Выбрать главу

Тады Мікола перавёў позірк на незнаёмых, маўклівых і хмурных людзей у нейкай незвычайнай апратцы — доўгія чорныя балахоны, з-пад якіх віднеліся споднія кашулі, надавалі ім выгляд манахаў. На нагах у іх былі чаравікі з абмоткамі, як у вайскоўцаў.

Новенькія шэрыя шапкі ляжалі на падаконніку, а галовы былі прыкрыты башлыкамі, з-пад якіх паблісквалі вочы.

«Хто яны такія? Адкуль у іх усё гэта? — сама сабою набегла думка. — І гарэлка магазінная. І цукеркі, пячэнне?»

Крыху падсілкаваўшыся, бачачы, што «госці» добра падпілі і пачалі спакваля балбатаць абы-што, кожны сваё, ён непрыкметна выслізнуў з-за стала і выбег на двор. Сэрца калацілася так, што, здавалася, яго пачуюць тыя, у хаце. Але нездарма ў Міколы такі напорысты характар: калі што надумаў, то не адступіцца!

Кошкаю скочыў ён да аднаго воза, да другога — і яму ўсё стала ясна. Гэта ж яны, відаць, абабралі нейкую краму! Скрынкі з цукрам, гарэлкаю, запалкамі, скруткі рознага матэрыялу ляжалі на вазах. Неяк, хутчэй інстынктыўна, чым свядома, Мікола ўхапіў некалькі найбольшых кавалкаў цукру і пабег у свой пакой, куды вялі асобныя дзверы, «чорныя», як іх называлі. Схаваў цукар у халоднай цяпер грубцы, згарнуўшы попел у левы кут, як гэта заўсёды рабіла маці. Там ён будзе цэлы — ні пацукі не дастануць, ні людзі не знойдуць.

А потым адумаўся: «Гэта ж я ўкраў, узяў чужое…» Ён гатоў быў ужо занесці ўсё назад, але пабаяўся: а што, калі ўбачаць тыя зладзюгі? Ад іх літасці не чакай, яны на ўсё здатны. І не было ў Міколы ні палёгкі, ні апраўдання.

Каб ніхто нічога не падумаў, ён паціху зноў вярнуўся да маці, сеў каля яе і ўжо больш ні да чаго не дакранаўся.

— Ну і штаны ў цябе, Мікола! Анучына… А кашуля? Га? Што ж гэта за кашуля? — хістаючыся, Панас выйшаў на падворак і хутка вярнуўся, трымаючы ў руцэ ладны кавалак чорнага корту. — Вось я вашым галадранцам на штаны дам. А вы нічога не бачылі і нічога не чулі. Поняў? — утаропіўся ён на Мірона.

— Поняў, поняў,— заківаў калматай галавою Мірон і шматзначна зыркнуў на жонку. Тая сядзела нібыта з абыякавым выглядам, быццам усё, што тут робіцца, яе не датычыцца, не цікавіць. А сама была насцярожаная, наструненая, лавіла кожны рух, кожнае слова «гасцей».

— А не возьмеце, то, гэна самае, ваш хутар… разам з вамі… Поняў? У лесе, можна сказаць, жывяце. Глуха тут, ад вёскі далёка, а да д'ябла ў балоце блізка. Поняў? Не былі мы тут! Не вячэралі…

Сумненняў не магло быць — гэтыя людзі, якіх дзеля нейкай мэты прывёў на хутар Крывы Панас, зладзюгі. Мікола ціхенька піхнуў нагою Алесеву нагу і вачыма паказаў на дзверы. Той зразумеў сябра, падзякаваў за вячэру, і яны вылезлі з-за стала. Зайшлі на Міронаву палавіну і залезлі на печ, нічога адзін аднаму не гаворачы. Было ясна, што і Алесь усё зразумеў. І яму цяпер, напэўна, было вунь як страшна.

— Яны ехалі ад таго хутара, ад Ваўчка, — ціха сказаў Мікола.

— Ну і што?

— А тое, што не вячэралі там, а ў нас. Значыць, хітруюць. Мусіць, з Ваўчком знюхаліся, і каб на яго не было падазрэння, тут расселіся. А былі ж там, былі…

— Можа, што схавалі ў таго Ваўчка…

— Можа… Анюта нам скажа, калі што.

Яны замоўклі, услухоўваючыся, як у зале зашоргалі лавы, як потым грукнулі дзверы на двор.

— Пайшлі,— сказаў Алесь. — Будзем спаць…

Сляпы жабрак

Мінула, можа, з тыдзень, як на хутар да Ваўчкоў зноў прыехаў Тупік. Мікола як убачыў белага каня, дык аж узгарэўся ўвесь нецярпеннем пабегчы туды.

Тым больш што ў яго ёсць цукар, што за гэты час маці пашыла яму новыя штаны, акуратна палатала кашулю. А Мірон пастрыг абодвух «пад баранчыка», ухітрыўшыся неяк аж ушчыкнуць сваімі старымі чорнымі нажніцамі з адламаным канцом Міколку ля вуха так, што ледзь сунялі кроў свежым попелам з печы. Ад гэткага лячэння цяпер там утварыўся чорны струп. Маці строга наказала яму, каб часова не купаўся, не чапаў рукамі той струп, пакуль не адваліцца, а то можа прыкінуцца і тады ліха не абярэшся…

Мікола ўбачыў, што Сняжок павярнуў галаву і глядзіць у яго бок. Але ж як ты пойдзеш да каня, калі маці папрасіла бегчы на расцяробы за Мокры Лог і набраць там смалякоў, бо зіма доўгая, а смалякі ідуць не толькі на падпалку ў грубцы, а і на асвятленне: адчыніш вялікія, з нейкімі невыразнымі фігуркамі на іх, дзверцы грубкі — і светла ў пакоі, толькі падкідай па смаляку.

