойдзем у хату і складзем акт…

Толькі гадзіны праз дзве хлопцы і Мірон падпісалі той акт, пералічыўшы крыжыкі і грошы, і Тупік паехаў, сказаўшы, што ў хуткім часе ўсіх іх пераселяць у Пабярэжжа ў новыя хаты.

Хлопцы глядзелі яму ўслед, задаволеныя тым, што гэты дзень прынёс ім столькі радасці…

— Ну што, Алесь, пойдзем рамантаваць лодку? — спытаў Мікола, калі белы Тупікаў конь знік за хмызам рэчкі.

— А як жа! — весела адказаў Алесь. — Хіба ж мы не казалі, што паплывём на вялікую раку? Нам лодка і ў Пабярэжжы спатрэбіцца…

Яны ўзялі ў каморы сякеру, дошкі, некалькі цвікоў і паволі пайшлі да сваёй лодкі…