А набраць тых смалякоў не вельмі проста. Трэба спярша знайсці гнілы хваёвы пень, у якога ўжо ўсе карані адваліліся, адгнілі, вывернуць яго з зямлі, расхістаўшы, потым сякерай ачысціць ад гнілля, узяць у мех толькі цвёрды, як жалеза, смаляны стрыжань. І такіх пеньчукоў трэба здабыць штук пяць, не меней.

Яны пайшлі б з Алесем, але ён пасвіць недзе рагулю, бо ўжо вартаўнік папярэдзіў, што «пакладзе» яе ў шкодзе з ружжа, калі будуць пускаць самапасам…

І ўсё ж спакуса пабыць каля Сняжка ўзяла верх. За смалякамі ён пойдзе пасля, а цяпер…

Хуценька забег у хату, узяў кавалак цукру, пакалоў яго на дрывотніку сякерай на драбкі і схаваў у кішэню сваіх новых штаноў. Ён яшчэ не ведаў, што гэтыя новыя штаны яго вунь як падвядуць…

Ля рэчкі, каб не замачыць штаны, Мікола скінуў іх, перайшоў рэчку і зноў надзеў. Узбегшы на ўзгорак, дзе, як і заўсёды, стаяў ля плота конь, Міколка адразу дастаў з кішэні драбок і смела пайшоў да Сняжка. Але той чамусьці папераджальна паклаў вушы, грозна зыркнуў на яго і тупнуў пярэдняй нагой, маўляў, не лезь ка мне.

Мікола адскочыў, бы конь яго ўкусіў.

— Сняжо-ок, што з табою? Сняжо-ок… Гэта цукру вось табе прынёс.

— Не лезь да каня! Убрыкне! — раптам пачуўся з двара голас Тупіка, а неўзабаве і ён сам выйшаў праз брамку ў сваёй сіняй гімнасцёрцы. — Па ім, брацішка, стралялі…

— Хто страляў? — аж сумеўся Мікола, заўважыўшы, што сёння Тупік неяк асабліва суровы, засмучаны. Паляпаўшы каня па крутой шыі, сказаў журботна:

— Каб жа я ведаў, хто страляў… Ля самай холкі куля скуру садрала, перад сядлом… Збег, гад, у балота…

Мікола глядзеў на- запечаную кроў ля холкі, дзе роем віліся мухі, і думаў: «Значыць, гэта па ім, Тупіку, стралялі… А кажа — па кані. Так і забіць калі могуць. Мусіць, трэба сказаць пра нечаканых начных гасцей і пра Крывога…»

Ён зноў працягнуў руку, сказаў:

— Во я яму драбок цукру хачу даць.

— Вазьмі, Сняжок, — дазволіў ласкава гаспадар, гледзячы ўжо кудысьці ўдалячыню, думаючы аб нечым сваім.

Сняжок стрыгануў вушамі і, як і ў першы раз, пацягнуўся пысай да Міколавай рукі, узяў пачастунак, потым хрумстаў, хітаў галавой і закрываў вочы. І зноў цягнуўся да Міколы, раздзімаў ноздры і фыркаў — прасіў.

— Можна, я яшчэ дам?

— Можна… Давай і пасвіствай, ён прывыкне да твайго свісту, будзе ўслед бегчы… — І раптам, зірнуўшы на Міколавы штаны, з кішэні якіх той зноў дастаў бела-чорны драбок, спытаў: — Слухай, брацішка, адкуль у цябе ўзяліся гэтыя шыкоўныя штаны? І цукар…

— Штаны мама пашыла… Са старых бацькавых…

— А цукар?

— Было трохі,— пачаў Мікола і не здолеў больш хлусіць, апусціў вочы, ліхаманкава думаючы, як лепш выкруціцца з такога няёмкага становішча: сказаць чыстую праўду ён баяўся, ведаў, што за гэта могуць пакараць тыя, у чорных балахонах, але ж і маўчаць ён не мог…

— Я вам вось што скажу… Былі ў нас на хутары нейкія людзі ноччу, вячэралі, пілі гарэлку. А якія — не ведаю, — сказаў Мікола так разважліва, быццам даўно рыхтаваўся да гэтага. — Цукар я ў іх на возе ўзяў, шмат яго там.

— А якія яны, тыя людзі? — бліжэй падступіў да яго Тупік. — Ды не бойся ж ты мяне, скажы. Я, брацішка, цябе не выдам. У мяне наконт гэтага — магіла! Сяброў не выдаю.

— Двух не ведаю, а аднаго пазнаў. Крывы Панас з нашай вёскі прывёў іх. Толькі я думаю, дзядзечка, што яны спярша заязджалі на хутар Красоўскага, бо праз брод ехалі, каля млына. І ад нас пакіравалі на балота, сляды вунь і цяпер знаць…

— Правільна гаворыш, брацішка! Усё правільна… Я па слядах сюды і прыехаў… А вось тое, што Крывы Панас наводчык — не здагадваўся.